Практычны характар канферэнцыі дазволіў бібліятэкарам не толькі абмяняцца досведам з калегамі, але і звярнуцца да святыняў Полацкай зямлі, далучыцца да каштоўнасцей праваслаўнай культуры, пазнаёміцца з бібліятэкарамі Спаса-Ефрасіннеўскага манастыра, пабываць у духоўна-асветніцкім цэнтры Полацкай епархіі…
Загадчык аддзела бібліятэказнаўства Віцебскай абласной бібліятэкі Вольга Нявейкава пазнаёміла з маніторынгам работы бібліятэк у кірунку духоўна-маральнай асветы чытачоў. Яна спынілася і на праблемах, звязаных з камплектаваннем неабходнай праваслаўнай літаратуры, з сістэматызацыяй апошняй і аднастайнасцю форм работы з кнігамі духоўнага зместу. Складанасці існуюць з папулярызацыяй такіх кніг, з сацыялагічнымі даследаваннямі ды метадычнымі распрацоўкамі.
Свой праект духоўнага выхавання чытачоў прапанавала работнік бібліятэкі імя Янкі Купалы (Полацкая ЦБС) Вольга Бакуновіч. Яна з 2004 года вядзе работу Літаратурна-музычнай гасцёўні “Пад засенню духоўнасці”.
Пра супрацоўніцтва ўстаноў Глыбоцкай ЦБС з Глыбоцкім благачыннем Полацкай епархіі распавяла дырэктар Глыбоцкай раённай сеткі публічных бібліятэк Валянціна Спасібёнак. Загадчык жа Лёзненскай дзіцячай бібліятэкі Вольга Печанава прысвяціла сваю прамову спецыфіцы работы з дзецьмі, падкрэсліўшы, што плённа займацца ёй можа толькі апантаны чалавек, начытаны і веруючы.
Юлія КОВАЛЬ, метадыст Полацкай РЦБС