Хроніка — “гучыць”…

№ 19 (1093) 11.05.2013 - 18.05.2013 г

Суб’ектывацыя дакумента вайны

“Беларусь. 4 гады вайны” — гэтую поўнаметражную дакументальную стужку рэжысёра-”пташукоўца” Яўгена Сяцько яшчэ на пачатку года рэкамендаваў да прагляду генеральны дырэктар Нацыянальнай кінастудыі “Беларусьфільм” Алег Сільвановіч. “У гэтай карціне студыі “Летапіс” няма ні слова ад аўтара, — абмаляваў ён кінатвор. — Па сутнасці, яго знялі ваенныя аператары”. 9 мая ў Беларускім дзяржаўным музеі гісторыі Вялікай Айчыннай вайны адбылася прэм’ера новай карціны, зробленай, уласна, з кадраў ваеннай хронікі.

Як распавёў аўтар сцэнарыя фільма Уладзімір Мароз, ідэя стварыць кіно, заснаванае на матэрыяле хронік, нарадзілася ў яго пасля прагляду стужкі Сяргея Лазніцы “Блакада”. “Мне стала цікава падобным чынам паглядзець на тыя кінаматэрыялы, якія здымаліся на тэрыторыі акупаванай Беларусі, — кажа кінематаграфіст, — што мы сёння можам праз іх убачыць, і я стаў шукаць аднадумцаў”. У выніку яго падтрымаў Яўген Сяцько, з якім Уладзімір Мароз супрацоўнічае ўжо цягам некалькіх гадоў. Назаву хіба апошнія работы рэжысёра — “Свет Караткевіча” (2010 г.), “Тадэвуш Касцюшка. Аблічча героя” (2011 г.), яго дыпломную работу па аповесці Васіля Быкава “Пайсці і не вярнуцца” (2004 г.), — каб указаць на тое, што выпускнік майстэрні Міхаіла Пташука ў падобнай тэме — асэнсавання гісторыі — даўно не пачатковец.

/i/content/pi/cult/426/8785/2-3.jpeg

Урэшце, менавіта “на долю” Яўгена выпаў асноўны фронт работ на стварэнні дакументальнага трыпціха. “Нягледзячы на тое, што “Беларусь. 4 гады вайны” падзелена на тры часткі, я ў фільме, лічы, — хутчэй, аўтар ідэі, чым паўнавартасны сцэнарыст, — прызнаецца Уладзімір Мароз, — бо адбор матэрыялу, мантаж, агучванне — усё зрабіў Яўген”.

Так, першае ўражанне ад стужкі, гэта тое, што хроніка ў ёй “гучыць”. Адпаведныя шумы, арыгінальная музыка Уладзіміра Каральчука — істотная дапамога рэжысёру ў стварэнні эмацыйнага пасылу. І гэта вельмі важна, бо сам відэашэраг — старыя чорна-белыя кадры хронік — падрабязны “дакументальны” расповед, без дадатковых сцэн рэканструкцыі ды іншых кінаатракцыёнаў. І рэжысёру кіно неабходна пэўная зачэпка, каб трымаць увагу гледача на працягу амаль паўтарагадзіннай карціны.

Сама “тканіна” фільма — хронікі, зробленыя як савецкімі франтавымі кінааператарамі, так і нямецкімі акупантамі.

— У нашым архіве кінафотафонадакументаў, што ў Дзяржынску, матэрыялу хопіць не на адзін падобны кінатвор, — адказвае Уладзімір Мароз на пытанне наконт адпаведнай кінабазы, — аднак мы ставілі задачай стварыць фільм, які эмацыйна крануў бы гледача, — удакладняе вядучы рэдактар студыі “Летапіс”, — таму па патрэбныя хронікі ездзілі ў Маскву, у Краснагорск. Нашай задачай было — паказаць вайну як своеасаблівы стан жыцця, — таму мы імкнуліся знайсці самы розны матэрыял…

Аўтары стужкі, па сутнасці, імкнуліся стварыць своеасаблівы партрэт Беларусі ў гады ваеннага ліхалецця. Кадры вучэнняў савецкіх памежнікаў напярэдадні ўварвання захопнікаў, паўсядзённасць партызанскага жыцця, рэйкавыя войны, вызваленне Беларусі і побач — здымкі парадаў на чале з гаўляйтэрам Кубэ пад час акупацыі ў Мінску…

Гэты наратыў, створаны з дапамогай кампіляцыі матэрыялаў савецкіх і нямецкіх кінааператараў, робіць дзіўнае ўражанне: з аднаго боку, мы бачым кадры, што захавалі “рэальнасць” тых страшных дзён, з іншага — можам заўважыць і пэўны светапогляд аператараў, якія здымалі хроніку. Вядома, некаторыя кадры не пазбеглі пэўнай пастановачнасці — напрыклад, сцэна адпачынку салдат. Аднак фон падзей, дзе, нібыта, выступаюць галоўныя дзеючыя асобы, здольны распавесці дастаткова: выгляд Мінска пад час акупацыі, самаўпэўненасць і нахабны позірк захопнікаў, якія ўсталёўваюць новыя парадкі (не кажучы пра сцэны пакаранняў), і ў процівагу — панарама партызанскіх вогнішчаў у лесе, жанчына ў сукенцы, з кабурой на поясе, што доіць карову ў партызанскім лагеры, твары маленькіх дзяцей пад час іх эвакуацыі на самалёце з акружэння, абліччы беларусаў пад час вызвалення, вопратка, позіркі нашых людзей… Усё гэта інфармацыя і відовішча, якое кранае душу і розум.

Тым не менш, аўтары стужкі, нягледзячы на шэраг жорсткіх сцэн, стварылі кіно, што нясе гуманістычны пасыл. У цэнтры яго — барацьба народа, яго Подзвіг, жаданне жыць. “Нацыя ўрэшце выжыла і адрадзілася”, — падкрэслівае Уладзімір Мароз скіраванасць сваёй карціны. Несумненна, гэты ж аптымістычны пасыл імкнуліся данесці да гледачоў і савецкія франтавыя кінааператары, якія выконвалі свой прафесійны абавязак побач з салдатамі Чырвонай Арміі. Некаторыя з іх загінулі ў ваенных дзеяннях, як Марыя Сухава, чые хрэстаматыйныя здымкі выратавання дзяцей з партызанскага тылу публіка магла бачыць у разнастайных кінатворах. Менавіта гэтым — зваротам да спадчыны айчынных кінаматаграфістаў (Іосіфа Вейняровіча, Аттыліі Рэйзман, Мікалая Быкава, Сямёна Школьнікава, Уладзіміра Цеслюка, Барыса Дзяменцьева, Міхаіла Пасельскага, Ільі Гутмана, Івана Белякова ды іншых) — фільм Яўгена Сяцько асабліва каштоўны.

Ды тым не менш, адмовіць у аўтарстве рэжысёру карціны “Беларусь. 4 гады вайны” мы не можам, бо дакумент, нават самы падрабязны, заўсёды хтосьці піша…

На здымку: хранікальны кадр, выкарыстаны ў стужцы “Беларусь. 4 гады вайны”.

Аўтар: Дар’я АМЯЛЬКОВІЧ
аглядальнік газеты "Культура"