“Скрыжаванні…” трох краін

№ 30 (1104) 27.07.2013 - 02.08.2013 г

З 28 ліпеня па 3 жніўня ў Воранаўскім раёне пройдзе Тыдзень мастацтва.

Мерапрыемства адбудзецца ў рамках рэалізацыі сумеснага праекта “Скрыжаванні любові і мастацтва” аддзела ідэалагічнай працы, культуры і па справах моладзі Воранаўскага райвыканкама Беларусі і адміністрацыі Алітускага раёна Літвы па Праграме трансмежнага супрацоўніцтва “Латвія — Літва — Беларусь” (у рамках Еўрапейскага інструмента добрасуседства і партнёрства)”.

Як паведаміла каардынатар праекта, начальнік аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Воранаўскага райвыканкама Алена Ястрэмская, праграма Тыдня ўключае правядзенне вечароў паэзіі, пленэр мастакоў на тэрыторыі парку ХІХ стагоддзя ў аграгарадку “Бальцінікі” і ў самім Воранаве, прэзентацыю сумеснага беларуска-літоўскага спектакля “Пілігрымы кахання” рэжысёра Алмы Пурвінітэ на беларускай і літоўскай мовах.

Кожную краіну прадставяць 12 мастакоў, 5 паэтаў і 8 акцёраў — як прафесіяналаў, так і аматараў мастацтва. Як зазначае каардынатар, Алітускім і Воранаўскім раёнамі адмыслова быў зладжаны адкрыты конкурс на ўдзел у праекце — і лепшыя прадстаўнікі творчай інтэлігенцыі рэгіёнаў сталі ўдзельнікамі мерапрыемстваў.

Скразной лініяй стане агульная спадчына літоўскай і беларускай культур — творчасць і жыццёвыя пуцявіны Адама Міцкевіча: паэтычныя вечары ля знакавых мясцін, звязаных з імем паэта і яго каханай — Марылі Верашчака, сядзіба Путкамераў, “гай Марылі” і Камень кахання…

Плануецца, што лёс творчых прадуктаў, якія маюць стварыць пад час Тыдня мастацтваў, будзе доўгім: удзел новай сумеснай пастаноўкі ў тэатральных фестывалях бачыцца арганізаратарам лагічным працягам праекта, як і экспанаванне мастацкіх работ, што будуць створаны пад час пленэраў, на разнайстайных выстаўках. На забыліся раёны і на аудыя- ды відэафіксацыю паэтычных вечароў, тэатральнай пастаноўкі, пленэру, якія потым можна будзе знайсці ва ўстановах адукацыі, бібліятэках ды музеях.

У заключны вечар Тыдня — 2 жніўня — чакаецца прыезд ганаровых гасцей: нашых і замежных дыпламатаў, прадстаўнікоў Гродзенскага абласнога выканаўчага камітэта, афіцыйных дэлегацый з Алітускага і Шальчынінкайскага раёнаў Літвы, польскага горада Піша, Несцерава Калінінградскай вобласці Расіі, украінскага Ірпеня.

Бюджэт праекта складае 55 тысяч еўра, беларуская частка з якога — блізу 20 тысяч еўра, уключаючы 18 тысяч еўра са сродкаў Еўракамісіі.

Аўтар: Дар’я АМЯЛЬКОВІЧ
аглядальнік газеты "Культура"