Творчыя саюзы: знайсці партнёра і спонсара

№ 20 (1094) 18.05.2013 - 24.05.2013 г

З пасяджэння калегіі Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь

Традыцыя існавання аб’яднанняў мастакоў, пісьменнікаў, музычных і іншых творчых дзеячаў у нашай краіне мае працяг ужо шмат дзесяцігоддзяў. Апошнім часам разам з дасягненнямі гэтых аб’яднанняў наспеў і шэраг пытанняў адносна іх далейшага развіцця. Невыпадкова абмеркаванню праблем у дзейнасці творчых саюзаў, выпрацоўцы новых падыходаў іх узаемадзеяння з дзяржавай была прысвечана нядаўняя калегія Міністэрства культуры нашай краіны.

Міністр культуры Барыс Святлоў падкрэсліў важную ролю Беларускай канфедэрацыі творчых саюзаў у справе ўмацавання нашай дзяржавы, развіцця міжнароднага супрацоўніцтва і міжкультурнага дыялога. Разам з тым, на думку міністра, ва ўмовах рыначных адносін творчым саюзам трэба актыўна прыцягваць на арганізацыю разнастайных праектаў і акцый спонсарскія сродкі. Па словах Барыса Святлова, у апошні час усё большую значнасць набываюць праблемы прэзентацыі айчыннай культуры за мяжой, таму творчым саюзам вельмі важна прымаць яшчэ больш актыўны ўдзел у міжнародных праектах, знаходзіць замежных партнёраў, праяўляць адукацыйную ініцыятыву. Акрамя таго, сёння надзвычай важна надаваць увагу і праблеме эстэтычнага выхавання маладога пакалення, пашыраць спектр асветніцкіх выставачных мерапрыемстваў.

Як адзначыў першы намеснік міністра культуры Уладзімір Карачэўскі, у Беларусі дзейнічаюць 13 творчых саюзаў. Адна з асноўных мэт такіх аб’яднанняў у нашай краіне -- кансалідацыя творчай эліты, арыентацыя на патранат дзяржавы. Тым не менш, бягучая сітуацыя патрабуе распрацоўкі новых форм эканамічнай падтрымкі, у прыватнасці — развіцця сістэмы дзяржаўна-прыватнага партнёрства. Не менш важнае, на думку Уладзіміра Карачэўскага, і выкарыстанне інавацыйных тэхналогій менеджменту ды маркетынгу ў дзейнасці творчых саюзаў. Па словах першага намесніка міністра культуры, далёка не ўсе саюзы сёння маюць багатую нерухомую ўласнасць і неабходную для функцыянавання эканамічную базу. Так, найбольш эфектыўна развіваюцца саюзы мастакоў, дызайнераў, музычных дзеячаў, майстроў народнай творчасці і пісьменнікаў. У прыватнасці, Беларускім саюзам мастакоў створаны шэраг унітарных прадпрыемстваў, што дазваляе яму рэалізаваць унікальныя творчыя праекты, стымуляваць прафесійную творчую дзейнасць. Не абыходзіцца ў такой паспяховай арганізацыі і без праблем. Адна з асноўных -- высокая плата за арэнду творчых майстэрняў, а таксама адсутнасць зацверджаных дзяржавай ставак мінімальнага аўтарскага ўзнагароджання за выкананне мастацкіх работ. Уладзімір Карачэўскі адзначыў і Беларускі саюз дызайнераў, які за апошні час правёў 13 міжнародных праектаў. Але, у той жа час, калекцый айчынных дызайнераў у беларускіх музеях прадстаўлена вельмі мала.

У сваім выступленні старшыня Беларускага саюза майстроў народнай творчасці Яўген Сахута ў чарговы раз падкрэсліў неабходнасць большай рэпрэзентатыўнасці твораў народных майстроў, актуальнасці пытання ўзнікнення адмысловага Музея традыцыйных рамёстваў.

На думку старшыні Беларускай канфедэрацыі творчых саюзаў, дырэктара Нацыянальнага мастацкага музея Уладзіміра Пракапцова, напярэдадні Чэмпіянату свету па хакеі ў краіне вельмі востра стаіць пытанне адносна пашырэння асартыменту сувенірнай прадукцыі, найперш — арыгінальных вырабаў народных майстроў, а значыць, і пытанне дыстрыб’юцыі гэтай прадукцыі. Па словах Уладзіміра Пракапцова, сёння мае актуальнасць і праблема дзяржзаказу, які мусіць стымуляваць творцаў розных відаў мастацтва на стварэнне адметных, магчыма, нават манументальных работ. Старшыня Беларускай канфедэрацыі творчых саюзаў падкрэсліў неабходнасць прыцягнення айчынных банкаўскіх структур да фінансавання праектаў сферы культуры аналагічна спартыўным, а таксама прапанаваў на дзяржаўным узроўні разгледзець пытанне магчымасці дазволу творчым саюзам на камерцыйную дзейнасць без стварэння дадатковых структур. Тым больш, што такая практыка пачала прымяняцца да ўстаноў і арганізацый сферы прафесійнага спорту.

Аўтар: Канстанцін АНТАНОВІЧ
рэдактар аддзела газеты "Культура"