“Брут” аказаўся шчасліўцам

№ 27 (1101) 06.07.2013 - 13.07.2013 г

Пітчынг прынёс мільён: лёс адной кінатрылогіі

Кінанавела “Брут” трапіла ў шасцёрку лепшых кароткаметражных праектаў на пітчынгу дэбютных праектаў, які ўпершыню прайшоў у рамках Маскоўскага міжнароднага кінафестывалю на мінулым тыдні. Саюз кінематаграфістаў Расіі абяцаў вылучыць на рэалізацыю кожнай з шасці адзначаных работ па 1 мільёне расійскіх рублёў. А “Брут” трапіў у кола выбраных з 418 заявак на ўдзел у пітчынгу.

/i/content/pi/cult/434/9017/1-3.jpeg

Нагадаю, што “Брут” — гэта другая навела з кінаальманаха “Сведкі”, які прысвечаны ахвярам Халакосту. Першы фільм задуманай трылогіі — “Туфлікі”, створаны пры актыўным удзеле беларускага боку, — мае паспяховы лёс на міжнародных фестывалях. Сёння ж аўтар ідэі кінаальманаха і рэжысёр Канстанцін Фам разам з прадзюсарам праекта, дырэктарам “Беларускага відэацэнтра” Юрыем Ігрушам шукае шляхі для рэалізацыі другой яго часткі.

Прынамсі, айчынная прэса ўжо прыняла ўдзел у прасоўванні будучай стужкі: сыграць галоўную ролю ў ёй могуць галівудскія актрысы Наталі Портман або Міла Куніс. Паколькі ўдзелам падобных зорак айчыннае кіно не песціць, грамадзе было ад чаго здзівіцца. Высвятляем падрабязнасці. Юрый Ігруша кажа, што на дадзены момант сродкі на вытворчасць карціны ўжо сабраны. Аднак асобная сума — на ганарар зорцы класа “А” — патрабуе дадатковых пошукаў. Ды, тым не менш, адмаўляцца ад гэткай прыгожай задачы аўтары не збіраюцца.

— Праект — амбіцыйны, і, мяркую, Канстанціну надалей трэба трымацца гэтай лініі, — кажа прадзюсар. — Наогул, “Брут” распачаў свой шлях на пітчынгу ў рамках прэзентацыі міжнародных праектаў праграмы “Short Film Corner” на Канскім фестывалі. На сёння стужку ўжо пагадзіліся падтрымаць ЗША, Ізраіль, Расія і, вядома ж, Беларусь...

Дырэктар “Беларускага відэацэнтра” прызнаўся, што “Брут” у цэлым можна назваць праектам-шчасліўцам. Акрамя гранта ў 1 мільён рублёў ад Саюза кінематаграфістаў Расіі яго аўтары атрымалі сертыфікат на навучанне ад Маскоўскай школы новага кіно, запрашэнне на вучобу ад Школы МакГрафіна ды іншыя заахвочванні…

— Лічу, што гэта — плён прадуманай стратэгіі прасоўвання першай часткі кінаальманаха — фільма “Туфлікі”, — мяркуе Юрый Ігруша. — Тады нам было значна цяжэй, бо Канстанцін — малады, не вельмі вядомы рэжысёр. Аднак эксперыментальная мова кінатвора, вывераныя крокі прасоўвання праекта зрабілі сваю справу. У выніку прыцягнуць увагу да “Брута” стала значна прасцей…

Дык чым жа будзе вылучацца другая навела кінаальманаха? Яе галоўны герой — сабака Брут. На лёс нямецкай аўчаркі вайна ўплывае такім чынам, што з яўрэйскай сям’і, ад сваёй добразычлівай гаспадыні, ён трапляе ў канцлагер. Там, у працэсе маніпуляцый і дрэсуры, бяскрыўдны гадаванец ператвараецца ў забойцу. Уся гісторыя, падкрэсліваюць аўтары, будзе паказана “вачыма сабакі”. Калі ўзгадаць стужку “Туфлікі”, дзе мы бачылі гісторыю яўрэйскай дзяўчыны (а ў цэлым — гісторыю яўрэйскага народа), распаведзеную сродкам дэманстрацыі ў кадры адно ног герояў, становіцца зразумела, што і ў другой навеле аўтары не абышліся без арыгінальнага ходу.

Пасля ўвасаблення ў жыццё праекта “Брут” трылогію “Сведкі” завершыць, паводле планаў аўтараў, кароткаметражка “Скрыпка”.

— Такім чынам, калі ўсе фільмы паспяхова рэалізуюцца, у Канстанціна атрымаецца поўнаметражная карціна, што складаецца з трох навел, — рэзюмуе Юрый Ігруша.

Таксама прадзюсар, адказваючы на пытанне пра далейшыя магчымыя спробы Канстанціна Фама “ў поўным метры”, распавёў пра запланаваны праект “Сыход”.

 — Дзед Канстанціна — родам з Беларусі, таму яму блізкая гісторыя нашага краю, — удакладняе дырэктар “Белвідэацэнтра”. — І ідэя новай карціны — гэта гісторыя вываду 218 яўрэяў за лінію фронту рускім афіцэрам Мікалаем Кісялёвым. Падзеі адбываліся ў 1942 годзе на беларускай зямлі, але сама гісторыя адсылае да біблейскай прытчы, бо яны знаходзіліся ў дарозе больш за месяц. У Ізраілі Кісялёву было прысвоена званне “Праведнік свету”, — так пазначыў у гутарцы з карэспандэнтам “К” сюжэт будучай карціны прадзюсар.

Акрамя планаў у дачыненні да “поўнаметражнай лініі”, “Белвідэацэнтр” не забываецца на сваю асноўную дзейнасць — вытворчасць дакументальнага кіно. І тут нельга не заўважыць поспехаў. Стужка Мікіты Пінігіна і Сяргея Макарава “Дзень трубача” атрымала І месца ў катэгорыі “Неігравое кіно” на Маладзёжным міжнародным фестывалі “Святло свету” ў Расіі, фільм Віктара Аслюка “Цяпло” заваяваў Гран-пры X Міжнароднага кінафестывалю “10 Black & White — Festival Internacional Audiovisual” у Партугаліі, а сёння — ужо адабраны ў асноўны конкурс Міжнароднага фестывалю “Faito DOC Festival” у Італіі…

У заключэнне — яшчэ навіна, хутчэй, вытворчага парадку: “Белвідэацэнтр” бліжэйшым часам стане чацвёртым падраздзяленнем кінастудыі “Беларусьфільм”, ператварыўшыся ў Студыю спецыяльных праектаў. Разумеючы пралічаную эканамічную мэтазгоднасць дадзенага рашэння, хочацца пашкадаваць, што канкурэнтны асяродак у айчынным кіно згубіць самастойнага гульца (упэўнены, ён застанецца пазначаным маркай якасці і ў складзе Нацыянальнай кінастудыі), чый брэнд за апошнія пару гадоў стаў сапраўды пазнавальным на Беларусі і за мяжой…

На здымку: пасля пітчынгу на Маскоўскім міжнародным кінафестывалі прадзюсар кінатрылогіі "Сведкі" Юрый Ігруша, рэжысёр Канстанцін Фам і будучы выканаўца ролі Брута.

Аўтар: Дар’я АМЯЛЬКОВІЧ
аглядальнік газеты "Культура"