Музейная віртуалізацыя Нясвіжа

№ 15 (1089) 13.04.2013 - 20.04.2013 г

Цэнтр Дзяржаўнага каталога Музейнага фонду Рэспублікі Беларусь распачаў новы праект — цыкл віртуальных міні-выставак пад агульнай назвай “Музейныя вандроўкі”, мэтай якога з’яўляецца прэзентацыя музеяў Беларусі. Кожная з іх будзе прысвечана аднаму з 154 музеяў сістэмы Міністэрства культуры.

Тэмай першай віртуальнай вандроўкі стаў Нясвіжскі гісторыка-краязнаўчы музей. Установа досыць маладая — заснаваная ў 1986 годзе, калі распачаўся збор матэрыялаў, хаця афіцыйнае яе адкрыццё адбылося 14 студзеня 1995-га. Толькі праз дзесяцігоддзе музей набыў статус дзяржаўнай установы культуры, і зараз уключае не адно ўласна музей, але і кватэру-музей мастака Міхаіла Сеўрука, ганчарную майстэрню ды музейны аб’ект “Кузня”. Сам музей размясціўся ў будынку канца ХІХ стагоддзя, дзе спачатку, па некаторых звестках, было рамеснае вучылішча, пазней — польскія казармы, а да 1989-га — склады вайсковай часткі.

/i/content/pi/cult/422/8686/1-1.gif

Куфаль з выявай Багуслава Радзівіла.

На віртуальнай выстаўцы прадстаўлены цікавыя прадметы са збору музея: куфаль, аздоблены манетамі і медальёнам з выявай Багуслава Радзівіла, фрагмент скульптуры святога Вінцэнта, якая знаходзілася ў капліцы, устаноўленай жыхарамі Нясвіжа ў 1766-м пасля спынення мору. Пасля разбурэння капліцы ў 1960-х фрагмент скульптуры захоўваўся ў сям’і Балакіных, а ў 2002 годзе быў перададзены ў дар музею.

Не менш каштоўны экспанат — літургічная кніга, якая змяшчае песняспевы XVI — XVII стcт. са старажытнай натацыяй (квадратныя ноты на чатырохрадковым стане), так званы няўменны запіс. Цікавасць выклікаюць і графін са шклянкай з рэчавага скарбу, знойдзенага ў 1988 г. у сутарэннях кляштара бернардзінак. Скарб захоўваўся ў медным чане і складаўся са 141 прадмета сталовага ўжытку: шкляных вырабаў, парцаляных, срэбра, пасярэбраных прадметаў.

 

Аўтар: Канстанцін АНТАНОВІЧ
рэдактар аддзела газеты "Культура"