Герб апошняга з Рэйтэнаў

№ 34 (1108) 24.08.2013 - 30.08.2013 г

Лёс капліцы на Ляхавіччыне, збудаванай па тэстаменце шляхціча

(Заканчэнне. Пачатак у № 33.)

 

21 мая 1928 года

У гэты дзень з самага ранку блізу капліцы пачалі збірацца жыхары грушаўскіх ваколіц, школьнікі з Ляхавіч і Баранавіч, дэпутацыі ад розных устаноў, у тым ліку — ад ляхавіцкай пажарнай дружыны. Чакаліся і высокія дзяржаўцы, але прыехалі толькі навагрудскі ваявода Бячковіч, стараста Кульвец і сенатар Рдултоўскі (з Чэрніхова), сваяк Рэйтэнаў. Тое, што не прыехалі саноўнікі больш высокага рангу, якіх Грабоўскі запрашаў на ўрачыстасці, трохі сапсавала настрой арганізатару свята.

/i/content/pi/cult/442/9205/14-1.jpeg

Капліца Рэйтэнаў у Грушаўцы сёння.

Пасля асвячэння капліцы, мармуровых пліт Тадэвуша Рэйтэна, Юзафа, ягонай сястры Марыі Грабоўскай (памерла ў 1925 г.), бацькоў Юзафа — Стэфана і Марыі (з Несялоўскіх), а таксама Дамініка Рэйтэна, ягонага дзеда, адбылася імша, якую правіў усё той жа сябра роду, але пасівелы ўжо ксёндз Кяневіч. Пасля выступілі з прамовамі прадстаўнікі дэлегацый. Прысутныя былі вельмі моцна ўражаны выглядам капліцы, самім момантам, надвор’ем, якое нібыта спрыяла ўшанаванню памяці Тадэвуша Рэйтэна.

Ёсць адна загадка, якая, відаць, не мае адгадкі. Чаму на пліце Тадэвуша Рэйтэна дата нараджэння — 20 жніўня 1752 года? Аднак яна супярэчыць агульнапрынятай: 20 жніўня 1742 года. Чаму напісана, што месца спачыну ягонага цела невядомае? Няўжо Рэйтэны, якія так шанавалі памяць продка, што нават у 1860-х замовілі з замежжа помнік у ягоны гонар, не ведалі ні тое, дзе знаходзіцца магіла, ні тое, калі ён нарадзіўся?

Ды і ніводная з дат не з’яўляецца дакладнай.

 

Сенсацыя?

У 1930-м, у 150-ю гадавіну смерці Тадэвуша Рэйтэна (8 жніўня 1780 г.), наш край абляцела вестка: Генрык Грабоўскі і “Камітэт росшуку астанкаў Тадэвуша Рэйтэна”, які перад гэтым безвынікова даследаваў усю Ляхавіччыну, вырашылі пашукаць у Грушаўцы. Мясцовыя жыхары адразу паказалі на месца, што мела назву “пад грабам” (там рос стары высачэзны граб). Раскопкі, якія прайшлі ў прысутнасці ўлад і знакамітага фатографа — Яна Булгака, далі вынік: была знойдзена абмураваная цэглай труна (ужо спарахнелая), дзе ляжаў няпоўны касцяк, некалькі цвікоў ды кавалак бляхі. Магіла гэтая была вядома мясцовым жыхарам яшчэ ў 1870 — 1880 гг. Відаць, тады, а можа, і раней (ці пазней), яна была ўшчэнт абрабавана. Верагодна, на гэтым месцы раней стаяла капліца, на што паказвае алея, якая вяла сюды ад сядзібы, а таксама адзін з планаў.

Астанкі гэтыя ў прысутнасці службоўцаў ізноў даследаваў у Грушаўцы вядомы польскі антраполаг Казімір Сталыхва. Вынікі мелі нечаканы характар. Зубы нябожчыка належалі чалавеку гадоў на дзесяць старэйшаму за Тадэвуша. Больш за тое: знойдзены касцяк быў каля 160 см. Паводле ж захаваных апісанняў Тадэвуша Рэйтэна, апошні быў велізарнага росту. Цяжка сабе ўявіць, што быць “велізарным”, нават у ХVIII стагоддзі, значыла мець рост менш за 160 см. Тым не менш, Казімір Сталыхва зрабіў выснову, што рэшткі маглі належаць і Рэйтэну. Такім чынам, пытанне, дзе знайшоў свой спачын наш герой, да гэтай пары застаецца адкрытым.

 

Апошні раздзел

З таго часу і аж да нядаўняга капліца стаяла непарушаная нікім. Немцы, якія размясцілі ў Грушаўскай сядзібе шпіталь для ваенных лётчыкаў, ні сядзібы, ні капліцы не кранулі. Партызаны таксама яе не палілі, выбіваючы ворага…

/i/content/pi/cult/442/9205/14-2.jpeg

Магчыма, у гэтых вокнах капліцы некалі размяшчаліся вітражы.

Генрык Грабоўскі вырашыў не бегчы на Захад з радзімы. У 1939 годзе, непадалёк ад Грушаўкі, ён быў забіты бандай невядомых… Старэнькая Аліна Рэйтэн, якую Грабоўскі ўсё ж такі яшчэ пры яе жыцці высяліў на нейкі хутар (а яна, па тэстаменце, валодала Грушаўкай да сваёй смерці), была ў 1940-м выслана цягніком у Казахстан ці Сібір і ўжо ніколі больш не вярнулася на Бацькаўшчыну. Сына Генрыка Грабоўскага, на каго перапісана сядзіба, забілі немцы ў 1944-м…

А капліца стаяла… Пакуль нехта не вырашыў здзерці з яе прыгожую чырвоную дахоўку. Узнёслая вежка па-варварску была сарвана пры дапамозе цяжкай тэхнікі, пра што сведчыць праламаная бетонная агароджа. Хто ды нашто даў загад, хто і навошта гэта зрабіў — на жаль, гісторыя пра тое маўчыць.

Пашанцавала звону, які калісьці вісеў на вежцы: яго пад час нямецкай акупацыі схаваў грушаўскі жыхар. І толькі ў часы незалежнай Беларусі ён перадаў яго ляхавіцкаму касцёлу.

Зніклі (праўда, невядома, калі) мармуровыя пліты з імёнамі і выявамі Рэйтэнаў ды іх сваякоў. Труны з нябожчыкамі былі абрабаваны марадзёрамі недзе ў 1970-я. Захаваліся сведчанні, што косткі з разбітых трун валяліся ў лесе ля капліцы, пакуль добрыя людзі з ваколіц Грушаўкі, якія памяталі Рэйтэнаў, не сабралі астанкі і не перапахавалі ў капліцы…

 

Загадкавая алея

Кожны, хто прыязджае, а можа, і мясцовы жыхар, звяртае ўвагу на знакамітую і ўнікальную для Беларусі алею з лістоўніц. Вядзе яна ад брамы каплічнай агароджы проста ў нікуды. Прайдзіцеся па ёй, падумайце над тым, што хацелі сказаць яе невядомыя нам стваральнікі…

Фота Сяргея ТРАФІЛАВА

Аўтар: Зміцер ЮРКЕВІЧ
калумніст газеты "Культура", арт-куратар