Хто шукае, той…

№ 22 (1096) 29.05.2013 - 29.05.2013 г

У цэнтры ўвагі — адукацыйны рэсурс

Больш чым дзвесце музеяў з Расіі і краін СНД, у тым ліку Беларусі, прымуць удзел у фестывалі "Інтэрмузей-2013", які стане самым буйным за сваю пятнаццацігадовую гісторыю. Форум праходзіць у Маскве, у Цэнтральным доме мастака, з 31 мая па 4 чэрвеня, а яго галоўнай тэмай стане "Музей як адукацыйны рэсурс грамадства".

Па традыцыі, у рамках гэтага міжнароднага праекта у музеяў ёсць магчымасць прыняць удзел у конкурсе "Інтэрмузей-2013" і па выніках яго атрымаць гранты. Да слова, агульны прызавы фонд конкурсу складзе больш за 3 млн. расійскіх рублёў. Сярод намінацый конкурсу можна вылучыць "Музей на дысплеі", прысвечаную лепшым дасягненням у распрацоўцы праграм для мабільных тэлефонаў, у тым ліку з сэнсарнымі дысплеямі, праектаў і мультымедыйных праграм, што рэалізуюцца ў Інтэрнэце. У сваю чаргу, журы ў намінацыі "Рэдкі госць" будзе ацэньваць як разавыя, так і доўгатэрміновыя адукацыйныя праграмы, арыентаваныя на пашырэнне мэтавых аўдыторый, прыцягненне новых наведвальнікаў, найперш — дзяцей да 5 гадоў, моладзі і падлеткаў. Сярод іншых, можна адзначыць такія катэгорыі, як "Музейны канструктар", "Музей для ўсіх", "Адукацыйны цэнтр", "Музей плюс..." ды шэраг іншых.

Незалежна ад занятага месца, думаецца, не пакінуць абыякавымі наведвальнікаў форуму праекты беларускіх музеяў. Так, на фестывалі "Інтэрмузей-2013" Нацыянальны Полацкі гісторыка-культурны музей-запаведнік прадстаўляе тры адукацыйныя праекты: доўгатэрміновы музейна-адукацыйны праект "Полацк музейны", карэкцыйна-развіваючая праграма для дзяцей дашкольнага ўзросту з праблемамі маўлення, а таксама эксперыментальная музейна-адукацыйная праграма для дзяцей 4-х гадоў "Вучымся глядзець і бачыць, слухаць і чуць".

У сваю чаргу, Віцебскі абласны краязнаўчы музей дэманструе перавагі праекта "Сонечны свет для ўсіх", які праводзіцца ў рамках адукацыйнага арт-праекта "Здраўнёўская палітра" і разлічаны на навучанне маладых людзей з абмежаванымі магчымасцямі розным відам мастацтва, скіраваны на пашырэнне іх ведаў у краязнаўстве ды мастацтвазнаўстве.

Гасцям форуму будзе цікава даведацца, што на базе Гомельскага абласнога музея ваеннай славы праводзіцца цыкл культурна-адукацыйных праграм пад назвай "Салдацкі абавязак", аб’яднаных агульнай ваенна-гістарычнай, патрыятычнай тэматыкай. Пляцоўкай для правядзення адукацыйных мерапрыемстваў служаць плошчы ваенна-гістарычнай экспазіцыі.

Лідскі гісторыка-мастацкі музей прапануе для пераймання вопыту сваю праграму "Скарбніца Лідчыны". Гэты праект дазваляе наведвальнікам установы вывучыць традыцыі продкаў. Для эфектыўнага ўспрымання ўсімі катэгорыямі наведвальнікаў распрацаваны розныя віды музейных гульняў, у аснове якіх — музейны прадмет.

Гомельскі палацава-паркавы ансамбль прадстаўляе выставачна-адукацыйны праект "Класікі беларускага мастацтва", створаны з мэтай далучэння моладзі да каштоўнасцей і дасягненняў айчыннага мастацтва. Унікальнасць праекта ў тым, што наведвальнікі музея, найперш — навучэнцы розных узроставых катэгорый, з’яўляюцца яго актыўнымі ўдзельнікамі поруч з таленавітымі мастакамі і скульптарамі.

І, нарэшце, Нацыянальны гістарычны музей Рэспублікі Беларусь знаёміць гасцей ды ўдзельнікаў форуму з інтэрактыўнай гульнёй "Хто шукае, той знойдзе". Гэты праект быў распрацаваны на прынцыпе прыгодніцкіх гарадскіх актыўных гульняў і складаецца з чатырох узроўняў, створаных на базе асобных музейных выставак.

Аўтар: Канстанцін АНТАНОВІЧ
рэдактар аддзела газеты "Культура"