Сёлета святкаванне Петрака (12 ліпеня) пачалося малебнам ля прыдарожнага крыжа. Потым прайшоў канцэрт ля сельскага Дома культуры. На лузе ля клуба расклалі вогнішча, вакол якога жанчыны вадзілі карагоды з пятроўскімі песнямі (мужчыны ў карагодах не ўдзельнічаюць). Замужнія жанчыны, прыгаворваючы пажаданні на добры ўраджай, па чарзе сыпалі ў агонь соль.
Малебен ля прыдарожнага крыжа ў Шыпілавічах.
Вельмі эмацыйны момант у абрадзе, калі дзяўчаты, якім ужо наспеў час ісці замуж, становяцца адна за адной, а замужнія жанчыны, узяўшыся за рукі, абыходзяць іх “змейкай” з пятроўскай песняй. Жанчыны застаюцца ля вогнішча, а дзяўчаты, у сваю чаргу, водзяць вакол іх карагод. Такім чынам адбываецца ўзаемнае дабраслаўленне замужніх і незамужніх жанчын.
Потым было кумленне: прысутныя скакалі праз вогнішча парамі, хлопцы — забраўшы ў дзяўчыны вянок. За пацалунак хлопцы аддавалі яго са словамі: “Ты — кума, я — кум”. Дзяўчаты адказвалі: “Ты — кум, я — кума”. Фінал — дэгустацыя юшкі (апостал Пётр быў рыбаком).
У Шыпілавічах сёлета працавала Школа традыцыйнага народнага танца “Пятровіца”. Арганізатарам яе стаў аддзел ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Любанскага райвыканкама. Суарганізатарам выступае Рэспубліканскае маладзёжнае грамадскае аб’яднанне “Студэнцкае этнаграфічнае таварыства”.
Школа доўжылася цэлы тыдзень. Удзельнікі пераймалі традыцыйную танцавальную манеру і танцы Любаншчыны ад носьбітаў пад кіраўніцтвам Сяргея Выскваркі, харэографа дзіцячага фальклорнага гурта “Верабейкі”.
Удзельнікі Школы народнага танца наведалі і іншыя вёскі раёна: Обчын, Закальное, Пласток, Жораўку і Рачэнь. Там яны знаёміліся з носьбітамі фальклору, танчылі ды спявалі разам….
Дзяўчаты абракаліся на крыжы, што стаіць на месцы царквы, дзе калісьці працаваў бацька ўраджэнца Шыпілавіч, гісторыка, этнографа і фалькларыста Паўла Шпілеўскага. Ахвяравалі крыжу стужкі ды вяночкі. Абраканне менавіта на Петрака стала новай традыцыяй Школы традыцыйнага танца.
У танцавальнай школе вучыліся аматары традыцыйнай культуры з Беларусі, Літвы і Расіі. Як частку палявой практыкі ў гэты час Шыпілавічы наведалі студэнты Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта культуры і мастацтваў.
P.S. Пры падрыхтоўцы матэрыялу выкарыстаны тэксты загадчыка арганізацыйна-творчага аддзела Любанскага раённага дома культуры Сяргея Выскваркі.
Алена ЛЯШКЕВІЧ, метадыст па этнаграфіі Мінскага абласнога цэнтра народнай творчасці
Фота Аляксея СТАЛЯРОВА