“Беларускі экватар Аляксандра Дзітлава”

№ 5 (1079) 02.02.2013 - 09.02.2013 г

Канец мінулага года адзначыўся яшчэ адной выбітнай падзеяй: у Нацыянальным гістарычным музеі Рэспублікі Беларусь пад такой назвай адкрылася выстаўка Аляксандра Сяргеевіча Дзітлава — фатографа, ваеннага карэспандэнта, заслужанага журналіста Беларусі, Чалавека з вялікай літары, сведкі цэлай эпохі, які здолеў адметна захаваць яе на сваіх здымках. Экспазіцыя была прымеркавана да 100-годдзя з дня нараджэння Майстра.

Менавіта фота перыяду Вялікай Айчыннай вайны зрабілі славу Аляксандру Сяргеевічу. “Кулямётчык Мікалай Качанаў”, “Салдацкая каша”, “Дамоў”, серыя “У вызваленым Мінску”, вялізнае фотапалатно “Кавалеры ордэна Славы, байцы 2-га гвардзейскага Ярцаўскага матацыклетнага палка”, што знаходзіцца ў Музеі гісторыі Вялікай Айчыннай вайны, — работы амаль хрэстаматыйныя для айчыннай фотажурналістыкі. Але ж творчая спадчына Аляксандра Дзітлава не вычэрпваецца адно ваеннымі фотаздымкамі. І магчымасць пераканацца ў майстэрстве фатографа дае названая выстаўка.

/i/content/pi/cult/409/8378/1-1.jpeg

Высветлілася, што Аляксандр Сяргеевіч — гэта не толькі таленавіты фотакарэспандэнт, дасціпны дакументаліст, але, да ўсяго, і тонкі лірык ды партрэтыст. У экспазіцыі, якая складаецца са здымкаў 1945 — 1969 гг.,  — і брэсанаўскія “замалёўкі”  (тыя ж “Зімовыя забавы. 1964 г.”), і элегічныя пейзажы (“На возеры Нарач. Човен. 1960 — 1963 гг.”), і ўрбаністычная дакументалістыка (“Від на Верхні горад. 1969 г.”), а таксама выразныя партрэты. Адзначым, гэта выявы як простых людзей  (“Партрэт нарачанскага рыбака Роліча. 1959 г.”), так і выбітных дзеячаў беларускай культуры: пісьменнікаў Янкі Брыля, Івана Мележа, Петруся Броўкі, Якуба Коласа, Уладзіміра Караткевіча, слыннага фатографа Ісака Салавейчыка…

Асабліва “чапляюць вока” творы, дзе Аляксандр Дзітлаў раскрываецца як улюбёны ў прыроду фотамастак: гэта работы з альбома “Там, дзе сінее Нарач” (ён быў выдадзены Дзяржаўным архівам СССР у Мінску ў 1963 годзе), серыя “На паляванне”… У іх фатограф, нібыта абстрагуючыся ад гарадскога тлуму, навалы падзей, набліжаецца да ўнутранай гармоніі ды спакою. І, да ўсяго, праяўляе сябе як, можна сказаць, і выдатны фатограф-піктарыяліст, які добра ведае жывапісныя каноны ды не баіцца эксперыментаваць.

/i/content/pi/cult/409/8378/1-2.jpeg

Аляксандр Дзітлаў быў нястомным актывістам: ён удзельнічаў у шматлікіх фатаграфічных форумах (на экспазіцыі можна ўбачыць ягоны дыплом удзельніка I Біенале мастацкай фатаграфіі ў Гданьску і Мальбарку), з’яўляўся арганізатарам Выстаўкі беларускай мастацкай фатаграфіі, быў адным з арганізатараў часопіса “Маладосць”. Як чалавек свецкі і “дзякуючы службе” сустракаўся з “великими мира сего”: вітаўся за руку з Пятром Машэравым, перапісваўся з Ільёй Эрэнбургам, абедаў са знакамітай зорнай парай Аляксандраў — Арлова… На выстаўцы ёсць магчымасць пазнаёміцца і з некаторымі аспектамі біяграфіі фотамастака. Але ж галоўнае, мабыць, не ў гэтым… Аляксандр Сяргеевіч захаваў здольнасць за знешнім бачыць існае, за пышнасцю цырымоній — вартасць сапраўдных людзей і ўчынкаў, у прастаце і нават галечы, якую прынесла вайна для чалавека, — заўважаць прыгажосць ды годнасць… Вось што кранае ў яго работах: сэрца вялікага гуманіста, якое аддадзена фатаграфіі як сродку спасціжэння жыцця...

Аўтару гэтых радкоў пашчасціла сустрэцца з Аляксандрам Сяргеевічам у 2004 годзе. Размова ішла пра ваенны перыяд, але ўзгадаю такія словы фатографа: “Мне не хочацца расставацца з гісторыяй. Бо калі я даведаюся пра ўсё (маецца на ўвазе тое, што сёння здарылася з яго героямі. — Д.А.), зразумею, што яно — мінула. А так яно ўсё са мною. Сапраўдная каштоўнасць фатаграфіі ў тым, што яна ідзе ўслед за чалавекам. Гэта — памяць, летапіс. І важна, што ты для гэтага летапісу нешта зрабіў…”

/i/content/pi/cult/409/8378/1-3.jpeg

Важна і тое, што гэтае “нешта” ў нас ёсць магчымасць ведаць ды бачыць дзякуючы высілкам арганізатараў і партнёраў выстаўкі — Нацыянальнага гістарычнага музея Рэспублікі Беларусь, Беларускага дзяржаўнага архіва кінафотафонадакументаў у Дзяржынску і дачцэ фатографа Вользе Дзітлавай.

P.S. Цікава, што работа “Якуб Колас на возеры Нарач (1956 г.)”  — на ёй беларускі класік стаіць, абапіраючыся на посах, летуценна ўглядаючыся ўдалячынь, — у свой час была апублікавана ў “Культуры” за аўтарствам Міхася Лынькова. Але подпіс зазначае, што гэтае фота было размешчана ў тым самым аўтарскім фотальбоме “Там, дзе сінее Нарач”, а значыць, перад намі — сапраўдная загадка: каму ж насамрэч належыць гэты таленавіты партрэт? Прэтэндаваць на яго аўтарства могуць як вядомы фатограф, так і сябра ды калега Якуба Коласа — пісьменнік Міхась Лынькоў. А мо яны ў адзін і той жа момант, у адным і тым жа месцы абодва нацэлілі свае фотааб’ектывы на Песняра? Гэтая інтрыга — выдатная падстава для дадатковага даследавання…

Фота Аляксандра Дзітлава аўтарства Юрыя ІВАНОВА — з архіва газеты "Культура"

Аўтар: Дар’я АМЯЛЬКОВІЧ
аглядальнік газеты "Культура"