Панарамы і наш "Уздым"

№ 22 (1096) 29.05.2013 - 29.05.2013 г

Гэтымі днямі шэраг разнастайных мерапрыемстваў, прысвечаных айчыннай культуры, прайшоў за межамі нашай краіны. Так, у сталічным рэгіёне Францыі Іль-дэ-Франс завяршаецца серыя канцэртаў з удзелам Нацыянальнага аркестра Іль-дэ-Франс пад кіраўніцтвам народнага артыста Беларусі Аляксандра Анісімава.

У польскім Сопаце, у мясцовай Дзяржаўнай мастацкай галерэі адбылося адкрыццё выстаўкі твораў сучаснага беларускага мастацтва. Мерапрыемства арганізавана ў рамках Дзён культуры Беларусі ў Польшчы пры падтрымцы Культурнага цэнтра Беларусі пры Пасольстве Рэспублікі Беларусь у нашай заходняй суседцы. Гэты выставачны праект з’яўляецца адной з найбольш буйных прэзентацый беларускага сучаснага мастацтва ў Польшчы за ўвесь перыяд двухбаковых адносін. У залах Сопацкай галерэі на плошчы ў тысячу квадратных метраў было прадстаўлена звыш 200 работ жывапісу, графікі і скульптуры такіх майстроў, як Ігар Засімовіч, Уладзімір Голуб, Васіль Касцючэнка, Аляксандр Сільвановіч, Валянціна Шоба, ды шэрагу іншых. Выстаўка будзе знаходзіцца ў Сопаце цягам месяца, а пасля накіруецца ў падарожжа па Польшчы, пад час якога наведае Кашалін, Сувалкі і іншыя гарады.

Тым часам жыхары ды госці Варшавы могуць пазнаёміцца з гісторыяй ды сучаснасцю Мірскага і Нясвіжскага замкаў. У рамках Дзён культуры Беларусі ў Польшчы адбылося адкрыццё двух праектаў, прысвечаных прэзентацыі гэтых унікальных аб’ектаў культурнай і гістарычнай спадчыны Беларусі. Адна з выставак у выглядзе фотапанарамы замкаў Беларусі размешчана на агароджы Батанічнага саду Варшаўскага ўніверсітэта, другая — на стацыянарных планшэтах у гiстарычным цэнтры горада: у Кракаўскім прадмесці. Акрамя таго, у Гданьску, у Польскай Балтыйскай філармоніі імя Шапэна, адбыўся канцэрт эстрадна-сімфанічнага аркестра "Універстар" БДУКіМ.

Не зніжаецца цікавасць да беларускай культуры і ў рэгіёнах Расійскай Федэрацыі. У прыватнасці, у Екацярынбургу ў рамках "Фестывалю моў" прайшла прэзентацыя беларускай мовы, арганізаваная маладзёжным крылом Беларускай нацыянальна-культурнай аўтаноміі "Беларусы Урала". На цэнтральнай пляцоўцы фестывалю ў Музеі гісторыі медыцыны былі прадстаўлены сем моў: беларуская, башкірская, італьянская, іспанская, нямецкая, польская і японская. Нягледзячы на канкурэнцыю, беларускую выстаўку і адукацыйныя лекцыі, арганізаваныя пры падтрымцы аддзялення Пасольства Рэспублікі Беларусь у Екацярынбургу, наведала больш чым тысяча жыхароў і гасцей Уральскай сталіцы. У якасці бонусу ўсім удзельнікам фестывалю прадаставілі ўнікальную магчымасць праспяваць песні на беларускай мове, пакаштаваць стравы нацыянальнай кухні.

Не менш цікавая праграма чакаецца і пад час Дзён славянскай культуры, што з 24 мая па 6 чэрвеня праводзяцца ў Латгальскім рэгіёне Латвіі. Так, 26 мая ў Цэнтры беларускай культуры Беларускага культурна-асветніцкага таварыства "Уздым" у Даўгаўпілсе адбыўся канцэрт песень на вершы беларускага паэта Латвіі Станіслава Валодзькі. Акрамя таго, у дні форуму Саюз беларусаў Латвіі праводзіць мерапрыемствы, прысвечаныя 10-годдзю стварэння арганізацыі. Сярод іншага, беларускія дыпламаты прынялі ўдзел ва ўрачыстасцях у гарадах Лудза, Краслава і Даўгаўпілс, дзе адбыліся сустрэчы і канцэрты з удзелам творчых калектываў беларускай дыяспары і запрошанага з Беларусі народнага фальклорнага ансамбля "Вербіца" ДК МАЗ.

Аўтар: Канстанцін АНТАНОВІЧ
рэдактар аддзела газеты "Культура"