Музей беларусаў замежжа: першы крок

№ 30 (1104) 27.07.2013 - 02.08.2013 г

Новы музей можа з’явіцца ў сталіцы цягам года. Плануецца, што яго калекцыя размесціцца ў сценах Інстытута культуры Беларусі і будзе адлюстроўваць творчасць суайчыннікаў за мяжой.

Першай ластаўкай будучага музея стала выстаўка “Беларусы ў свеце”, падрыхтаваная Інстытутам культуры Беларусі сумесна з Нацыянальным гістарычным музеем і прымеркаваная да VI З’езда беларусаў свету. На ёй прэзентаваны калекцыі фотаздымкаў, твораў выяўленчага мастацтва, кніг, рукапісаў, памятных знакаў, асабістых рэчаў вядомых беларусаў з Аўстраліі, Германіі, Злучаных Штатаў Амерыкі, Літвы, Латвіі, Украіны і Расіі. Большасць з прадстаўленых прадметаў у свой час былі перададзены іх уладальнікамі — беларусамі замежжа — у дар Рэспубліканскаму навукова-асветніцкаму цэнтру імя Францыска Скарыны, а пасля яго ліквідацыі трапілі ў фонды Нацыянальнага гістарычнага музея Рэспублікі Беларусь. Акрамя таго, можна ўбачыць мастацкія работы суполкі “Маю гонар!”, якая аб’ядноўвае беларускіх мастакоў краін Балтыі, і ў прыватнасці — работы яе кіраўніка Вячкі Целеша.

Па словах доктара філалогіі, супрацоўніка Інстытута культуры Беларусі Адама Мальдзіса, Нацыянальны гістарычны музей здолеў захаваць вялікую частку калекцыі Скарынаўскага цэнтра, але, на жаль, не ўсю. Сёння вельмі важна знайсці і забраць у іншых устаноў 24 прадметы, такія, як, скажам, патэфон беларускага кампазітара, аўтара музыкі духоўнага гімна “Магутны Божа” Міколы Равенскага.

 

/i/content/pi/cult/437/9105/2-6.jpeg

Інстытут цягам некалькіх гадоў займаецца зборам інфармацыі і вывучэннем дзейнасці дыяспары за мяжой, фарміруе архіў даных аб нашых земляках, якія праслаўляюць Беларусь ды яе культуру. Дарэчы, пад музейную залу была абрана адна з лепшых аўдыторый. У будучым яна будзе выкарыстоўвацца не толькі як экспазіцыйная, але і як месца сустрэч беларусаў свету, семінараў, “круглых сталоў”.

На здымку: Адам Мальдзіс прымае гасцей у музейнай зале.

Фота аўтара

Аўтар: Канстанцін АНТАНОВІЧ
рэдактар аддзела газеты "Культура"