"Ладная сукенка" клопату ад медыцынскага цэнтра

№ 2 (1076) 12.01.2013 - 18.01.2013 г

Прэмія Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь "За духоўнае адраджэнне"

Гомельскі абласны дыягнастычны медыка-генетычны цэнтр з кансультацыяй «Шлюб і сям’я» праводзіць больш за восем з паловай тысяч кансультацый на год. «Наша задача — як мага раней даць інфармацыю пацыентам у найбольшым аб’ёме, — акрэслівае прафесійнае крэда калектыву галоўны ўрач установы Алег Крывалапаў. — Зыходзячы з гэтай мэты і будуюцца стасункі як паміж спецыялістамі ўнутры калектыву, так і паміж прафесіяналамі ды сямейнымі парамі». І дзякуючы выкананню гэтай задачы ўзровень дзіцячай смяротнасці ад прыроджаных парокаў развіцця на Гомельшчыне на сёння — адзін з самых нізкіх у краіне.

На пытанне карэспандэнта "К", што ж можа сёння сучасная дыягностыка, Алег Усеваладавіч адказвае: “Вядома, яна мае свае межы. Але працэнт хібнасці, які дапускае гомельскі Цэнтр, не адрозніваецца ад адпаведных дыягназаў, што даюць урачы падобных устаноў свету”.

— Маем моцны рэсурс спецыялістаў, — тлумачыць ён складнікі поспеху ўстановы. — Урачы штогод наведваюць адпаведныя спецыялізаваныя кангрэсы, семінары, а потым імкнуцца ўкараніць у нас убачанае і назапашанае...

Алег Крывалапаў дадае: сочаць у Цэнтры і за наяўнасцю (ды наладжанай працай) адпаведнага сучаснага тэхнічнага абсталявання.

— У бягучым годзе мы плануем палепшыць наш парк ультрагукавых апаратаў, абнавіць лабараторнае абсталяванне і, натуральна, аптымізаваць нашы даследаванні, — распавядае Алег Усеваладавіч. — Каб, да прыкладу, тыя пары, якія прыязджаюць да нас з вобласці, з усёй краіны, маглі атрымаць вынікі пэўных даследаванняў не праз два тыдні, бо многім людзям даводзіцца чакаць цягам дадзенага тэрміну, а — праз тры дні. Пагадзіцеся, гэта істотная перавага…

Ды яшчэ калектыў Цэнтра з дапамогай сучасных апаратаў паспрабуе спалучыць ультрагукавы скрынінг і біяхімічны на прыроджаныя парокі развіцця і храмасомныя парушэнні. «Гэта дазволіць разлічыць літаральна індывідуальную рызыку на прыроджаныя парокі», — падсумоўвае галоўны ўрач Цэнтра, падкрэсліваючы, што падобная працэдура будзе ўведзена ўпершыню на тэрыторыі Гомельскай вобласці.

«Вось вам прыклад тых самых перадавых тэхналогій у свеце, якія працуюць у нас», — зазначае Алег Усеваладавіч. І, у той жа час, ён дадае, што рэпутацыя Цэнтра ўсё ж мацуецца не толькі адно сучасным абсталяваннем. «Вядома, яна грунтуецца перадусім на імпэце супрацоўнікаў, — адзначае ён, — бо калі спецыяліст «хварэе» за сваю працу, то і вынік будзе. А калі душы ў справе няма, то можа атрымацца, як у тым анекдоце пра дрэнны пінжак: здаецца, і гузікі добрыя, і рукавы не доўгія, а не сядзіць чамусьці касцюмчык — і ўсё!»

Аўтар: Дар’я АМЯЛЬКОВІЧ
аглядальнік газеты "Культура"