3D перанесла ў Вязынку

№ 2 (1076) 12.01.2013 - 18.01.2013 г

Спецыяльная прэмія Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь дзеячам культуры і мастацтва

Зусім не выпадкова сёлета спецыяльную прэмію Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь дзеячам культуры і мастацтва атрымаў і калектыў Дзяржаўнага літаратурнага музея Янкі Купалы — за вялікую працу па захаванні і папулярызацыі спадчыны Янкі Купалы. Летась такая дзейнасць была прысвечана 130-годдзю з дня нараджэння нашага славутага класіка.

/i/content/pi/cult/407/8329/12-1.jpeg

Як адзначыла дырэктар музея Алена Ляшковіч, у юбілейны год было вырашана больш мэтанакіравана развіваць новыя формы работы, у тым ліку — інтэрактыўныя. Распрацавалі праграмы паводле беларускіх народных традыцый, а таксама літаратурнай спадчыны Янкі Купалы. Яскравым сведчаннем такой палітыкі стала і ўкараненне ўнікальнай для айчынных музеяў тэхналогіі фармату 3D, якая дазваляе віртуальна перанесціся ў родныя мясціны Песняра — Вязынку — і менавіта ў перыяд святкавання Купалля.

Відавочна, што юбілей класіка даў моцны імпульс да далейшага развіцця ўстановы. Менавіта ў 2012 годзе Літаратурны музей Янкі Купалы адкрыў новыя экспазіцыйныя залы. Сярод іншага, новы фармат прадугледжвае дэманстрацыю асабістых рэчаў творцы, яго арыгінальных фотаздымкаў, нумароў газет, а таксама дакументаў з электроннымі копіямі.

 

/i/content/pi/cult/407/8329/12-2.jpeg

Акрамя таго, да юбілею класіка айчыннай літаратуры музеем былі арганізаваны і разнастайныя праекты, якія карысталіся велізарным поспехам у грамадскасці. Сведчаннем таму можа стаць наступны факт: творы Купалы чыталі ў рамках падобных акцый амаль сем тысяч чалавек — як вучні школ, так і чыноўнікі, дыпламаты дэкламавалі санеты, фрагменты паэм Песняра. На думку Алены Ляшковіч, прыцягненню ўвагі да купалаўскага слова спрыяла таксама правядзенне маштабных фестываляў ды святаў.

Аднак, на думку дырэктара музея, вялікая праца чакаецца і сёлета. Наперадзе — рамонт і завяршэнне работ па астатняй частцы пастаяннай экспазіцыі, стварэнне ў ёй інтэрактыўнай зоны, тэма якой звязана са знакамітым вершам Янкі Купалы “Хлопчык і лётчык”.

Фота Юрыя ІВАНОВА
Аўтар: Канстанцін АНТАНОВІЧ
рэдактар аддзела газеты "Культура"