“Спораўскія сенакосы”: 50 метраў за 3 хвіліны?

№ 31 (1105) 03.08.2013 - 09.08.2013 г

Сёння ў Рэспубліканскім біялагічным заказніку “Спораўскі” Здзітаўскага сельсавета Бярозаўскага раёна Брэсцкай вобласці распачаўся VII Нацыянальны чэмпіянат па ручной касьбе нізінных балот “Спораўскія сенакосы”.

Гэтае мерапрыемства — адзін з тых узорных прыкладаў, калі добрая ідэя працуе на вырашэнне далёка не адной праблемы. “Проста, мы бачылі, што нізінныя балоты не адзін год маюць вялікую патрэбу ў пакосе, вось і прыйшла ідэя заснаваць чэпіянат”, — шчыра распавядае дырэктар біязаказніка ды фундатар чэмпіянату Вадзім Пратасевіч пра перадумовы ўзнікнення ўнікальнай “спораўскай” касьбы.

/i/content/pi/cult/438/9116/2-1.jpeg

Вось, здаецца, і ўся “хімія”. Але ў выніку — балоты пакошаны, з’явілася — свята, падзея, што вызначыла лепшых, аднавіла традыцыю ды нават больш: уся Еўропа, лічы, даведалася пра беларускіх касцоў, якія сталі першымі на адпаведным чэмпіянаце кантынента.

“Зараз ужо палякі і чэхі старанна рыхтуюцца, бо мінулым разам іх вельмі разахвоцілі перамогі нашых касцоў”, — кажа Вадзім Мікалаевіч, пацвярджаючы тым самым захаванне пэўных традыцый касьбы ў нашых рэгіёнах. “Ёсць, сапраўды ёсць выдатныя майстры, якія ўражваюць сваёй спрытнасцю і сілай, — прызнаецца ён. — І дзеля гэтага таксама варта было ладзіць дадзены чэмпіянат”.

Сёння на ўдзел у “Спораўскіх сенакосах” падалі заяўкі 17 каманд з трох абласцей: у асноўным, каманды — з Брэсцкага рэгіёна, але ёсць і ўдзельнікі з Мінска. “Па шчырасці, такой колькасці нам і дастаткова, — дадае Вадзім Пратасевіч. — Бачна, што папулярнасць чэмпіянату расце, і, магчыма, у наступным годзе давядзецца пашыраць плошчы для рэкордаў”.

Што да апошніх, то для таго, каб стаць пераможцам у камандным заліку, дуэту касцоў неабходна спрытней і лепш за ўсіх пракасіць паласу шырынёй у тры і даўжынёй у сто метраў. Па выніках каманднага першынства лепшыя касцы стартуюць на 50-метровай дыстанцыі ў асабістым заліку. Для даведкі: пераможца леташняга спаборніцтва Віктар Ждановіч “прайшоў” тыя 50 метраў за 2 хвіліны 49 секунд. Цікава, якім будзе рэкорд-2013?

Яшчэ раз дзіўлюся прастаце (ды геніяльнасці) ідэі мерапрыемства ў “Спораўскім”: акрамя спаборніцтваў, праграма чэмпіянату прадугледжвае выступленні фальклорных калектываў, выстаўку-кірмаш, забавы для дзяцей… “Уваход — вольны, — адзначае дырэктар, — мы вітаем усіх: удзельнікаў, іх гурты падтрымкі, гледачоў… Хвалявацца, што не хопіць месца, не трэба: балоты ж — вялізныя”.

Нагадаем, каманда-пераможца Нацыянальнага чэмпіянату прыме ўдзел у VIII Чэмпіянаце Еўропы па ручной касьбе і XII Адкрытым чэмпіянаце Польшчы ў Бебжанскім нацыянальным парку, які адбудзецца 24 жніўня бягучага года.

Арганізатарамі “Спораўскіх сенакосаў” з’яўляюцца аддзел адукацыі, спорту і турызму Бярозаўскага райвыканкама, Рэспубліканскі біялагічны заказнік “Спораўскі” пры падтрымцы СПК “Міжлессе”, Бярозаўскага сыраробнага камбіната, Бярозаўскага ДПЛ будаўнікоў, Здзітаўскага сельвыканкама, Праграмы малых грантаў ГЭФ.

Аўтар: Дар’я АМЯЛЬКОВІЧ
аглядальнік газеты "Культура"