Гэты брэндавы фестываль праходзіў у абласным цэнтры з 9 па 12 студзеня і сабраў выканаўцаў амаль з 20 краін свету. Арганізатары мерапрыемства — абл- і гарвыканкамы.... Па словах Тамары Паўлюковіч, упраўленне культуры звярнулася да кіраўніцтва прыватных банкаў. На “...Вечары” з іх боку было выдаткавана каля 200 мільёнаў рублёў. Апрача гэтага, істотна дапамог адзін з мабільных аператараў, а таксама фірмы і прадпрыемствы самай рознай формы ўласнасці...
Як жа была наладжана вось такая плённая сувязь з інвестарамі! Па словах Тамары Паўлюковіч, скантактавалі з імі не адразу. Натуральна, без сістэмнасці тут не абысціся. Таму пэўны час быў выкарыстаны на ўзаемаразуменне. А сапраўднае сяброўства пачалося толькі пасля таго, як упраўленне культуры ад рэгулярнага ліставання перайшло да асабістых стасункаў з прыватнікамі. Зразумела, прайшоў не дзень і не два. Але потым зацікаўленыя бакі ўжо разам вырашылі, які спосаб пералічэння грошай — найбольш зручны.
Спонсары спонсарамі, але ва ўпраўленні культуры Брэсцкага аблвыканкама спадзяюцца і на ўласныя сілы. Тамара Паўлюковіч распавядае, што практычна кожны раён Брэстчыны мае брэндавыя фэст, свята, пленэр. І ніхто не адмяняў іх правядзенне за кошт рэспубліканскага ды мясцовага бюджэтаў. Сам час даказаў іміджавасць і важкасць гэтых мерапрыемстваў.
Адзін з новых творчых праектаў — пошук маладых выканаўцаў, якія змогуць спець — выступіць пад акампанемент сімфанічнага аркестра Брэсцкага дзяржаўнага каледжа імя Рыгора Шырмы.