Беларуская “цына” для Масквы

№ 13 (1087) 30.03.2013 - 06.04.2013 г

У навуковых колах нярэдка можна было пачуць, што Маскву пабудавалі не хто іншыя, як беларусы. Здавалася б усе гэтыя выказванні гучалі бяздоказна ды, па шчырасці, фантастычна. І ўсё ж гэта праўда! Дзякуючы нашым землякам сталіца ўсходніх суседзяў набыла яшчэ ў XVII ст. непаўторнае аблічча. Пераканацца ў гэтым стала магчымым дзякуючы стваральнікам кнігі “Беларусы Масквы. XVII cт.” .

Багата ілюстраваны фаліянт, выпушчаны выдавецтвам “Беларуская Энцыклапедыя імя Петруся Броўкі” пры фінансавай падтрымцы Урада Масквы, распавядае пра агульную культурную спадчыну. Кніга з’яўляецца сведчаннем таго, што ў XVII ст. Маскву пераўтваралі не толькі заходнія дойліды, але і многія беларускія майстры: мастакі, збройнікі, срэбнікі, якія стваралі іканастасы, распісвалі храмы. Іх аўтарству належаць упрыгожанні палацаў Масквы і Падмаскоўя. У прыватнасці, нашы землякі прымалі ўдзел у будаўніцтве царскай рэзідэнцыі ў Каломенскім, якая, па водгуках сучаснікаў, лічылася восьмым цудам свету.

Адкрываецца выданне картай Масквы XVII ст. з указаннем беларускіх слабод. Па словах навуковага рэдактара кнігі, кандыдата мастацтвазнаўства, дацэнта БДУ Вольгі Бажэнавай, можна ўбачыць, як з самага цэнтра Масквы адбывалася рассяленне нашых землякоў, са сваімі звычаямі і традыцыямі. Да прыкладу, ганчарная слабада нагадвала планіроўку тагачаснага Магілёва. Ды і планіроўка мяшчанскай слабады з’яўлялася не характэрнай для расійскіх земляў. Беларусамі ўпершыню ў Маскве была выкарыстана лінейная планіроўка дамоў, якая захавалася да нашага часу. У гэтым можна пераканацца, знайшоўшы на карце сучаснага горада чатыры былыя мяшчанскія вуліцы. Сёння гэта праспект Міру, вуліцы Гіляроўскага, Шчэпкіна і Мяшчанская.

/i/content/pi/cult/420/8631/1-3.jpeg

Узор "паўлінава вока" — знакавы для беларускіх майстроў.

У кнізе пададзена цэласная карціна той маштабнай дзейнасці нашых майстроў. На думку кандыдата мастацтвазнаўства Вольгі Бажэнавай, усё створанае рукамі беларусаў у Маскве, што дайшло да нашых дзён, можна ўбачыць у выданні і пераканацца, што Расія дзякуючы рукам беларускіх майстроў ператварылася ў іншую краіну, далучылася да рэнесанснай культуры, новых форм і стыляў, новага разумення прасторы, дэкору.

Кніга з’яўляецца ўнікальнай яшчэ і праз змешчаныя ў яе дадатку біяграфіі беларускіх майстроў. Дзякуючы архіўным звесткам, карпатліва сабраным стваральнікамі выдання, можна даведацца пра жыццёвыя перыпетыі лепшых айчынных творцаў, а таксама створаныя імі помнікі.

Прапануем толькі некаторыя факты, выяўленыя аўтарамі “Беларусаў Масквы…”.

Магілёўскія “цыннікі”

Архіўныя даныя сведчаць, што вялікая колькасць рамеснікаў і жыхароў слабод у Маскве паходзіць з Магілёўшчыны, Полаччыны, Віцебшчыны, Гродзеншчыны, а таксама Віленшчыны. Лічыцца, што ў Расіі беларускія рамеснікі трапілі ў прывілеяваны шэраг царскіх майстроў, звязаных са Збройнай палатай, Залатой і Срэбнай палатамі Крамля. Большая частка вырабаў стваралася імі па замове царскага і патрыяршага двароў. У Маскве беларускіх майстроў-керамістаў называлі “цыннікамі”. Справа ў тым, што для каляровай, пакрытай алавянай глазурай кафлі выкарыстоўвалі вокіс волава, які ў беларускай мове таго часу называўся “цынай”.

