Пра сэнс таямнічай фразы, вынесенай у загаловак, вы зможаце даведацца ніжэй. А пакуль канстатуем: Другая Нацыянальная музычная прэмія ў галіне эстраднага мастацтва атрымала не меншы розгалас, чым Першая. А разам з ім — і шматлікія абмеркаванні, як палепшыць становішча ды зрабіць гэты конкурс больш прэстыжным і ўплывовым. Спявачка Ірына Відава, уладальніца Прыза глядацкіх сімпатый Першай Нацыянальнай прэміі, падзялілася з рэдакцыяй сваімі меркаваннямі, якія мы друкуем у скароце.
“Сёлета для многіх нечаканай навіной стала адмена Прыза глядацкіх сімпатый. Прычым вядома гэта стала літаральна напярэдадні, што і выклікала шмат пытанняў. Узнікалі і многія іншыя непаразуменні, і не ў мяне адной. Каб такога было менш, умовы конкурсу, мяркую, павінны быць максімальна празрыстымі. Чаму, да прыкладу, адразу не абнародаваць спісы членаў адборачнай камісіі і экспертнага савета? Да таго ж, наўрад ці мэтазгодна змяняць склад журы на розных этапах адбору, бо гэта можа прыводзіць да некаторай змены эстэтычных крытэрыяў і недастатковасці адчування адказнасці за прынятыя рашэнні. Затое было б, пэўна, справядліва, каб удзельнікі конкурсу не ўваходзілі ў склад журы. Няўжо ў нас так мала музыкантаў, што іначай не атрымаецца?
Пра тое, хто як галасуе, зараз немагчыма даведацца нават шляхам журналісцкага расследавання. А чаму б не прыводзіць тыя абмеркаванні ў тэле- ці інтэрнэт-трансляцыі? Праект, упэўнена, аказаўся б адным з самых рэйтынгавых, праглядаў было б — безліч. У рэшце рэшт, гэта прыцягнула б больш грамадскай увагі і да самой прэміі.
Дарэчы, да ўдзелу было б добра прыцягваць не толькі СТБ, але і прадстаўнікоў іншых тэлеканалаў ды СМІ, бо, нягледзячы на здаровую канкурэнцыю, яны робяць адну агульную справу. Пакуль жа — у рэкламным роліку ўручэнне прэміі пазіцыянавалася як “вечар, які зменіць усё”. А насамрэч — усё тыя ж асобы, што двума-трыма гадамі раней атрымлівалі прэмію СТБ.
Думаецца, большы ўплыў павінна аказваць усё ж не тэлебачанне, а Міністэрства культуры — як сузаснавальнік прэміі і адпаведны орган дзяржаўнага кіравання. На мой погляд, падзяленне паўнамоцтваў паміж імі магло б быць наступным: "Сталічнае тэлебачанне" адказвае за “карцінку” і саму форму правядзення цырымоніі, а Міністэрства культуры — за змест, бо яго спецыялісты валодаюць прафесійным разуменнем культурных працэсаў, могуць даць ацэнку ўзроўню канкурсантаў, пасадзейнічаць жанраванай разнапланавасці.
Адпаведна, больш стыльным павінна быць само вядзенне цырымоніі. Павярхоўныя жарты з разраду “што бачу, пра тое і спяваю” добра праходзяць на карпаратывах, але зусім не стасуюцца са статусам Нацыянальнай прэміі. Дый звычайнае абвяшчэнне артыстаў павінна быць хаця б стылёва правільным. І дагэтуль не магу забыць, як год таму прадставілі мяне: “Лідарам гонкі за Прыз глядацкіх сімпатый перамагае Ірына Відава!..”.
Калі прэмія — музычная, дык на сцэне павінны быць музычныя атрыбуты і сімвалы. Але месца для раяля на сцэне ні на Першай, ні на Другой прэміі “не хапіла”. Дый у час “Залатой калекцыі-2012” кампазітарам, чые песні выконваліся, прапаноўвалі стаяць за электроннымі клавішамі.
