Творчы дэсант

№ 21 (1095) 25.05.2013 - 31.05.2013 г

Чарговыя сустрэчы прадстаўнічай дэлегацыі пісьменнікаў Беларусі днямі адбыліся ў Брэсцкай вобласці. Айчынныя майстры слова змаглі не толькі ўбачыць перадавыя прадпрыемствы рэгіёна, але і падзяліцца сваімі думкамі з мясцовай моладдзю.

Пад час сустрэчы літаратараў і журналістаў са старшынёй Брэсцкага аблвыканкама Канстанцінам Сумарам губернатар прызнаўся, што вельмі цэніць беларускіх пісьменнікаў, разумее іх важную ролю ў захаванні духоўных каштоўнасцей нашага народа. Невыпадкова на Брэстчыне рэгулярна ладзяцца буйныя літаратурныя святы, канферэнцыі, адбываюцца сустрэчы з пісьменнікамі. Асаблівая падтрымка, па словах Канстанціна Сумара, вядзецца ў дачыненні да мясцовых творцаў, асабліва — таленавітай моладзі. Адказваючы на пытанне прафесара, доктара філалагічных навук Івана Саверчанкі адносна ўшанавання памяці гістарычных постацей, якія цесна звязаны з Брэсцкай зямлёй, у тым ліку Афанасія Філіповіча, губернатар выказаў зацікаўленасць у ажыццяўленні выдавецкіх праектаў, скіраваных на папулярызацыю нашай спадчыны.

Не менш змястоўнай атрымалася і афіцыйная сустрэча ў Баранавічах — са старшынёй гарвыканкама Віктарам Дзічкоўскім, які не толькі пазнаёміў гасцей з вытворчай статыстыкай, але і распавёў цікавыя легенды адносна паходжання назваў новых мікрараёнаў — у свой час здаўна вядомых вёсак, такіх, як Каўпеніца. Адказваючы на пытанні творцаў, Віктар Дзічкоўскі з жалем адзначыў, што, нягледзячы на актуальнасць ды запатрабаванасць у грамадстве, сёння пакуль не дастаткова бюджэтных сродкаў на ўзвядзенне ў горадзе будынка тэатра. Разам з тым, кіраўнік горада адзначыў, што бібліятэкі Баранавіч у поўным аб’ёме камплектуюцца кнігамі айчынных выдавецтваў, на конкурснай аснове вылучаецца матэрыяльная падтрымка мясцовым творцам. Вялікая ўвага надаецца гістарычнаму каларыту горада.

Пад час наведання рэгіёна пісьменнікі ўсклалі вянкі да манумента ў Брэсцкай крэпасці, пазнаёмілі са сваёй творчасцю і адказалі на пытанні студэнтаў Брэсцкага і Баранавіцкага дзяржаўных універсітэтаў. Сярод іншага, моладзь хвалявала праблема змяншэння колькасці гадзін, адведзеных на вывучэнне роднай літаратуры ў школе, адмена абавязковага экзамену па гэтым прадмеце. Акрамя таго, пісьменнікі наведалі ў свой час сакрэтны аб’ект — Баранавіцкі авіяцыйны рамонтны завод, які сёння выконвае заказы з дзясяткаў краін свету і славіцца сваім высокім узроўнем якасці.

Аўтар: Канстанцін АНТАНОВІЧ
рэдактар аддзела газеты "Культура"