Пяць дзён славістыкі ў Мінску

№ 35 (1109) 31.08.2013 - 07.09.2013 г

Усяго некалькі дзён таму Мінск з’яўляўся навуковым цэнтрам славістыкі. Вядучыя спецыялісты ў рамках XV З’езда славістаў паўдзельнічалі ў семінарах, “круглых сталах” ды сустрэчах. Знайшлі навукоўцы час і падзяліцца з карэспандэнтам “К” сваімі думкамі, што з’явіліся пад час З’езда, а таксама ацэнкай узроўню даследаванняў беларускай мовы, літаратуры і славістыкі ў цэлым.

Аляксандр КРАВЕЦКІ, кіраўнік навуковага цэнтра па вывучэнні царкоўнаславянскай мовы Інстытута рускай мовы імя Вінаградава Расійскай акадэміі навук:

— Міжнародныя з’езды славістаў гістарычна з’явіліся як спосаб усведамлення адзінства славянскіх народаў, агульнасці моў і культур. Таксама гэта ўсведамленне таго, чым мы падобныя і не падобныя. Для такой пазіцыі трэба вырашыць вялікую колькасць тэхнічных пытанняў, у тым ліку — праводзіць аналіз адрозненняў і падабенстваў славянскіх моў. Вельмі радуе, што ў навучальных і навуковых установах Еўропы сёння актыўна вывучаюцца дыялектныя асаблівасці нашых моў, шляхі міграцыі народаў…

Дзітрых Шолта-Шольцэ, член Міжнароднага камітэта славістаў, дырэктар Цэнтра славянскай культуры, Германія:

— У Берлінскім Інстытуце літаратуразнаўства пазнаёміўся з творчасцю ўсходнееўрапейскіх пісьменнікаў, у тым ліку беларускіх. На жаль, сёння не так часта выходзяць з друку на нямецкай мове творы славянскіх літаратараў. Усё залежыць ад фінансавых сродкаў: выдаецца тое, што прыносіць прыбытак. У Германіі, няхай і не шырокаму колу чытачоў, вядомы імёны Максіма Танка, Васіля Быкава. Іх кнігі можна знайсці ў лепшых нямецкіх бібліятэках. Цікавасць у Германіі да славянскай культуры цягам апошніх дваццаці гадоў толькі расце. У многіх універсітэтах вучацца студэнты-славісты. Людзі часцей падарожнічаюць па Усходняй Еўропе, наведваюць пераважна Польшчу, Славакію і Чэхію. Спадзяюся, што ў бліжэйшы час і ў Беларусі вырасце колькасць нямецкіх турыстаў…

Пётр БУНЯК, старшыня Славістычнага таварыства Сербіі:

— Ва Усходняй Еўропе сёння склалася тэндэнцыя шырокага выкарыстання англійскай мовы. Многія мяркуюць, што іншыя вучыць не патрэбна. Вядома, гэтую мову ведаць трэба, але, разам з тым, вельмі добра ведаць і славянскія мовы, таму што па-англійску не адлюструеш усе адметнасці нашых супольных традыцый. Але яшчэ больш дзіўна было назіраць, што беларусы вельмі мала карыстаюцца сваёй прыгожай і адметнай мовай. Хацелася б спадзявацца, што гэтая сітуацыя неўзабаве выправіцца…

Алена КАНІЦКАЯ, дырэктар Рускага культурнага цэнтра ў Літве:

— Акрамя навуковых сустрэч, якімі былі насычаны дні З’езда, вельмі спадабаліся надзвычай карысныя для мяне экскурсіі па Беларусі, якія дазволілі бліжэй пазнаёміцца з вашай культурай. Яшчэ раз пераканалася, што менавіта культура і гуманістыка ствараюць падмурак любой дзяржавы…

Мілан ГУРЧЫНАЎ, акадэмік Македонскай акадэміі навук і мастацтваў:

— Яшчэ летась у складзе Міжнароднага камітэта славістаў атрымалася наведаць Беларусь і пазнаёміцца з вашымі літаратуразнаўцамі. Яны заразілі мяне адной ідэяй, якую я агучыў у сваім дакладзе, прысвечаным параўнанню беларускай і македонскай літаратур ХХ стагоддзя. Я зрабіў выснову, што ў такіх славянскіх народаў, як нашы, шмат агульных рыс. Пад час З’езда яшчэ раз пераканаўся: у славянскіх народаў — багатыя традыцыі, пра якія, на жаль, мала ведаюць. Задаволены, што атрымалася пазнаёміцца з культурай беларусаў…

Аўтар: Канстанцін АНТАНОВІЧ
рэдактар аддзела газеты "Культура"