Свята славістыкі

№ 34 (1108) 24.08.2013 - 30.08.2013 г

Прадстаўнічы міжнародны форум гэтымі днямі праходзіць у беларускай сталіцы: наша краіна ўпершыню ў гісторыі атрымала права прыняць у сябе Міжнародны з’езд славістаў, які праводзіцца раз на пяць гадоў.

Удзельнікам і гасцям XV Міжнароднага з’езда славістаў

Дарагія сябры!

Шчыра вітаю вас на беларускай зямлі і віншую з пачаткам працы XV Міжнароднага з’езда славістаў.

Славянскі свет — наша агульная духоўная Айчына, якая аб’ядноўвае мільёны людзей. На вучоных-славістаў ускладзена пачэсная місія: берагчы і прымнажаць скарбы мудрасці і культуры, садзейнічаць распаўсюджванню ведаў пра славянскія народы. Вы з гонарам выконваеце яе і падтрымліваеце агонь, які запалілі першаасветнікі — святыя Кірыл і Мяфодзій.

Сімвалічна, што месцам правядзення юбілейнага форуму абрана Беларусь — сэрца славянскай цывілізацыі, — якая ўносіць важкі ўклад у захаванне яе каштоўнасцей і ідэалаў. Беларусы берагуць гэтую спадчыну і заўсёды памятаюць аб тым, што толькі разуменне ўнікальнасці кожнай нацыі і яе духоўных здабыткаў не дасць братам-славянам страціць сябе ў глабалізаваным свеце.

Упэўнены, што гэты з’езд дапаможа ўсім нам лепш зразумець ролю славянства ў цывілізацыйным працэсе, аб’яднаць намаганні ў вывучэнні і папулярызацыі гісторыі, моў і культур нашых народаў.

Жадаю вам плённай працы, цікавых дыскусій і абмеркаванняў, моцнага здароўя і невычэрпных сіл дзеля служэння высакароднай справе славянскага адзінства.

Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь Аляксандр ЛУКАШЭНКА

 

***

Як адзначыў у прывітальным слове да ўдзельнікаў знакавай падзеі Прэзідэнт нашай краіны, сімвалічна, што месцам правядзення юбілейнага форуму абрана Беларусь — “сэрца” славянскай цывілізацыі, — якая ўносіць важкі ўклад у захаванне яе каштоўнасцей і ідэалаў. Кіраўнік дзяржавы ўпэўнены, што гэты З’езд дапаможа лепш зразумець ролю славянства ў цывілізацыйным працэсе, аб’яднаць намаганні ў вывучэнні ды папулярызацыі гісторыі, моў і культур нашых народаў.

Па словах міністра культуры нашай краіны Барыса Святлова, беларусам ёсць чым ганарыцца, ёсць што паказаць свету са здабыткаў славянскай культуры. У прыватнасці, на думку міністра, шматвяковыя традыцыі пісьменства і асветы з’яўляюцца тымі складнікамі, якія даюць нам падставу быць роўнымі з усімі славянскімі народамі. Барыс Святлоў выказаў упэўненасць, што супрацоўніцтва вучоных-славістаў з розных краін з’яўляецца вельмі перспектыўным і будзе, несумненна, садзейнічаць міжкультурнаму дыялогу.

У рабоце З’езда прымаюць удзел больш за 600 навукоўцаў з 35 краін, у тым ліку з Аўстрыі, Аўстраліі, Бельгіі, Беларусі, Балгарыі, Германіі, Ізраіля, Італіі, Іспаніі, Канады, Літвы, Расіі, Францыі, Швейцарыі, Японіі ды іншых. Цягам пяці дзён (закрыццё З’езда запланавана на 26 жніўня) адбываюцца пленарныя і секцыйныя даклады, “круглыя сталы”, пасяджэнні спецыяльных камісій, акрэдытаваных пры Міжнародным камітэце славістаў.

Акрамя таго, у рамках З’езда ў сталічным Лінгвістычным універсітэце адкрылася тэматычная выстаўка літаратуры, выдадзенай за апошнія пяць гадоў у розных краінах свету. На ёй можна ўбачыць спецыялізаваную літаратуру для вузкага кола прафесіяналаў (напрыклад, выданні па славістыцы на італьянскай мове) і кнігі для больш шырокай аўдыторыі, у ліку якіх — слоўнікі, працы па літаратуразнаўстве.

Сярод іншага, беларускую аўдыторыю маюць зацікавіць выданні, у якіх прадстаўлены даследаванні дыялектаў беларускай мовы ў краінах-суседках. Усе гэтыя кнігі з больш чым 20 краін будуць перададзены ў дар Цэнтральнай навуковай бібліятэцы імя Якуба Коласа Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі.

Аўтар: Канстанцін АНТАНОВІЧ
рэдактар аддзела газеты "Культура"