“Жалейка” ў трывізары

№ 35 (1109) 31.08.2013 - 07.09.2013 г

Парашут для турыста, або Эксперымент атрымаўся!

Ці можа літаратурны музей быць не проста запатрабаваным, але і сучасным ва ўсіх сэнсах гэтага слова? Дзяржаўны літаратурны музей Янкі Купалы сваёй новай экспазіцыяй станоўча адказаў на гэтае, для многіх рытарычнае, пытанне. Стваральнікі новай экспазіцыі музея імкнуліся на якасна новым узроўні прадставіць творчасць Песняра ў лёсавызначальныя для Беларусі 1920-я гады, паказаць драматургічную спадчыну класіка, адлюстраваць жыццё паэта ў Мінску з 1919-га па 1941 год.

/i/content/pi/cult/443/9225/13-1.jpeg

Пра ўсё — па парадку

Мінская тэма ў жыцці Купалы перададзена праз вобраз дома пад таполяй. Купала паўстае як гаспадар утульнага дома, у якім былі рады гасцям. Вядома, што Пясняр на сваім падворку вырошчваў ружы, культываваў некалькі гатункаў соі. У новай экспазіцыі выстаўлена больш мемарыяльных прадметаў, у тым ліку асабістыя рэчы Івана Дамінікавіча.

У зале, прысвечанай 1920-м, створана інтэрактыўная зона паводле верша “Хлопчык і лётчык”. І яна насычана не проста мультымедыйнымі ноу-хау, а “жывымі” экспанатамі кшталту армейскага парашута. Паводле задумы, наведвальнік можа прымерыць на сябе парашут, а дзякуючы шкляной падлозе — убачыць зямлю з вышыні палёту.

Мультымедыя — хапае!

У той жа інтэрактыўнай зоне размешчана лічбавая панэль. Праз яе наведвальнікам будзе прапаноўвацца паўдзельнічаць у віктарыне, так званым паэтычным караоке.

3D-тэхналогіі рэалізаваны з дапамогай яшчэ аднаго ноу-хау — трывізара. Ён дазваляе стварыць камбінацыю рэальнага аб’екта ды аб’ёмнага малюнка і такім чынам затрымлівае ўвагу наведвальніка музея. У прыватнасці, у 3D-фармаце можна пабачыць некаторыя музейныя прадметы, у тым ліку скульптуры Купалы, яго прыжыццёвыя выданні, словам, самыя каштоўныя рэчы, якія засталіся з той ці іншай прычыны ў фондах.

Яшчэ адна “фішка” музея: тэатральная зала. Выкарыстоўваючы яе, у музеі можна праводзіць камерныя імпрэзы, а акрамя таго, на экране — глядзець запісы спектакляў паводле твораў Песняра.

Нават звычайная тумба для афіш у музеі — незвычайная. Так, акрамя афіш са спектакляў Купалы, праз убудаваны сэнсарны экран можна паглядзець архіўныя фотаздымкі і нават некаторыя спектаклі. Больш за тое: цяпер навуковыя супрацоўнікі пад час правядзення экскурсій будуць карыстацца смартфонамі.

Такой прысутнасці мультымедыйных тэхналогій і прыёмаў, якія цяпер выкарыстоўваюцца ў Літаратурным музеі Янкі Купалы, айчынныя ўстановы культуры, перакананы, яшчэ не бачылі. Новая экспазіцыя музея нават у параўнанні з літаратурнымі музеямі блізкага замежжа глядзіцца вельмі незвычайна.

/i/content/pi/cult/443/9225/13-2.jpeg

 

Наш карэспандэнт разам з Аленай Ляшковіч пратэсціраваў інфакіёск для атрымання фотадыплома наведвальніка.

Па словах дырэктара музея Алены Ляшковіч, гэта быў вельмі цікавы эксперымент. Як паказвае запатрабаванасць і зацікаўленасць з боку турыстаў да першай экспазіцыйнай чаргі, ён атрымаўся ўдалым. Відавочна, вельмі плённа папрацаваў на поспех музейнай канцэпцыі і мастак Аляксандр Далідовіч, выпускнік Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў. Нягледзячы на тое, што гэта яго другая работа, Аляксандр змог выдатна раскрыць задумкі аўтараў канцэпцыі, у тым ліку мастацкі вобраз тэмы шляху.