Заканадаўцы моды

Выкарыстанне разьбы ў храмах і царскіх палатах рабілі яе надзвычай прэстыжнай з’явай і садзейнічалі пашырэнню на ўсёй тэрыторыі Расіі. На думку Вольгі Бажэнавай, сфарміраваўся нават адметны стыль — “беларуская рэзь”. У выніку храмы, дзякуючы квітненню драўляных кветак, ператвараліся ў райскія мясціны. Поруч з золатам для пакрыцця дрэва выкарыстоўваліся каляровыя эмалі. Нават сёння цяжка растлумачыць, як можна было з валокнаў дрэва зрабіць такія пластычныя ды вытанчаныя прадметы.

/i/content/pi/cult/420/8631/1-4.gif

Карона з акладу іконы. Распісная эмаль XVII ст.

Большасць работ выканана майстрамі з Куцеінскага манастыра, што пад Оршай, якімі кіраваў майстар разьбы па дрэве са Шклова Клім Міхайлаў. Ён жа быў адным з вядучых майстроў знакамітай Збройнай палаты ў Крамлі. Поруч з ім працавалі таксама дзясяткі беларускіх майстроў. Дзякуючы архіўным дакументам вядомы іх імёны: гэта Максім Міхайлаў і Трафім Церлік з Копысі, Якаў Іваноў з Віцебска, Андрэй Фёдараў з Оршы, Фёдар Мікулаеў з Дуброўны, Сцяпан Іваноў з Мсціслава. Яны стваралі высокамастацкія вырабы, у тым ліку зброю, срэбны посуд, ювелірныя вырабы.

Напісана лацінскімі літарамі

Беларусы паставілі ў Маскве першыя спектаклі на зразумелай мясцовым жыхарам мове. Так, “Камедыйнаму дзейству” вучыў маладых мяшчан “бакаляр” Іван Вапашэнінаў, які ў 1664 г. быў узяты “к Москве в воспеваки”. Некаторыя беларусы, апынуўшыся на чужыне, доўга захоўвалі і асаблівасці пісьменства, што існавала на іхняй радзіме. Так, расійскі даследчык С.Богаяўленскі налічыў дзевяць чалавек, якія, жывучы ў Маскве, шырока выкарыстоўвалі лацінку. Сярод іх быў Цімафей Іваноў са Шклова, які трапіў у Маскву ў 1670-м, але і пасля 26-гадовага знаходжання на чужыне пісаў лацінскімі літарамі.

Манастырскія пераезды

Большасць настаяцеляў праваслаўных манастыроў XVII cт., размешчаных на расійскіх землях, мелі характэрныя беларускія прозвішчы. Напрыклад, у Данскім манастыры жылі Іларыён Рагалеўскі (прадстаўнік шляхецкага беларускага праваслаўнага роду з Мінска) і Антоній Адзіновіч, у Богаяўленскім манастыры — Амуросій Савіцкі, у Савіна-Старажэўскім — Сільвестр Чарніцкі з Полацка, які ў 1699 г. быў узведзены ў сан Мітрапаліта Смаленскага. А, да прыкладу, месцам знаходжання манашак Куцеінскай абіцелі стаў Навадзевічы манастыр у Маскве. У 1656-м кіраўніком Навадзевічавага манастыра стала беларуская ігумення з імем Мялання, пра што сведчыць укладная кніга абіцелі. У запісе пад 1664 г. пра яе згадваецца як “прежде жывшеи Кутеинского монастыря игумению на Белой Роси...”.

Аўтар: Канстанцін АНТАНОВІЧ
рэдактар аддзела газеты "Культура"