Прайсці тэст на ДНК

№ 22 (1096) 29.05.2013 - 29.05.2013 г

Прынцып edutainment у дзеянні

Стварэнне запатрабаваных шырокім грамадствам устаноў культуры, а таксама іх аптымізацыя не першы год з’яўляюцца аднымі з прыярытэтных задач Міністэрства культуры нашай краіны. Галоўнай асаблівасцю аптымізацыі лічыцца ўмацаванне матэрыяльна-тэхнічнай базы, фарміраванне эфектыўнай сеткі новых тыпаў устаноў культуры рознага ўзроўню.

/i/content/pi/cult/429/8869/13-2.jpeg

Апрыёры іх дзейнасць павінна актывізаваць працу па зберажэнні ды папулярызацыі народнай традыцыйнай культуры і рамёстваў (маюцца на ўвазе такія ўстановы, як цэнтры фальклору, дамы культурна-сацыяльных паслуг, майстэрні рамёстваў, дамы народнай творчасці). Але, як аказалася на практыцы (пра што сведчаць і шматлікія матэрыялы "К"), у большасці выпадкаў акрамя замены шыльд ніякіх кардынальных зрухаў у працы ўстаноў не адбылося.

/i/content/pi/cult/429/8869/13-3.jpeg

Трэба сказаць, што і ў суседняй Расіі мэты пераўтварэння тыпу існуючых дзяржаўных ды муніцыпальных устаноў культуры ў так званыя бюджэтныя ўстановы новага тыпу, якое распачалося ў 2011 годзе, мала чым адрозніваюцца ад айчынных. Да прыкладу, як адзначылі ў Міністэрстве культуры Татарстана, дзе карэспандэнт "К" пабываў пад час камандзіроўкі з нагоды Дня яднання народаў Беларусі і Расіі, аптымізацыя ўстаноў культуры ў іх рэспубліцы таксама скіравана на пашырэнне спектра паслуг у сферы культуры, забеспячэнне магчымасці больш аператыўнага выкарыстання рыначных механізмаў. На практыцы, зразумела, усё выглядае не так аптымістычна нават у такім самадастатковым рэгіёне Расійскай Федэрацыі, як Татарстан. Сродкі на культуру там таксама выдаткоўваюцца з рэспубліканскага бюджэту па астаткавым прынцыпе.

І ўсё ж расіяне ў справе рэарганізацыі ўстаноў культуры пайшлі далей. Са жніўня мінулага года Міністэрствам культуры Расійскай Федэрацыі па даручэнні Урада рэалізуецца новы прывабны праект: стварэнне дамоў новай культуры. "Пілотныя" ДНК ужо пабудаваны ў Калузе, на чарзе — Першаўральск і Уладзівасток. Перад адкрыццём гэтых устаноў была ажыццёўлена праграма мерапрыемстваў пад эгідай ДНК. Гэта — разнастайныя выстаўкі, фестывалі, лекцыі і семінары з удзелам расійскіх ды замежных культасветработнікаў, мастакоў, архітэктараў, скульптараў, артыстаў, рэжысёраў, навукоўцаў і культуролагаў.

Але што такое ДНК? Як адзначаюць стваральнікі праекта, дамы новай культуры з’яўляюцца цэнтрамі распаўсюджвання новых ведаў і перадавых тэхналогій у сферы культуры ды арганізацыі жыцця. Праект скіраваны на стварэнне асяродка, спрыяльнага для творчасці і самарэалізацыі маладых жыхароў Расіі. Стваральнікі праекта перакананы, што ў наш час сціраюцца межы паміж рознымі відамі мастацтва і навуковымі дысцыплінамі, паміж вытворцамі культурных прадуктаў і іх спажыўцамі, а новыя тэхналогіі ўплятаюцца ў культурную тканіну, ствараючы магчымасці для творчага пошуку. Атрымліваецца своеасаблівы творчы сімбіёз. Наколькі ён будзе жыццяздольны, пакажа час. Зараз жа важна, што да стварэння аб’ектаў ДНК далучаны не толькі рэгіянальныя органы ўлады, але і шэраг прыватных партнёраў праекта. Думаецца, і на Беларусі пры стварэнні культурна-спартыўных цэнтраў, у тым ліку размешчаных у старадаўніх палацах, мясцоваму кіраўніцтву варта задумацца над прыцягненнем інвестараў. І не проста прадаваць за "базавую" ўнікальныя сядзібы, але з канкрэтным праектам, бізнес-планам прыйсці да патэнцыйнага спонсара.

