Выстаўка карцін Віталя Цвіркі, якая адкрылася 29 жніўня ў Палацы мастацтва, — эпілог да святкавання юбілею маэстра. А пачалося яно яшчэ на пачатку года — з IV Міжнароднага фестывалю пейзажа ў гонар В.К. Цвіркі ў галерэях “Ракурс” і “Лабірынт” Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі, дзе побач з жывапісам ды акварэллю былі прадстаўлены графіка ды фота сучасных майстроў. Потым цягам амаль трох месяцаў у Нацыянальным мастацкім музеі з вялікім поспехам экспанавалася выстаўка работ мастака пад назвай “Дыханне Сусвету”. Там жа, у НММ, 14 лютага, у дзень нараджэння Майстра, адбылося памятнае гашэнне паштовых канвертаў, прысвечаных юбілею, а вучні Мінскай мастацкай школы №1 імя Цвіркі прадставілі калажы па сюжэтах твораў жывапісца. Адбылася таксама і прэзентацыя кнігі-манаграфіі “Віталь Цвірка” з серыі “Знакамітыя мастакі з Беларусі” выдавецтва “Беларусь”. Акрамя таго, выстаўка адной карціны — “Пейзаж” — прайшла ў гомельскім палацы Румянцавых-Паскевічаў. Да юбілею быў створаны і дакументальны фільм пра жыццё ды творчасць Віталя Канстанцінавіча (сцэнарый — Л.Крушынскай, рэжысёр — С.Агеенка).
В.Цвірка. "Ружовы вечар".
У экспазіцыі ж Палаца мастацтва прадстаўлена больш за 50 работ В.Цвіркі, галоўным чынам — з фондаў Саюза мастакоў і сям’і жывапісца. Ёсць карціны і малавядомыя. Які раз хачу сказаць: гэта быў унікальны Майстар, тонкі і тэмпераментны, чалавек неспакойнай думкі і моцнага пачуцця, які па праве заняў выдатнае месца ў сучасным пейзажным ліра-эпічным жывапісе як сапраўдны пясняр зямлі беларускай. Мне пашанцавала: я добра ведаў Віталя Канстанцінавіча, шмат разоў сустракаўся з ім не толькі па творчых пытаннях, але і ў сямейна-бытавой прасторы…
Вось іду я па выстаўцы, узіраюся ў ягоныя карціны — і сэрца сціскаецца ад успамінаў тых ужо далёкіх дзён, калі я некалькі разоў разам з Цвіркам бываў на пленэрах у Вязынцы і Раўбічах, дзе назіраў, як маэстра працаваў... І не мог пазбавіцца адчування, што на маіх вачах тварыўся цуд: жывапісец узнаўляў складаныя контуры ландшафту, яго зменлівыя фарбы з такой свабодай ды лёгкасцю, што спачатку здавалася, быццам пейзаж не пісаўся, а праступаў на палатне пад ударамі пэндзля. Але чым далей, тым больш пачынаў разумець, якая цяжкая гэтая вонкавая лёгкасць, як далёка мастак ад паўтору натуры. Ён гутарыў з прыродай, давяраючы ёй свае думы і хваляванні. І прырода ішла яму насустрач. Гэта і складала тэму палатна, жывую душу яго…
Віталь Цвірка як мастак еўрапейскага маштабу, лічу, для Беларусі — тое, што для Арменіі — Сар’ян ці для Расіі — Левітан, бо знайшоў на нацыянальнай аснове сваё філософскае бачанне, сваю пластычную мелодыку, вострасучасную мастакоўскую інтанацыю. І можа, калі-небудзь ажыццявіцца мая мара: прайсці ў Мінску па вуліцы імя Віталя Цвіркі, зазірнуць на гадзінку ў Палац мастацтва імя Віталя Цвіркі, пакласці букет кветак да помніка яму ў нашым горадзе або дзесьці ў Гомелі ці ў Буда-Кашалёве, на яго радзіме… Я ўжо не кажу пра тое, што вельмі хацеў бы бачыць у нашай сталіцы Карцінную галерэю Віталя Канстанцінавіча. Ён гэта заслужыў, можа, як ніхто іншы. Бо юбілей юбілеем — і потым, у “неюбілейныя” гады, многае, на жаль, забываецца, ператвараючыся ў нейкі міраж...