Дваццаць гадоў дабрачыннасці

№ 2 (1076) 12.01.2013 - 18.01.2013 г

Прэмія Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь "За духоўнае адраджэнне"

 

У суквецці поліканфесійнага і шматнацыянальнага Гродна вылучаецца і дзейнасць Беларускай Праваслаўнай Царквы. Адным з яскравых прыкладаў руплівай працы на карысць асветы шырокіх слаёў грамадскасці з’яўляецца Свята-Ражджаства-Багародзічны стаўрапігійны жаночы манастыр у Гродне, ігумення якога — матушка Гаўрыіла — сёлета атрымала прэмію Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь “За духоўнае адраджэнне”. Як адзначана ва Указе Прэзідэнта — за значны асабісты ўклад у духоўнае адраджэнне Беларусі, выдавецкую, духоўна-асветніцкую дзейнасць і дабрачынную працу па захаванні гісторыка-культурнай спадчыны.

Напярэдадні ўручэння ўзнагароды ігумення Гаўрыіла ў размове з карэспандэнтам “К” распавяла пра асноўныя дасягненні манастыра за апошнія два дзесяцігоддзі.

— Адгукаючыся на жыццёвы дэвіз і заклік нашага Экзарха, Высокапраасвяшчэннейшага Мітрапаліта Філарэта: "Спяшайцеся рабіць дабро», — у меру сваіх сіл стараюся дапамагчы людзям шукаць і, па магчымасці, знаходзіць дарогу да Бога”, — адзначыла ігумення Гаўрыіла. — Што ж да дзейнасці самой абіцелі, то пры Гродзенскім Свята-Ражджаства-Багародзічным стаўрапігійным жаночым манастыры больш за дваццаць гадоў існуе дзіцячая нядзельная школа, якая налічвае больш за сто чалавек. Сімвалічна, што яна адкрыла свае дзверы самай першай у Гродне, у 1992-м.

Акрамя таго, сёстры манастыра рэгулярна аказваюць дапамогу дзецям-інвалідам, адзінокім людзям сталага веку, шматдзетным сем’ям, што ажыццяўляецца разам з Маладзёжнай групай "Міраносіцы". Яна ж, у сваю чаргу, актыўна ўдзельнічае ў асветніцкім ды сацыяльным жыцці горада.

Варта адзначыць, што ў 2000 годзе Гродзенскі манастыр выступіў з ініцыятывай святкавання Праваслаўнага Жаночага Дня — Святых Жанчын-міраносіц. У цяперашні час адзначэнне падзеі выйшла далёка за межы манастыра.

Таксама з 2000 года аднавілася старажытная народная традыцыя — славіць Хрыста ў час цудоўнага свята Ражджаства. Поўны аўтобус дзяцей, моладзі, дарослых з каляднай зоркай вандруе па гарадскіх прадпрыемствах, спявае і калядуе. Таксама дружна мы наведваем дзіцячую і дарослую абласныя бальніцы, дзіцячы дом, запрашаем на святочны ранішнік дзяцей-інвалідаў...

Ігумення Гаўрыіла адзначыла і плённае супрацоўніцтва жаночага манастыра ў горадзе над Нёманам са студэнтамі Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Янкі Купалы. З апошніх дасягненняў можна вылучыць і запіс трох дыскаў царкоўных, дзіцячых і народных песень дзіцячым і маладзёжным хорамі, створанымі пры манастыры.

Да таго ж, Гродзенскі манастыр надае вялікую ўвагу выдавецкай дзейнасці. У прыватнасці, выйшлі з друку кнігі "Жыровіцкі Свята-Успенскі манастыр" і "Гродзенскі Ражджаства-Багародзічны манастыр”, брашуры «Паломніцтва ў Святую Зямлю» і, летась, "Багародзічная абіцель над Нёманам", а таксама некалькі буклетаў, прысвечаных жыццю і дзейнасці манастыра за мінулыя дваццаць гадоў  — з часу яго адраджэння.

Кастусь АНТАНОВІЧ

Аўтар: Канстанцін АНТАНОВІЧ
рэдактар аддзела газеты "Культура"