Прэстыж прэміі — гэта не столькі колькасць удзельнікаў. Калі арганізатары кажуць, што заявак сёлета было каля тысячы і гэта ўдвая больш, чым летась, дык супакойвацца рана. Бо прафесійных музыкантаў і, асабліва, аматараў у нас хапае. Але колькасць — гэта не заўсёды якасць. Ужо адно такая мера, як адмена на конкурсе фанаграм, адразу “адсеяла” б выпадковых удзельнікаў і надала б прэміі большую павагу. Прэстыж могуць павысіць толькі рэальна паспяховыя артысты, якіх сапраўды цікава глядзець і слухаць. Удзел у конкурсе — рызыка для рэпутацыі знакамітых людзей. І прэмія павінна быць настолькі важнай для кар’еры, каб ім хацелася рызыкнуць, нават ахвяраваць гастрольным графікам ці іншымі планамі.
Таму, каб узняць статус прэміі да сапраўды Нацыянальнай, трэба далучаць грамадскасць, раіцца з дзеячамі культуры, якія маюць аўтарытэт. Толькі сапраўды паспяховыя ў эстрадзе дзеячы могуць больш ці менш аб’ектыўна расставіць прыярытэты і тым самым вызначыць напрамак, па якім будзе развівацца наша музычная культура надалей”.
Каб высветліць пазіцыю Міністэрства культуры ў адносінах да далейшага развіцця Нацыянальнай музычнай прэміі, мы задалі некалькі пытанняў першаму намесніку міністра культуры Рэспублікі Беларусь Уладзіміру Карачэўскаму, які ўваходзіў у склад журы:
— Уладзімір Міхайлавіч, што, на ваш погляд, трэба прадстаўнікам рэгіёнаў, каб “прабіцца” не толькі ва ўдзельнікі, але і ў пераможцы? Бо пакуль сярод лаўрэатаў прэміі, што мае статус нацыянальнай, — спрэс сталічныя салісты і калектывы. Ці не зніжае гэта яе нацыянальны размах?
— У нас быў і будзе адзін крытэрый — якасць музычнага матэрыялу. Прызнаюся, мы не звярталі асаблівай увагі на тое, хто адкуль. Бо калі добра — яно і ёсць добра, без аніякіх “зніжак” на месца паходжання. Мы будзем толькі рады, калі ў мясцовых гуртоў будуць з’яўляцца цікавыя музычныя ідэі і магчымасць іх выйгрышна паднесці — у сучаснай прафесійнай аранжыроўцы, добрым запісе, каб песня трапіла ў эфір і мела поспех у слухачоў, атрымала б іх сапраўднае прызнанне. На жаль, да гэтага імкнуцца не ўсе. А сёння, між тым, магчымасці куды больш вялікія — ва ўсіх, без выключэння. Бо дзякуючы Інтэрнэту, агульнадаступнай стала любая інфармацыя. Сёння няцяжка даведацца, што і як робіцца ў свеце, чым жыве замежная эстрада, якія існуюць тэндэнцыі ў сучаснай сусветнай культуры. Усё гэта і павінны ўлічваць прэтэндэнты на высокую ўзнагароду, бо лепшыя нацыянальныя здабыткі, якія і адзначаюцца гэтай прэміяй, павінны адпавядаць найноўшым распрацоўкам, што ўзнікаюць у сусветным мастацтве.
— Сёлета былі ўдакладнены фармулёўкі некаторых намінацый, змянілася колькасць апошніх. Ці прадоўжыцца гэты працэс “фарміравання” ўмоў і правядзення? Як будзе развівацца Нацыянальная прэмія надалей?
— Прэмія будзе развівацца — і гэта галоўнае. Адчуць тэндэнцыі яе развіцця можна ўжо цяпер. Мы, да прыкладу, улічылі такі прафесійны момант, вельмі важны для многіх, як розніца паміж тэрмінамі “кампазітар” і “аўтар музыкі”. Упэўнены, надалей прафесійны складнік будзе толькі ўмацоўвацца — як будуць і ўзрастаць крытэрыі ацэнкі намінантаў. У студзені мы паклічам зацікаўленых на дадатковую нараду, прысвечаную арганізацыі і правядзенню Нацыянальнай музычнай прэміі ў галіне эстраднага мастацтва. Збіраемся запрасіць на гэтае пасяджэнне і нашых мэтраў, і творчую моладзь, каб яны ўносілі свае прапановы па далейшым паляпшэнні гэтага значнага для нашай культуры праекта. Увогуле, хочацца больш актыўнасці ад нашых творцаў і дзеячаў эстрады: не толькі ў падачы заявак на ўдзел у прэміі, але і ў такіх абмеркаваннях. Для нас вельмі важная думка кожнага!..