Усё пра выдачу "гастролек"

№ 24 (1098) 15.06.2013 - 22.06.2013 г

"Указ уступіць у сілу з 1 верасня бягучага года, і каментарыі тут, на мой погляд, — недарэчныя. Дакумент існуе — яго трэба выконваць", — так агучыла сваю пазіцыю ў дачыненні да Указа № 257 "Аб асобных пытаннях арганізацыі і правядзення культурна-відовішчных мерапрыемстваў" начальнік упраўлення культуры Мінскага гарадскога выканаўчага камітэта Віталіна Рудзікава на прэс-канферэнцыі з нагоды падпісання дакумента.

"У адрозненне ад папярэдняга нарматыўна-прававога акта, які насіў паведамляльны прынцып, Указ № 257 кіруецца прынцыпам дазвольным, — патлумачыла яна галоўнае адрозненне новага дакумента. — На дадзены момант адказнымі службамі вывучаюцца нормы гэтага Указа, і з 1 ліпеня, калі пачне працаваць галоўнае ўпраўленне па ідэалагічнай працы, культуры і па справах моладзі Мінгарвыканкама, адказны прадстаўнік установы будзе непасрэдна адказваць за гэты адрэзак працы".

Віталіна Рудзікава назвала галоўныя крытэрыі, згодна з якімі будуць выдавацца гастрольныя пасведчанні (нормы новага Указа прадугледжваюць іх абавязковае атрыманне арганізатарамі канцэртна-відовішчных мерапрыемстваў). "Гэта тыя крытэрыі, якія вызначаны і сёння пры правядзенні, арганізацыі тых або іншых мерапрыемстваў. У праграме канцэрта, ідэі самога мерапрыемства павінны адсутнічаць элементы насілля, жорсткасці, парнаграфіі. Безумоўна, павінны ўлічвацца законныя інтарэсы гледачоў. Таксама гэта і выкананне норм заканадаўства, якія дзейнічаюць пры арганізацыі тых або іншых мерапрыемстваў. У прынцыпе — агульныя нормы, якія працуюць і сёння", — сказала начальнік упраўлення культуры Мінгарвыканкама.

Згодна з новым нарматыўна-прававым дакументам, у выпадку, калі арганізатару адмовілі ў выдачы гастрольнага пасведчання, рашэнне аб адмове павінна быць абгрунтавана. Акрамя таго, адмову можна абскардзіць у Міністэрстве культуры на працягу года, адзначыла чыноўнік.

Таксама Віталіна Рудзікава паведаміла і пра тэрмін атрымання гастрольнага пасведчання: рашэнне аб яго выдачы павінна быць прынята не пазней за пяць дзён да пачатку запланаванага продажу білетаў на мерапрыемства.

Прысутныя на прэс-канферэнцыі першы намеснік дырэктара Юрый Наўмовіч і начальнік аддзела дзяржаўных, спецыяльных і культурна-відовішчных мерапрыемстваў Палаца Рэспублікі Максім Прыхадоўскі назвалі з’яўленне новага дакумента аб арганізацыі і правядзенні культурна-відовішчных мерапрыемстваў своечасовым і правільным.

— Ён мусіць абараніць гледача ад фірм-аднадзёнак, якія могуць ашукаць публіку. Тым больш, што падобныя выпадкі здараліся, — адзначыў Юрый Наўмовіч.

Нагадаем, што, згодна з Указам, арганізатары ў выпадку арганізацыі канцэрта з удзелам замежнай зоркі або айчыннага і замежнага выканаўцаў павінны заплаціць дзяржаўную пошліну, якая вар’іруецца ў залежнасці ад колькасці месцаў канцэртнай пляцоўкі. Максім Прыхадоўскі паведаміў, што памер дзяржаўнай пошліны, якую мусіць заплаціць арганізатар канцэрта, калі вырашыць арандаваць залу Палаца Рэспублікі, будзе складаць прыкладна 15 мільёнаў беларускіх рублёў. Пры гэтым буйныя дзяржаўныя прадпрыемствы, сярод якіх — і Палац Рэспублікі, згодна з Указам, ад выплаты дзяржаўнай пошліны вызваляюцца.

На пытанне, ці не прывядзе дзеянне новага дакумента да выцяснення маленькіх прыватных фірм з адпаведнага рынку, дзе буйныя дзяржаўныя арганізатары знаходзяцца ў больш выйгрышнай пазіцыі, Юрый Наўмовіч адказаў: "Перш за ўсё арганізатар павінен адказваць за якасць прадукту, што ён прадстаўляе. Мы займаем першае месца ў Беларусі па колькасці мерапрыемстваў, якія арганізуюцца. У тым, што мы не плацім за гастрольныя пасведчанні, ёсць свае "мінусы" і "плюсы".

Па словах Віталіны Рудзікавай, сёння ў Мінску працуюць каля 50 буйных арганізатараў культурна-відовішчных мерапрыемстваў. Дзяржаўных з іх — парадку 10.

Аўтар: Дар’я АМЯЛЬКОВІЧ
аглядальнік газеты "Культура"