Як адзначыў міністр культуры краіны Барыс Святлоў на вернісажы, прадметы сведчаць пра багацце і талент нашага народа, яго духоўную стойкасць. На думку міністра, гісторыю мастацтваў нельга ўявіць без хрысціянскіх сюжэтаў.
Прадметы з музейнага і царкоўнага збораў складаюць тры тэматычныя блокі праекта. Адзін з іх прысвечаны тэме хрышчэння. Яго перлінай з’яўляецца калекцыя нацельных крыжыкаў. Найбольш раннія з іх звязваюць нас з першымі хрысціянамі на тэрыторыі Беларусі. Скарбам музейнага збору з’яўляецца ікона “Хрышчэнне ў Іардане”, дзе выява змешчана ў выдзеўбаным коле. Твор, верагодна, быў напісаны ў ХVІІ ст. і належыць да ўзораў самых ранніх помнікаў іканапісу ў калекцыі Гістарычнага.
Другі блок — прадметы царкоўнага начыння. Гонарам калекцыі з’яўляецца кацея — ручное кадзіла ХІІ — ХІІІ ст.: гэта адзіны прадмет такога роду і названага часу ў зборах краіны. Трэці блок прысвечаны манастырам — культурным, адукацыйным і навуковым цэнтрам.
Акрамя прадметаў з калекцыі музея, прадстаўлены іконы з Сабора Ражджаства Божай Маці ў Глыбокім. Адметна, што цыкл ікон на сюжэты Хрыстовых пакут перад даследчыкамі іканапісу і грамадскасцю паўстане ўпершыню, а пасля выстаўкі вернецца ў храм.
Фота аўтара