/i/content/pi/cult/429/8869/13-4.jpeg

Як ствараецца сістэма ДНК? Паводле задумы аўтараў праекта, архітэктура ДНК-цэнтраў павінна адлюстроўваць культурны код ўсяго праекта. Таму было прынята рашэнне будаўніцтва пілотных дамоў новай культуры "з нуля". Міністэрства культуры Расіі сумесна з Інстытутам медыя, архітэктуры і дызайну распрацавала функцыянальную праграму будучых ДНК-цэнтраў. Гэтая праграма была скарэктавана ў адпаведнасці з сацыякультурнай сітуацыяй ды патрэбамі канкрэтных гарадоў. Той жа Дом новай культуры ў Калузе арганізаваў пад адным дахам прастору для выставак, канцэртаў і перформансаў, грамадскую прастору, адукацыйныя цэнтры ды творчыя майстэрні. Выстаўкі сучаснага мастацтва, канцэрты, кінапаказы ў ім спалучацца з лекцыямі, курсамі, працай лабараторый і майстэрняў.

Галоўная асаблівасць ДНК-цэнтраў — праца ў фармаце edutainment (гэты тэрмін неаднойчы ўзнікаў у рубрыцы "Рэйтынг ідэй з інтэрнэт-прасторы"). Яго сутнасць у тым, каб веды перадаваліся ў зразумелай, простай і цікавай форме. У такім фармаце можна расказваць пра гісторыю, літаратуру, фатаграфію, грамадскія праблемы. Галоўнае — каб не было сумна. У выніку ДНК павінны стаць месцам актывізацыі творчага ўяўлення, прадпрымальніцкага і інавацыйнага патэнцыялу грамадства, найперш, моладзі. Рэалізацыя праекта сведчыць, што для дзяржавы важна даць пачаткоўцам у творчай сферы магчымасць прымяніць свае таленты максімальна эфектыўна, ярка і поўна. З гэтай нагоды згадваецца буйнамаштабны айчынны праект "Зорка ўзышла над Беларуссю", які праводзіўся (праўда, толькі аднойчы) пад эгідай Міністэрства культуры ды ахапіў усе раёны нашай краіны.

Вяртаючыся да ДНК, трэба адзначыць, што яго ядром стане культурны прадукт, які маюць вырабляць мясцовыя жыхары, а, у сваю чаргу, прывазныя майстар-класы, выстаўкі і канферэнцыі будуць, але толькі часткай праекта. Якія ж функцыянальныя зоны маюць ДНК-цэнтры? Гэта і кафэ, і бібліятэка, і медыятэка, і праектныя пакоі. Цэнтрам ДНК мае стаць віртуальны музей — новы фармат арганізацыі выставачнай прасторы, які дазваляе дэманстраваць у адным месцы некалькі выставак адначасова, выкарыстоўваць яго як лекторый або глядзельную залу, змяняючы візуальнае аздабленне ды функцыі націскам адной кнопкі.

Усе гэтыя задумкі па стварэнні новых устаноў культуры могуць выклікаць толькі шчырае захапленне і зайздрасць. Аднак трэба разумець, што ажыццявіць адразу такі значны праект не пад сілу. Так, на першым этапе — да 2015 года — праект разлічаны толькі на сярэднія і буйныя гарады з колькасцю насельніцтва ад 50 тысяч чалавек. Пакуль не вядома, ці прывядзе стварэнне ДНК да закрыцця ўжо існуючых устаноў культуры, якія маюць сваю пастаянную аўдыторыю. Яшчэ адно немалаважнае пытанне: ці "дабяруцца" ДНК да вёскі? Пры ўсіх недапрацоўках пры стварэнні ўстаноў культуры новага тыпу ў Беларусі, у нас на вядучы план выходзіць абслугоўванне сельскіх жыхароў аддаленых і маланаселеных тэрытарыяльных паселішчаў. Можа, не такімі, як хацелася б, тэмпамі, але адбываецца адкрыццё ў сельскай мясцовасці філіялаў і класаў дзяцічых школ мастацтва, рамёстваў, ужо далёка не адзін раённы аддзел культуры мае свае мабільныя перасоўныя ўстановы культуры.

Таму важна, "беручы на ўзбраенне" перспектыўны вопыт, не страціць і сваю выпрацаваную сістэму падтрымкі культуры на сяле, у тым ліку каштоўных культасветработнікаў, а разам з імі — спеўныя ды духоўныя традыцыі, рамёствы, якія поруч з адметнай прыродай прывабліваюць турыста ў глыбінку.

На здымках: пад час прэзентацыі Дома новай культуры ў Калузе.

Аўтар: Канстанцін АНТАНОВІЧ
рэдактар аддзела газеты "Культура"