"…Акадэмія" — пра аўтэнтыку

№ 22 (1096) 29.05.2013 - 29.05.2013 г

Тэме аўтэнтычнасці як важнаму элементу аб’ектаў гісторыка-культурнай спадчыны прысвечана праграма першага этапа ХІХ Курса Міжнароднай паслядыпломнай летняй школы "Нясвіжская акадэмія", якая працуе ў Беларускім дзяржаўным універсітэце культуры і мастацтваў.

/i/content/pi/cult/429/8880/3-5.jpeg

Як адзначыў рэктар названай ВНУ Юрый Бондар, гэтая беларуска-польская ініцыятыва не мае аналагаў у Беларусі. "Нясвіжская акадэмія" з’яўляецца паўнавартасным адукацыйным праектам — вельмі змястоўным і насычаным па сваёй праграме. Юрый Бондар адзначыў, што ў Польшчы назапашаны велізарны досвед у сферы рэстаўрацыі помнікаў культуры, унікальныя тэхналогіі, знаёмства з якімі будзе вельмі карысным слухачам "Нясвіжскай акадэміі", а сярод іх, акрамя супрацоўнікаў устаноў культуры нашай краіны, сваіх прадстаўнікоў маюць Украіна і Літва.

/i/content/pi/cult/429/8880/3-6.jpeg

Рэктар БДУКіМ Юрый Бондар уручае сертыфікат "Нясвіжскай акадэміі" архітэктару Юліі Шахалевіч.

Рэктар БДУКіМ падкрэсліў, што ўніверсітэт стараецца захоўваць беларускія традыцыі, даследаваць вусную народную творчасць. Сведчыць пра актуальнасць абранай тэмы праекта і той факт, што на вучэбных занятках БДУКіМ можна даволі часта стаць сведкай дыскусіі наконт пытання, што ж з’яўляецца аўтэнтычным мастацтвам, а што — сцэнічным.

Начальнік упраўлення па ахове гісторыка-культурнай спадчыны і рэстаўрацыі Міністэрства культуры Ігар Чарняўскі падкрэсліў вялікую ролю былога рэктара БДУКіМ, а сёння міністра культуры Барыса Святлова, у рэалізацыі гэтага праекта. У сваю чаргу, як адзначыла каардынатар праекта з польскага боку, супрацоўнік Нацыянальнага інстытута спадчыны Лідзія Клюпш, асноўная тэма сёлетняй "Нясвіжскай акадэміі" мае вялікую актуальнасць не толькі для Польшчы і Беларусі, але і для большасці краін свету. З гэтай думкай пагадзіўся і каардынатар з беларускага боку Ігар Гарнак, які падкрэсліў важнасць праекта ды перспектывы, што адкрываюцца для выпускнікоў Акадэміі.

У рамках сёлетняй праграмы  беларускія ды польскія спецыялісты прадставілі сваё бачанне асаблівасцей нацыянальнага і міжнароднага заканадаўства ў сферы захавання гісторыка-культурных каштоўнасцей, рэстаўрацыі архітэктурных помнікаў, дзеянняў, скіраваных на захаванне гістарычных руін. Аўтэнтычнасць гістарычнага цэнтра горада разглядалася на прыкладзе старадаўняй сталіцы Рэчы Паспалітай — Кракава. Акрамя таго, пад час практычных заняткаў выкладчыкі і слухачы "Нясвіжскай акадэміі" наведалі Нясвіж, Гальшаны, Крэва, Баруны, Ракаў, дзе пазнаёміліся з методыкай рэстаўрацыі іх архітэктурных дамінант.

Аўтар: Канстанцін АНТАНОВІЧ
рэдактар аддзела газеты "Культура"