Скраў злодзей патэфон...

№ 25 (1099) 22.06.2013 - 29.06.2013 г

Ад чаго бязладдзе?, або Як адмыць ад пены экспанат?

Знайсці брэнд у сельскай мясцовасці — пытанне хай сабе і не з лёгкіх, але ўсё ж вырашальнае. Сапраўднай жа праблемай стала захаванне саміх брэндаў. У прыватнасці, у рэдакцыю звярнуўся наш пастаянны чытач, краязнаўца Уладзімір ПУЧЫНСКІ. Яго занепакоіў лёс адметнага музейнага аб’екта ў вёсцы Лявонпаль, што на Мёршчыне. Сёння гасцей установы сустракаюць літаральна голыя сцены: практычна ўсе экспанаты адсутнічаюць у музеі…

/i/content/pi/cult/432/8960/2-5.jpeg

Музей радзімазнаўства, створаны ў 1999 годзе, як і яго філіял "Хата бабкі Ядзвінні", — заслуга беларускага пісьменніка Сяргея Панізьніка. Яшчэ летась экспазіцыя Музея радзімазнаўства складалася з больш чым 3 000 прадметаў. Сярод іх — такія арыгінальныя рэчы, як драўляны веласіпед, гармонік, драўлянае распяцце з вёскі Чурылы і Евангелле пачатку ХХ стагоддзя, арыгінальны "Беларускі каляндар" на 1910 год... Спіс можна доўжыць бясконца. Тым не менш, сёння гасцей установы сустракаюць літаральна голыя сцены: практычна ўсе экспанаты адсутнічаюць у музеі…

Як мяркуе чытач, значную частку каштоўнасцей скралі злодзеі, а астатняе забралі на рэстаўрацыю работнікі мясцовага аддзела культуры. Візаві цікавіць: што будзе з музеем, які Сяргей Панізьнік у 2011 годзе перадаў ва ўласнасць Мёрскаму раёну, і ці вернецца назад багатая калекцыя?

/i/content/pi/cult/432/8960/2-1.jpeg

Адзін з самых каштоўных экспанатаў музея — драўляны веласіпед.

Начальнік аддзела культуры райвыканкама Аляксандр Тронькін пацвердзіў факт крадзяжу і псавання музейных прадметаў. Па яго словах, зламыснікі, якіх дагэтуль не могуць выявіць праваахоўныя органы, не толькі скралі старадаўні патэфон, а таксама не менш каштоўныя медалі, але і пашкодзілі пенай ад вогнетушыцеля вялікую колькасць экспанатаў, у тым ліку ўзораў дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва, вырабаў народных рамеснікаў.

Улічваючы, што гэты выпадак ужо далёка не першы, было прынята рашэнне вывезці большую частку музейных прадметаў для надання ім належнага выгляду (у першую чаргу, галоўнай мэтай было адмыць экспанаты ад едкай пены), а таксама часовага захавання ў бяспечным месцы.

/i/content/pi/cult/432/8960/2-2.jpeg

Цяпер гэты патэфон можна пабачыць толькі на фота.

Па словах Аляксандра Тронькіна, у райвыканкаме нават разглядалася пытанне аб перавозе калекцыі Сяргея Панізьніка з Музея радзімазнаўства ў Раённы краязнаўчы музей з адпаведным стварэннем асобнай экспазіцыі. Тым не менш, здаровы сэнс і перакананні мясцовага насельніцтва перамаглі: Музей радзімазнаўства, адзін з шыкоўных мясцовых брэндаў, застаецца ў Лявонпалі. Пасадзейнічала такому рашэнню і прыватная ініцыятыва. Дабрадзей (дарэчы, карэнны жыхар Санкт-Пецярбурга, які з дзяцінства прыязджаў на Мёршчыну да родзічаў) застаўся неабыякавым да праблемы: за яго кошт у найбліжэйшы час для музея будуць набыты і ўстаноўлены металічныя дзверы, якія, спадзяёмся, змогуць абараніць установу ад зламыснікаў. Акрамя таго, мясцовымі ўладамі разглядаецца магчымасць устаноўкі ў музеі і сістэмы сігналізацыі — вырашэнне пытання залежыць, зноў-такі, ад фінансавых магчымасцей.

/i/content/pi/cult/432/8960/2-3.jpeg

Сяргей Панізьнік побач з экспанатамі, якія не так даўно скралі злодзеі.

Акрамя пытанняў бяспекі ў музея існуе іншая, не менш важная, праблема: каталагізацыя прадметаў. З-за адсутнасці дадзенага механізма гэты збор надзвычай каштоўных матэрыялаў афіцыйна нельга назваць музеем. Што і казаць, адсутнасць каталога пры крадзяжы таго або іншага прадмета значна ўскладняе працу праваахоўным органам. Чаму больш чым за дзесяцігадовую гісторыю музея так і не быў зроблены яго каталог? Дасюль усе прадметы музея афіцыйна з’яўляюцца прыватнай маёмасцю — яны належаць Сяргею Панізьніку. Па словах Аляксандра Тронькіна, на балансе мясцовага аддзела культуры — толькі будынак музея, а таксама яго філіял "Хата бабкі Ядзвінні", які паэт перадаў ва ўласнасць дзяржаве. З-за такога шматуладдзя і атрымліваецца бязладдзе…

/i/content/pi/cult/432/8960/2-4.jpeg

Размаўляючы з начальнікам аддзела культуры не мог не запытацца пра галоўнае: наколькі існаванне Музея радзімазнаўства патрэбна мясцовай кіруючай вертыкалі? Як зазначыў Аляксандр Сяргеевіч, гэтае пытанне — рытарычнае. Раён не збіраецца адмаўляцца ад цікавага ва ўсіх адносінах аб’екта, які прываблівае ўвагу вялікай колькасці турыстаў.

Рэдакцыя "К" прадоўжыць сачыць за лёсам Музея радзімазнаўства і інфармаваць сваіх чытачоў пра новую інфармацыю адносна гэтага аб’екта.

Фота Алеся Аніськовіча

Аўтар: Канстанцін АНТАНОВІЧ
рэдактар аддзела газеты "Культура"