Анімацыйная прэм’ера

№ 33 (1107) 17.08.2013 - 23.08.2013 г

Восем паштовых марак з выявамі герояў айчыннай анімацыі рыхтуюцца да выпуску ў выдавецкім цэнтры “Марка” Рэспубліканскага ўнітарнага прадпрыемства “Белпошта”. Выпуск адпаведнага блока філатэлістычнай прадукцыі стаў плёнам супрацоўніцтва кампаніі і Нацыянальнай кінастудыі “Беларусьфільм”.

Як паведаміў карэспандэнту “К” дырэктар студыі анімацыйных фільмаў кінастудыі “Беларусьфільм” Ігар Галіноўскі, у серыі было вырашана скарыстаць фрагменты стужак дзіцячай тэматыкі. Для філатэлістычнай адаптацыі абраны персанажы фільмаў Аляксандра Ленкіна — “Рыбка па імені Нельга”, “Прыгоды рэактыўнага парасяці”, Ігара Волчака — “Прыгоды Несцеркі”, Таццяны Жыткоўскай — “Пра дзяўчынку Жэню”, Алены Пяткевіч — “Беласнежка і Пунсацвецік”, Уладзіміра Пяткевіча — “Воўк і Баран”, Таццяны Кубліцкай — “Піліпка” і “Сараканожка”.

/i/content/pi/cult/441/9168/2-3.jpeg /i/content/pi/cult/441/9168/2-4.jpeg /i/content/pi/cult/441/9168/2-5.jpeg

— Праца над гэтым блокам марак запомнілася, — адзначае дызайнер выдавецкага цэнтра “Марка” Кацярына Прыёмка. — Было вельмі цікава працаваць з падобным матэрыялам, і ў выніку атрымаліся яскравыя ды маляўнічыя работы…

Да серыі з васьмі марак далучыцца канверт першага дня, які прэзентуюць у дзень гашэння марак. Адбудзецца анімацыйная паштовая прэм’ера, па словах спецыяліста, напрыканцы восені — у лістападзе.

Праект з выдавецкім цэнтрам “Марка”, падкрэсліў Ігар Галіноўскі, прымеркаваны да 40-годдзя беларускай анімацыі, якое кінастудыя адзначала летась. Зараз на “Беларусьфільме” завяршаецца рэмастэрынг “піянераў” айчыннага анімацыйнага кіно — стужак Уладзіміра Голікава “Няўдачнік” ды “Два погляды на адно і тое ж” (абедзве — 1972-га года), якія ў хуткім часе будуць паказаны ў рамках маштабнага праекта “Беларуская мультпанарама. 40 гадоў на экране ў Музеі гісторыі беларускага кіно”. Гэтыя паказы, адзначае дырэктар студыі анімацыйных фільмаў, можна будзе лічыць прэм’ернымі.

Аўтар: Дар’я АМЯЛЬКОВІЧ
аглядальнік газеты "Культура"