Арт-праект на Саборнай плошчы

№ 12 (1086) 23.03.2013 - 30.03.2013 г

Нагодай звярнуцца да матэрыялу калег стала ўбачаная ў інтэрнэт-прасторы публікацыя, прысвечаная маштабнаму мінскаму арт-праекту 1911 года і праілюстраваная рэпрадукцыямі карцін тагачасных мастакоў з Беларусі. Арыгіналы тых палотнаў сёння захоўваюцца ў фондах польскіх, расійскіх і літоўскіх музеяў. У аўтара артыкула Вольгі МЕЛЬГУЙ мы пацікавіліся, чаму электронны часопіс “Citydog.by”, матэрыялы якога прысвечаны пераважна сучасным з’явам жыцця беларускай сталіцы, звярнуўся да гістарычнай тэматыкі і што з гэтага атрымалася.

Таксама звярнуцца да публікацыі калег, апроч уласна цікавай фактуры, прымусіла і тое, што большасць аўтараў выстаўкі 1911 года — асобы мастакоў, пра якіх ужо выходзілі альбо рыхтуюцца матэрыялы для рубрыкі "Вяртанне імёнаў". Як жа ўдалося адшукаць сведчанні пра групавую экспазіцыю?

/i/content/pi/cult/419/8598/1-1.jpeg

/i/content/pi/cult/419/8598/1-5.jpeg

Ф.Рушчыц. "Nec Mergitur".

— Калі задумваўся наш праект, — апавядае Вольга Мельгуй, — гістарычная тэматыка хоць і не вызначалася як асноўная, тым не менш, меркавалася як адна з прыярытэтных. Калі ж казаць пра дадзены матэрыял, то асноўным штуршком у яго напісанні можна лічыць знойдзеныя адсканаваныя нумары штотыднёвіка на польскай мове “Віленскі штотыднёвік”. Асобныя яго нумары можна знайсці на сайтах польскіх электронных бібліятэк. Адзінай, але не самай істотнай цяжкасцю стала мова выдання. Нават добра чытаючы сучасныя тэксты па-польску, часам цяжка зразумець мастацтвазнаўчую лексіку, ды яшчэ і стогадовай даўніны. Дапамог мой вопыт працы з польскамоўнай літаратурай: тэматыкай дыпломнага даследавання была гісторыя беларускіх татараў. З раздрукаванымі старонкамі сакавіцкага нумара навукова-літаратурнага часопіса “Віленскі штотыднёвік”, практычна цалкам прысвечанага буйной “Wystawе sztuk pieknych w Minsku”, я накіравалася ў Нацыянальную бібліятэку. Цудам у фондах знайшла каталог гэтай выстаўкі, слава пра якую абляцела ўвесь тагачасны Паўночна-Заходні край. На жаль, у “Нацыяналцы” вельмі мала арыгіналаў перыядычных выданняў пачатку ХХ стагоддзя. Дапамагаюць у такой сітуацыі электронныя копіі, якія можна таксама прагледзець у бібліятэчнай зале.

/i/content/pi/cult/419/8598/1-2.jpeg

У зале — арганізатар падзеі скульптар Яраслаў Тышынскі. Аддзел прыкладнога мастацтва.

— Што ж уяўляе з сябе каталог выстаўкі?

— У каталогу, які нагадвае, хутчэй, невялікую брашуру, былі прапісаны ўсе прадстаўленыя ў рамках мастацкага праекта работы, а гэта 166 арт-аб’ектаў 47 мастакоў, ювеліраў і скульптараў. Знайсці выявы хаця б некаторых з іх дапамог Інтэрнэт. У прыватнасці, у Сеціве былі адшуканы рэпрадукцыі карцін Фердынанда Рушчыца. І тым не менш, большая частка ілюстрацый — з часопіса “Віленскі штотыднёвік”. Справа ў тым, што наш славуты фотамастак Ян Булгак зрабіў для выдання вялікі рэпартаж. На выстаўцы былі прадстаўлены і самі работы фатографа. У каталогу напісана, што ў клубе можна было пабачыць 18 здымкаў Булгака, палова з якіх выканана ў складанай тэхніцы: алейны друк з ужываннем афортнай фарбы і з дадатковай апрацоўкай фота пэндзлем.

— Наколькі рэальна, на вашу думку, сёння сабраць у Мінску ў рамках праекта хоць бы частку прадстаўленых твораў?

/i/content/pi/cult/419/8598/1-4.jpeg

Б.Адамовіч. "Штудыі".

— На жаль, будынак, дзе праходзіла выстаўка, да нашых дзён не захаваўся. Арт-праект быў арганізаваны ў памяшканні клуба “Ognisko”, які знаходзіўся ў цэнтры горада — на Саборнай плошчы, 4, — у доме Ляхоўскага. Сёння на гэтым месцы знаходзіцца Акадэмія музыкі. І калі карціны гіпатэтычна можа ўзяць на дэпазіт, скажам, Музей гісторыі горада Мінска, то адшукаць ювелірныя вырабы бачыцца задачай надзвычай складанай. Дарэчы, аналагічная выстаўка праводзілася і ў 1912 годзе, — праўда, яна была ўжо не такая прадстаўнічая. Пасля, як вядома, паўнавартаснае культурнае жыццё Мінска перарвалася падзеямі Першай сусветнай вайны, Кастрычніцкай рэвалюцыі.

/i/content/pi/cult/419/8598/1-3.jpeg

Г.Вайсенгоф. "Прадчуванне".

— Думаецца, тэма культурнага жыцця не вычэрпваецца адным гэтым матэрыялам…

— Сапраўды, беларускія выданні пачатку ХХ стагоддзя змяшчалі на сваіх старонках вельмі цікавыя артыкулы, звесткі з якіх актуальныя і для сённяшняга чытача. Трэба паказваць, што Мінск быў не такім ужо і правінцыйным горадам Расійскай імперыі, які пастаянна знаходзіўся ў цені Вільні, што ў ім віравала культурнае жыццё. Я стараюся звяртацца да гэтага кірунку, арыентуючыся, найперш, на шырокую аўдыторыю. У будучым планую закрануць тэму гісторыі не толькі культурнага жыцця сучаснай беларускай сталіцы, але і жыцця паўсядзённага, побытавага. Думаецца, будзе цікава даведацца пра тагачасныя мінскія кавярні, месцы адпачынку або пра такі факт: у 1911-м у Мінску афіцыйна працавала адзінаццаць масажыстаў. Хто ведае, якія яшчэ таямніцы адкрые нам перыёдыка стогадовай даўніны…

У афармленні матэрыялу выкарыстаны архіўныя фота і фотарэпрадукцыя Яна Булгака (1 — 3), надрукаваныя ў "Віленскім штотыднёвіку", а таксама рэпрадукцыі карцін мастакоў — удзельнікаў выстаўкі (4 — 5).

Аўтар: Канстанцін АНТАНОВІЧ
рэдактар аддзела газеты "Культура"