Дом № 4: маніторынг або…

№ 18 (1092) 04.05.2013 - 11.05.2013 г

Мэта любой цаной завалодаць будынкам не стаіць?

Ці не кожны музей — гэта брэнд, які мусіць прыцягваць не толькі заезджых турыстаў, але і мае сваю пастаянную аўдыторыю. Ад спецыфікі ўстановы, ад размяшчэння апошняй і яе менеджменту залежыць паспяховасць і пазнавальнасць музея.

Музей гісторыі беларускага кіно размяшчаецца ў будынку каля Чырвонага касцёла, побач з плошчай Незалежнасці. Нягледзячы на той факт, што ўстанова з’яўляецца філіялам Дзяржаўнага музея гісторыі тэатральнай і музычнай культуры Рэспублікі Беларусь, гэта не перашкаджае ёй збіраць залы на рэтраспектыўныя паказы кінафільмаў. Па словах загадчыка філіяла Ігара Аўдзеева, з задавальненнем і без адміністрацыйнага фактара на асветніцкія мерапрыемствы, выстаўкі прыходзяць людзі розных узростаў і прафесій. Словам, у адсутнасці эфектыўнай дзейнасці музей не папракнеш.

Але да чаго я падводжу? У рэдакцыю патэлефанавалі прадстаўнікі кінасупольнасці і паведамілі наступнае: з Мінгарвыканкама ў Міністэрства культуры паступіў ліст. У звароце да міністра культуры краіны Барыса Святлова, падпісаным намеснікам старшыні Мінгарвыканкама Уладзімірам Кухаравым, ідзе размова пра перадачу будынка па вуліцы Свярдлова, 4 у камунальную ўласнасць. Да ўсяго, дом № 4 мае статус гісторыка-культурнай каштоўнасці. Гэты будынак, адмыслова адрэстаўраваны ў другой палове 90-х, і з’яўляецца родным для Музея гісторыі беларускага кіно.

Але навошта Мінгарвыканкаму сціплая пабудова? Як высветлілася, музей якраз-такі гарадскому кіраўніцтву зусім і не патрэбны. Да будынка прыгледзеліся з мэтай размяшчэння на яго плошчах КУП “Мінскі гарадскі цэнтр інжынірынгавых паслуг”, які, як адзначана ў звароце на імя міністра, “здзяйсняе задачы па паляпшэнні інвестыцыйнага клімату ў горадзе Мінску шляхам аказання інжынерных паслуг інвестарам у галіне будаўніцтва”. Больш у лісце нічога не гаворыцца ні пра магчымае прадастаўленне музею іншага будынка, ні, тым больш, пра паляпшэнне музейнай інфраструктуры напярэдадні буйнога спартыўнага форуму — Чэмпіянату свету па хакеі.

Але ж, думаецца, турыст (звычайна на падобнага кшталту спаборніцтвы збіраюцца дзясяткі тысяч гасцей з усяго свету), які прыехаў у беларускую сталіцу, з задавальненнем прагуляецца побач з Чыгуначным вакзалам, наведае цікавыя аб’екты культуры і дакладна не абміне (пры ўмове, вядома ж, добрай рэкламы на розных мовах) Музей гісторыі беларускага кіно.

І калі офісныя памяшканні, на думку Ігара Аўдзеева, для айчынных інжынераў можна знайсці практычна ў любым бізнес-цэнтры, дык нармальная дзейнасць Музея гісторыі беларускага кіно немагчымая без сістэмы адмысловых памяшканняў. “Пазбаўленне музея будынка будзе азначаць яго фактычную ліквідацыю”, — занепакоена казалі прадстаўнікі кінаграмадскасці ўжо ў самім музеі, дзе з нагоды сустрэчы пабываў і наш карэспандэнт.

Да слова, экспазіцыя музея была створана ў 2001 годзе, у тым ліку на сродкі гранта фонду Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь па падтрымцы культуры і мастацтва. Яе разбурэнне, кажуць дзеячы айчыннага кінамастацтва, што сабраліся ў адзін з красавіцкіх дзён на Свярдлова, 4, ніяк не ўпісваецца ў канцэпцыю Года беражлівасці, аб’яўленага сёлета Кіраўніком дзяржавы.

Трэба сказаць, Музей гісторыі беларускага кіно — унікальная ўстанова на постсавецкай прасторы. Па словах Ігара Аўдзеева, на наш музей арыентуюцца многія замежныя калегі. Справа ў тым, што асобнага будынка ў музея аналагічнага профілю не мае нават Расія, кінастудыі якой кожны год выпускаюць безліч ігравых, дакументальных і шматсерыйных фільмаў.

Дык ці страціць свой дом Музей гісторыі беларускага кіно? Як мяркуе намеснік начальніка ўпраўлення ўстаноў культуры і народнай творчасці Міністэрства культуры краіны Святлана Гаўрылава, такая сумная перспектыва не пагражае гэтаму каштоўнаму аб’екту культуры нашай краіны. На яе думку, запыт з боку Мінгарвыканкама — усяго толькі спроба пошуку дадатковых плошчаў для сваіх падраздзяленняў і не да чаго не абавязвае Міністэрства культуры, а таму як супрацоўнікі, так і наведвальнікі Музея гісторыі беларускага кіно не павінны хвалявацца.

“К” звязалася і з прадстаўніком другога зацікаўленага боку — дырэктарам Мінскага гарадскога цэнтра інжынірынгавых паслуг Рыгорам Вярынскім. Па яго словах, размяшчэнне ў цэнтры горада побач з будынкам Мінгарвыканкама было б вельмі зручным для развіцця Цэнтра. Разам з тым, як заверыў Рыгор Вярынскі, перад Мінскім гарадскім цэнтрам інжынірынгавых паслуг не стаіць мэта любой цаной завалодаць будынкам музея: “Мы хацелі высветліць, наколькі актуальнае размяшчэнне Музея гісторыі беларускага кіно ў старым будынку, паколькі была інфармацыя пра планы музея аб пераездзе. Таму запыт з Мінгарвыканкама варта разглядаць выключна як маніторынг сітуацыі. Паралельна шукаем і іншыя варыянты размяшчэння нашай арганізацыі”.

Думаецца, калі ў перспектыве і варта пераносіць музей, то спачатку неабходна ўзвесці насычаны інфармацыйнымі тэхналогіямі будынак, пашырыць магчымасці ўстановы, у тым ліку — зрабіць больш атракцый для турыстаў. Да прыкладу, з васковай або галаграфічнай фігурай, скажам, Бураціна многія з задавальненнем сфатаграфаваліся б, а потым набылі футболку з выявай любімага кінагероя. Таксама (а пра тое кажуць і кінематаграфісты) для далейшага развіцця музея не кепска было б з цягам часу і перагледзець ягоны статус: усё ж установа такога кшталту, думаецца, мусіць быць больш самастойнай.

Аўтар: Канстанцін АНТАНОВІЧ
рэдактар аддзела газеты "Культура"