Як у Цэнтрал-парку

№ 4 (1078) 26.01.2013 - 02.02.2013 г

Кобрыншчына — той раён, пра які наша газета пісала неаднойчы. Ды, тым не менш, і сёння каманда “К” трапіла ў палон яго “мяккага” абаяння. Аблічча самога Кобрына стварае, як прынята казаць у суседзяў, “старэ място”: як высветлілася, гістарычная забудова горада з’яўляецца помнікам гісторыка-культурнай спадчыны. А ўваходзіць у гэты комплекс ажно 182 будынкі.

Вядома, адзін з самых славутых аб’ектаў горада — Кобрынскі ваенна-гістарычны музей імя А.В. Суворава. Большасць экспанатаў — арыгіналы і рарытэты XVIII стагоддзяў. Напрыклад, што да экспазіцыі “Сувораўскі дом”, то гэта посуд з так званых ардэнскіх сервізаў, упрыгожаныя напаўкаштоўнымі камянямі касцюмы вяльможаў, ваенная зброя і абмундзіраванне… У новым будынку, дзе знаходзіцца экспазіцыя “Гісторыя Кобрыншчыны”, — гэта і скарб манет, знойдзены на тэрыторыі сённяшняй Брэсцкай вобласці ў часы Рэчы Паспалітай, і арыгіналы абмундзіравання — рускага, саксонскага, французскага — салдат вайны 1812 года.

Але ж акрамя ўласна ўнікальнага насычэння, музей прапаноўвае і насычаныя экскурсіі.

/i/content/pi/cult/410/8398/7-1.jpeg

 — Сёння шматлікія групы пытаюцца ў нас наконт пераасэнсавання постаці Аляксандра Суворава, — адзначае дырэктар установы Алена Бабенка. — Мы гатовы падрабязна адказаць на ўсе пытанні…

Паміж музейшчыкамі Брэстчыны няма непаразумення, удакладняе спецыяліст. І нягледзячы на тое, што сёння расце папулярнасць, скажам, асобы і спадчыны ўраджэнца Івацэвіччыны Тадэвуша Касцюшкі, лёс Суворава шчыльна знітаваны з кобрынскай зямлёй. На думку Алены Віктараўны, тут варта лічыцца з мінулым, якім бы яно ні было.

/i/content/pi/cult/410/8398/7-2.jpeg

Кобрын не быў бы Кобрынам і без парку імя Суворава. Каманда “К” была асабліва ўзрушана яго хараством узімку і літаральна “хатняй” утульнасцю. Дырэктар культурна-забаўляльнага ўнітарнага прадпрыемства Ірына Карабчук пазнаёміла нас з усімі адметнасцямі гэтага помніка прыроды рэспубліканскага значэння, дзе сёння — больш за 70 відаў дрэў і кустоў. Парк, што з’яўляецца адным з найстарэйшых на Беларусі, мае цалкам сучасную інфраструктуру. Сёння ў ім знаходзіцца амфітэатр на 2 000 месцаў, аквапарк, працуе дзіцячы цэнтр “Кеша”, што знаходзіцца ў стылізаваным казачным замку. А яшчэ ён прапаноўвае паслугу “амаль як” у нью-ёркскім Цэнтрал-парку — прагулку ў карэце. Здзяйсняюць конную вандроўку, звычайна, маладыя пары, якія, зладзіўшы шлюбную цырымонію на “Востраве кахання” (а такая выгода таксама прадастаўляецца), у атачэнні кобрынскіх дрэў, прыгожа ўязджаюць у новае жыццё…

Вось такі ён, горад знакавых бітваў і паркавых шатаў…

Аўтар: Дар’я АМЯЛЬКОВІЧ
аглядальнік газеты "Культура"