Яднанне інтарэсаў і культур

№ 14 (1088) 06.04.2013 - 13.04.2013 г

Адна з найбольш актыўных арганізацый беларускай дыяспары ў Расійскай Федэрацыі дзейнічае ў Казані. Пераканацца ў гэтым давялося і карэспандэнту "К", які разам з нашай культурнай дэлегацыяй пабываў у сталіцы Татарстана пад час святкавання Дня яднання народаў Беларусі і Расіі.

У Міністэрстве культуры Татарстана адбылася працоўная сустрэча з беларускай дэлегацыяй, якую ачольваў дырэктар Рэспубліканскага цэнтра нацыянальных культур Міхаіл Рыбакоў. Як адзначыла намеснік міністра культуры Татарстана Гузель Нігматуліна, нашы народы маюць вялікі патэнцыял супольнай працы на карысць пашырэння духоўнасці, а таксама перспектывы для развіцця супрацоўніцтва ў сферы прафесійнага і самадзейнага мастацтва. Так, Міністэрства культуры Татарстана зацікаўлена ва ўдзеле беларускіх музычных калектываў у міжнародных фестывалях, што праводзяцца на тэрыторыі гэтага суб’екта Расійскай Федэрацыі, а таксама арганізацыі ў Казані Дзён культуры нашай краіны. Мяркуецца, што бліжэйшым часам будзе складзены і перададзены Міністэрству культуры Рэспублікі Беларусь спіс з канкрэтнымі прапановамі.

Беларуская дэлегацыя пазнаёмілася і з вопытам дзяржаўнай палітыкі Татарстана ў сферы падтрымкі нацыянальных супольнасцей. Шырокія магчымасці для захавання культурных адметнасцей нацыянальных арганізацый, што існуюць у Татарстане, прадстаўлены ў Доме дружбы, які нядаўна атрымаў будынак у цэнтры Казані з сучасным абсталяваннем, пляцоўкамі для правядзення канцэртаў, канферэнцый, заняткаў у нядзельных школах. Плённым атрымаўся і візіт у Выканаўчы камітэт "Сусветнага кангрэса татараў". У прыватнасці, была выпрацавана дамоўленасць пра прыезд у маі фальклорных калектываў Татарстана ў Мінск з нагоды летняй Універсіяды. Па задуме арганізатараў, выступленні будуць арыентаваныя найперш на моладзь, а таксама — татарскую супольнасць у Беларусі.

/i/content/pi/cult/421/8635/1-2.jpeg

Адной з цэнтральных і запамінальных падзей стала наведванне Музея народнага паэта Беларусі Янкі Купалы ў сяле Пячышчы, што знаходзіцца ў сарака кіламетрах ад Казані і з’яўляецца філіялам Нацыянальнага музея Татарстана. Ад беларускіх партнёраў — Літаратурнага музея Янкі Купалы ў Мінску — установе былі перададзены карціны пляменніка Песняра Янкі Раманоўскага "Вязынка. Хата, дзе нарадзіўся Янка Купала" і палатно "Янка Купала ў Пецярбургу", а таксама каталог фотаздымкаў нашага класіка "Ты гэтых вачэй не забудзь…". Падзяка дырэктару Музея Янкі Купалы ў сяле Пячышчы Рыме Абызавай за подпісам намесніка Прэм’ер-міністра нашай краіны Анатоля Тозіка была ўручана кіраўніком казанскага аддзялення Пасольства Рэспублікі Беларусь у Расіі Русланам Драздом.

/i/content/pi/cult/421/8635/1-1.jpeg

Заключным акордам візіту беларускай дэлегацыі ў Татарстан стала надзвычай яркае і кранальнае выступленне фальклорнага калектыву Беларускай дзяржаўнай філармоніі "Купалінка". Праграма, адмыслова арыентаваная на нашых суайчыннікаў за мяжой, не пакінула абыякавай перапоўненую залу Татарскага дзяржаўнага тэатра драмы і камедыі імя Цінчурына. Знакавым жа момантам стала сустрэча айчыннай дэлегацыі са старшынёй грамадскай арганізацыі беларусаў Казані "Спадчына" Сяргеем Марудэнкам і іншымі прадстаўнікамі нашай дыяспары ў Татарстане, што адбылася адразу пасля канцэрта "Купалінкі".

Пра беларускую дыяспару Татарстана, перспектывы развіцця Музея Янкі Купалы ў Пячышча, а таксама пра вопыт сферы культуры Татарстана чытайце ў наступных нумарах "К".

На здымках: пад час сустрэчы ў Міністэрстве культуры Татарстана; выступленне "Купалінкі" ў Татарскім дзяржтэатры.

Фота аўтара

Аўтар: Канстанцін АНТАНОВІЧ
рэдактар аддзела газеты "Культура"