Ініцыятывы канферэнцыі

№ 16 (1090) 20.04.2013 - 27.04.2013 г

Юбілейная, Х Канферэнцыя міністраў культуры краін — членаў Савета Еўропы "Кіраванне культурай — садзейнічанне доступу да культуры" прайшла ў Маскве, у новай бетховенскай зале Вялікага тэатра Расіі. У рабоце канферэнцыі ўдзельнічалі міністры, эксперты і прадстаўнікі краін-членаў Савета Еўропы, Беларусі і Казахстана, а таксама UNESCO. Усяго ў канферэнцыі бралі ўдзел 244 дэлегаты з 45-і краін свету. Беларусь, як мы паведамлялі, прадстаўляў міністр культуры Барыс Святлоў.

 

Намеснік генеральнага сакратара Савета Еўропы Габрыэла Баттайні-Драгані ў прывітальным слове адзначыла значнасць канферэнцыі, магчымасці якой дазваляюць сумесна вырашаць праблемы ў галіне культуры, што сёння паўстаюць перад краінамі. На яе думку, "разнастайнасць — гэта той падмурак, на якім будуюцца адносіны паміж дзяржавамі ў сучасным свеце. Але толькі культура дапамагае накіраваць яго ў правільнае рэчышча дэмакратыі".

Галоўнымі ж тэмамі прадстаўнічага форуму стала дыскусія пра ролю ўрадаў у дыялогу культур паміж краінамі — членамі Савета Еўропы, паспяховага вопыту па пашырэнні доступу да яе. Удзельнікі абмеркавалі праграмы і ініцыятывы культурнай палітыкі і пытанні аховы спадчыны ў рамках міжкультурнага дыялогу. Х Канферэнцыя ў Маскве стала чарговым крокам у справе міжкультурнага супрацоўніцтва, канцэпцыя якога была сфармулявана Саветам Еўропы яшчэ ў 2006 годзе ў "Белай кнізе па міжкультурным дыялогу".

Па выніках канферэнцыі быў прыняты дакумент, куды ўключаны пытанні развіцця культуры ў доўгатэрміновай і сярэднетэрміновай перспектыве. У дакумент увайшлі важныя пытанні выкарыстання лічбавых тэхналогій і Інтэрнету, неабходнасць фінансавання культуры і ўдзелу ў забеспячэнні свабоднага доступу да яе здабыткаў.

У рамках X Канферэнцыі адбылася сустрэча міністра культуры нашай краіны Барыса Святлова з намеснікам Генеральнага сакратара Савета Еўропы Габрыэлай Баттайні-Драгані. Па яе выніках прынята рашэнне аб правядзенні шэрагу сумесных акцый, у тым ліку прэзентацыі "Белай кнігі…". Плануецца, што падзея адбудзецца 28 чэрвеня ў Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі. Барыс Святлоў абмеркаваў з намеснікам генеральнага сакратара Савета Еўропы пытанне па далучэнні Беларусі да інфармацыйнай сістэмы культурнай палітыкі "Кампендыум", што дазваляе абменьвацца інфармацыяй творчай сферы паміж усімі краінамі гэтай часткі свету.

Акрамя таго міністры культуры Беларусі і Расіі Барыс Святлоў і Уладзімір Мядзінскі абмеркавалі чарговы Міжнародны фестываль мастацтваў "Славянскі базар у Віцебску". У прыватнасці, разгледжана магчымасць правядзення сёлетняга свята ў новым фармаце. Таксама на сустрэчы абмяркоўваліся пытанні, звязаныя з усталяваннем помнікаў Сімяону Полацкаму ў Маскве і Уладзіміру Мулявіну ў Екацярынбургу, рэалізацыі сумеснага кінапраекта, прысвечанага 100-годдзю Першай сусветнай вайны, які рэалізуецца ў рамках Саюзнай дзяржавы.

 

Аўтар: Канстанцін АНТАНОВІЧ
рэдактар аддзела газеты "Культура"