Факт вяртання артэфакта

№ 38 (1112) 21.09.2013 - 27.09.2013 г

Сенсацыйны ракурс пасяджэння Савета
Пад час нядаўняга, чацвёртага па ліку, пасяджэння Кансультатыўнага савета па справах беларусаў замежжа, на якім, сярод іншага, абмяркоўваліся магчымасці нашых суайчыннікаў па прасоўванні інтарэсаў Рэспублікі Беларусь за мяжой, адбылося вяртанне ўнікальных дакументаў часоў Вялікага Княства Літоўскага.

Карэспандэнт “К” скарыстаўся магчымасцю пагутарыць з ініцыятарам праекта, кіраўніком Федэральнай нацыянальна-культурнай аўтаноміі “Беларусы Расіі” Валерыем КАЗАКОВЫМ.

/i/content/pi/cult/446/9301/1-1.jpeg

— Наколькі каштоўныя артэфакты вернуты нашай краіне?

— Гэта старажытныя пісьмовыя акты, якія прымаліся Вярхоўным трыбуналам на тэрыторыі Вялікага Княства Літоўскага ў другой палове XVII стагоддзя. Вернутыя артэфакты — грамадзянскія прысуды. Гэта тыя дакументы, якія паказваюць, што ў той час на нашых беларускіх землях існавала грунтоўная юрыдычная практыка. У прыватнасці, тое або іншае рашэнне суда выносілася згодна са Статутам Вялікага Княства. Дакумент каштоўны і тым, што напісаны на старабеларускай мове лацінкай, але пры гэтым, што цікава, подпіс быў зроблены нашым шляхцічам кірыліцай.

— Вяртанне старадаўніх актаў — ініцыятыва менавіта Федэральнай нацыянальна-культурнай аўтаноміі “Беларусы Расіі”?

— Так. Я і мае калегі неаднаразова задумваліся наконт таго, што многія з такіх дакументальных крыніц сёння раскіданы па свеце. У тым ліку багата іх у прыватных калекцыях на тэрыторыі Расіі. Наша арганізацыя імкнецца выявіць такія дакументы, выкупіць ды перадаць іх беларускаму боку.

Пры гэтым пры перадачы беларускаму боку часам “усплывае” шмат цікавых фактаў. Да прыкладу, летась мы ўручылі Музею гісторыі горада Магілёва экзэмпляр Статута Вялікага Княства, выдадзены на польскай мове ў Вільні. Так, у ратушы адбылася сустрэча каштоўнага дакумента з нашчадкам аднаго з ягоных старадаўніх першапачатковых уладальнікаў. Цікава, што ім аказаўся беларускі парламентарый Ігар Марзалюк…

— Ці можам мы чакаць у будучым сустрэчы з каштоўнымі гістарычнымі артэфактамі на Бацькаўшчыне?

— Безумоўна! Спадзяюся, у нас атрымаецца арганізаваць у Нясвіжскім палацы выстаўку падарункаў нашых вяльможаў маскоўскім князям з фондаў Дзяржаўнага гістарычнага музея Расіі. Падобнага праекта яшчэ ніколі не было. Упэўнены, што гэта дасць штуршок у выяўленні страчаных беларускіх каштоўнасцей. Акрамя таго, мы плануем прывезці з Расіі хаця б на некаторы час арыгінал Друцкага Евангелля — рукапісны помнік ХІІ — ХІІІ ст., які будзе экспанавацца на Магілёўшчыне, а таксама ў Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі.

— Было б цудоўна зрабіць яго факсімільнае выданне…

— Сапраўды, зараз разглядаецца такі варыянт і, магчыма, неўзабаве ў Беларусь вернецца страчаны некалькі стагоддзяў таму ўнікальны артэфакт нашай гісторыі.

— Пад час першага пасяджэння Кансультатыўнага савета вы казалі пра магчымасць стварэння ў Маскве беларускага інстытута. Наколькі актуальныя гэтыя словы сёння?

— Ад гэтай ідэі мы не адмовіліся, але, тым не менш, з-за пэўных прычын пакуль адтэрмінавалі вырашэнне гэтага пытання на перспектыву. Магу сказаць, што ўжо распрацавана канцэпцыя ўстановы. Гэта будзе своеасаблівы даследчы цэнтр…

Фота аўтара

Аўтар: Канстанцін АНТАНОВІЧ
рэдактар аддзела газеты "Культура"