“Фанфары” ў гонар парфорснага

№ 2 (1076) 12.01.2013 - 18.01.2013 г

Адкуль кавалерысты на Пастаўшчыне?

Ці не самай галоўнай адметнасцю Паставаў, што на Віцебшчыне, з’яўляецца палац Тызенгаўзаў, ход рэстаўрацыі якога пастаянна адсочвае “К”. Аднак не толькі ён мае багатую і надзвычай цікавую гісторыю. Справа ў тым, што на Пастаўскай зямлі ў ХІХ ст. размяшчалася славутая на ўсю Расійскую імперыю Санкт-Пецярбургская афіцэрская кавалерыйская школа, адметнасцю якой было так званае парфорснае паляванне — да слова, нацыянальны від спорту ў Вялікабрытаніі.

Варта адзначыць, што матэрыял пра гэтую старонку айчыннай гісторыі прадстаўлены ў Пастаўскім раённым краязнаўчым музеі. У будучым артэфакты, звязаныя з кавалерыйскай школай, па словах дырэктара музея Раісы Курачанка, складуць асобную экспазіцыю.

/i/content/pi/cult/407/8314/14-2.jpeg

Але як звязана Санкт-Пецярбургская ваенная навучальная ўстанова з гісторыяй нашай зямлі? Аказваецца, гэтая прэстыжная кавалерыйская школа мела свой філіял у Паставах: менавіта там для практыкі ўдасканалення язды верхам ажыццяўляўся курс парфорснага палявання.

Уведзеныя з 1897 года ў Афіцэрскай кавалерыйскай школе парфорсныя паляванні мелі на мэце ўсебаковае засваенне афіцэрамі тэхнікі падрыхтоўкі коней да ўзмоцненай палявой працы і атрымання добрай практыкі ў палявой яздзе. У прыватнасці, у парфорсе (назва паходзіць ад наймення калючага ашыйніка для сабак, што выкарыстоўваўся для іх дрэсіроўкі) быў важны не вынік самога палявання, а ўменне будучага афіцэра ўтрымліваць каня ў напрамку, які абралі сабакі, пераследуючы звера. Рухаючыся за імі, коннік абавязаны быў пераадольваць любыя перашкоды: кустоўе, карчы, балоцістыя мясціны. Не дзіва, што часцяком на такім паляванні вайскоўцы ламалі рэбры ды ногі.

Праўда, як сведчаць дакументы, пасля таго, як афіцэры сапсавалі пасевы сялян і да смерці запалохалі сваім лямантам нямала дзяцей, правілы гульні ў парфорсным паляванні істотна змянілі. І самае галоўнае — пакінулі ў спакоі дзікіх жывёл. Замест іх выкарыстоўвалі старую вопратку, якая папярэдне “араматызавалася” лісіным духам ды размяшчалася па абраным маршруце егерамі. І толькі пасля гэтага выпускаліся сабакі, за якімі мусілі на ўсіх парах імчаць коннікі. Такое паляванне дае магчымасць выбраць цікавы маршрут з разнастайнымі сур’ёзнымі, але, разам з тым, пераадольнымі перашкодамі, паколькі тая ж ліса або алень маглі завесці паляўнічага ў топкія непралазныя балоты.

Вось як апісвае гэтае паляванне адзін з яго ўдзельнікаў, былы драгунскі афіцэр А.Далматаў: “…За собаками во весь опор неслись охотники. Заборы трещали под ударами копыт и порой валились… Но бывало, что валился не забор, а всадник с лошадью. Тогда казалось, что упавшие не соберут костей. Однако уже через минуту всадник, громко кляня черта за непредвиденную задержку, оказывался опять в седле. Бабы и дети ревели навзрыд от страха. Спустившись в овраг, лошади, как кошки, стали карабкаться на кручу. После осеннего дождя они спотыкались и скатывались вниз…”

Калі казаць пра склад удзельнікаў, то гэта былі афіцэры пастаяннага і пераменнага складу, унтэр-афіцэры — наезнікі і кандыдаты на пасаду камандзіра палка. З 15-га чэрвеня пачыналася вытрымка коней для парфорсных паляванняў. Кожны будучы ўдзельнік мусіў мець па двое коней, з якімі ён працаваў праз дзень. Падрыхтоўка складалася з адзіночнай палявой язды і пераскокванні праз перашкоды. У 1904 годзе Кавалерыйскай школай было пабудавана спецыяльнае скакавое кола з так званымі мёртвымі перашкодамі палявога тыпу ў сярэдзіне. Самі ж паляванні адбываліся праз дзень з канца ліпеня па пачатак кастрычніка.

З 1899-га Афіцэрская кавалерыйская школа арандавала асобную тэрыторыю ў маёнтку графа Пшаздзецкага ў мястэчку Паставы, якія тады адносіліся да Дзісненскага павета Віленскай губерні. Былі пабудаваны ўсе неабходныя памяшканні: паляўнічы замак, стайні на дзвесце коней, звярынец для аленяў і сабакарня. Акрамя гэтага, былі абсталяваны траса для скачак і поле для канкуру. Для адпачынку адмыслова зрабілі тэнісныя корты.

Адметны факт. У 1901 годзе вялікі князь і будучы імператар Мікалай Мікалаевіч наведаў Паставы і прыняў удзел у паляванні. У яго гонар паляўнічы замак атрымаў назву “Мікалаеўскі”. Невыпадкова паляванні ў Паставах карысталіся цалкам заслужанай славай. Быў нават напісаны і ў свой час карыстаўся папулярнасцю марш “Пастаўскія фанфары”…

На здымку: такога кшталту паляванні ладзілі кавалерысты і на Пастаўшчыне.

Аўтар: Канстанцін АНТАНОВІЧ
рэдактар аддзела газеты "Культура"