Купалаўскі мэйнстрым

Часам, аглядаючы калекцыю пэўнага музея, не можаш пазбавіцца адчування дэжавю. Яно і не дзіва: пры стварэнні экспазіцыі актыўна пазычаюць новыя тэхналогіі і прыёмы ў сваіх калег. Ці выкарыстоўваўся замежны досвед пад час “абнаўлення” Музея Янкі Купалы?

Як аказалася, пэўнае падабенства (па словах Алены Ляшковіч — выпадковае) з Музеем Аўгуста Стрынберга можна будзе адчуць у экспазіцыі трэцяй — апошняй — чаргі музея, якую павінны адкрыць да канца бягучага года. Да прыкладу, у кабінеце пісьменніка загучыць голас Купалы. У гасцёўні пад час аповеду пра вандроўку Песняра ў Чэхію з грамафона мае граць музыка з пласцінак, прывезеных пісьменнікам. Гукі франтавой Масквы будуць суправаджаць тэкст экскурсавода пра апошняе падарожжа Купалы з Ляўкоў у эвакуацыю. Цікава, што гучанне будзе вузканакіраваным: наведвальнікі суседніх пакояў гукаў пачуць не змогуць.

А вось у фінскіх калег, як прызналася Алена Раманаўна, адну ідэю ўсё ж пазычылі. Так, усе наведвальнікі будуць разам з уваходным білетам атрымліваць наклейкі з выявай Янкі Купалы.

 

Інфакіёск з функцыяй фатографа

Што можна ўзяць на ўзбраенне раённым музеям? Па словах Алены Ляшковіч, айчынным музеям не трэба баяцца змяняцца: “Мы доўга вагаліся, баяліся, што ўсе ноу-хау не прыжывуцца. Нашы страхі аказаліся дарэмнымі: музейная мультымедыйная інтэрактыўнасць вельмі падабаецца. Мы адсочваем водгукі адносна нашага музея на разнастайных сайтах. Шмат моладзі ідзе ў музей, а пасля — актыўна абмяркоўвае ўбачанае”.

/i/content/pi/cult/443/9225/1-2.jpeg

Алена Раманаўна мяркуе, што, нягледзячы на фінансавыя абмежаванні, ці не кожны раённы музей можа сабе дазволіць універсальны інфакіёск, падобна да таго, які знаходзіцца на першым паверсе Купалаўскага музея. Дзякуючы яму можна даведацца і пра гісторыю стварэння музея, і пра яго філіялы (па якіх можна здзейсніць віртуальную экскурсію), і нават маршрут з QR-кодам. Найбольш запатрабаваная яшчэ адна функцыя інфакіёска — дыплом наведвальніка. Кожны ахвотны можа сфатаграфавацца і літаральна праз пару хвілін атрымаць адметны дакумент. Усё гэта абышлося Музею Янкі Купалы ў 52 мільёны разам з праграмным забеспячэннем. Думаецца, з цягам часу такое ўкладанне грошай абавязкова акупіцца.

З разлікам на замежнага турыста

Усе анатацыі і этыкетаж у  музеі — на беларускай і англійскай мовах. Тым не менш, ніякіх нараканняў ад тых жа расійскіх турыстаў, якіх апошнім часам стала вельмі шмат, не было. Наадварот, часта звяртаюцца з просьбай правесці экскурсію на беларускай мове.

А вось у інфакіёску ёсць і беларуская, і руская, і англійская мовы. Як адзначыла Алена Ляшковіч, пасля поўнага завяршэння работ па стварэнні экспазіцыі на парадку дня будзе выкарыстанне ў музейнай прасторы сістэмы QR-кодаў, якія дазволяць на розных мовах атрымаць інфармацыю пра той або іншы прадмет, скарыстацца паслугай аўдыягіда.

Чакаецца праца і па змяненні экспазіцый у філіялах музея. Плануецца, што кожны з іх будзе распавядаць пра сваю адметную старонку з жыцця і творчасці Купалы.

Фота аўтара

Аўтар: Канстанцін АНТАНОВІЧ
рэдактар аддзела газеты "Культура"