БАРОКА ў ДЭТАЛЯХ

№ 51-52 (1073-1074) 22.12.2012 - 29.12.2012 г

Сёння сапраўдныя цуды народнага драўлянага мастацтва мінулых стагоддзяў можна яшчэ сустрэць у каталіцкіх храмах у некаторых кутках Беларусі. У першую чаргу, гэта скульптуры шанаваных святых, Божай Маці, Укрыжаванне Хрыста. Ці не кожны з гэтых драўляных узораў мастацтва мае свае рэгіянальныя і стылявыя адрозненні.

Калі ж на нашых землях пашырылася традыцыя змяшчаць у храмах драўляную скульптуру? Як сведчыць гісторыя, з канца XIV ст. пасля Крэўскай уніі, паводле ўмоў якой язычніцкае насельніцтва Вялікага Княства Літоўскага мусіла перайсці ў каталіцтва, пачалі ўзводзіцца касцёлы, яскравай адметнасцю якіх былі разныя маляўнічыя створкавыя алтары, так званыя рэтаблі. На жаль, скульптуры таго часу на Беларусі практычна не захавалася.

Пасля перыяду пашырэння Рэфармацыі на нашых землях у 2-й палове XVIІ ст. пачаліся новае адраджэнне і росквіт скульптурнага мастацтва, што былі прыпынены на некалькі дзесяцігоддзяў драматычнымі ваеннымі падзеямі 1648 —
1667-га, — у гэты час шмат драўляных касцёлаў згарэлі разам са скульптурамі. Найбольш спрыяльным часам для стваральнікаў алтарнай скульптуры лічыцца канец XVIІ — пачатак XVІIІ ст. — панаванне стылю барока. Скульптура таго часу выраблялася для высокіх ярусных алтароў як ілюстрацыя персанажаў біблейскай і евангельскай гісторый.

Стрыманасць трактоўкі

Але ў чым жа адметнасць беларускіх алтарных скульптур, у адрозненне ад тых жа польскіх, украінскіх ці заходнееўрапейскіх? На гэтае пытанне дапаможа адказаць выстаўка “Алтарная скульптура і мастацкія тканіны XVII — XIX стст.”, што адкрылася ў Нацыянальным мастацкім музеі нашай краіны. Прадстаўленую скульптуру можна вызначыць словамі “выратаваныя каштоўнасці”. І хоць збіранне твораў скульптуры і дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва ў Беларусі пачалося яшчэ да Другой сусветнай вайны супрацоўнікамі Віленскага Беларускага музея імя Івана Луцкевіча, асноўная частка калекцыі разьбяной скульптуры XVII — XIX стст. у Нацыянальным мастацкім музеі Рэспублікі Беларусь, якая налічвае цяпер больш за 500 узораў, была вывезена пад час навуковых экспедыцый музея ў 1960 — 1980-я з закрытых у той час храмаў і выратавана ад немінучага знішчэння.

/i/content/pi/cult/405/8289/1-4.jpeg

Беларуская каталіцкая скульптура, на думку куратара выстаўкі, загадчыка аддзела старажытнага беларускага мастацтва НММ Алены Карпенка, адрозніваецца ад заходнееўрапейскай найперш сваёй стрыманасцю трактоўкі форм. Гэта тлумачыцца тым, што на нашы землі з істотным спазненнем прыходзілі мастацкія еўрапейскія стылі, у тым ліку готыка, рэнесанс, барока. Таму, да прыкладу, у скульптурах эпохі барока можа адчуць рэнесансную стрыманасць, строгасць форм. У Львове, у музеі знакамітага ўкраінскага скульптара Георга Пінзэля можна пераканацца, наколькі адрозніваецца беларускае алтарнае мастацтва ад украінскага. Скульптурныя кампазіцыі ў нашых суседзяў маюць яскравую экспрэсію, дынаміку — у нас жа драўляныя выявы маюць больш вытанчаны характар.

Лепш за ўсё праявы стылю можна заўважыць у арнаментыцы, другасных для простага гледача дэталях. Вельмі проста вызначыць стыль драўляных скульптур па алтары — цэласным ансамблі. Да прыкладу, у Гродне ў алтары кафедральнага касцёла можна ўбачыць таніраваную пад белы мармур скульптуру ў спалучэнні з пазалочанымі дэталямі: менавіта так праяўлялася барока з элементамі ракако.

Імя аднаго майстра

Але калі стыль прадстаўленых на выстаўцы скульптур можна вызначыць па асобных дэталях, то аўтарства работ — практычна немагчыма. Канкрэтны аўтар, як мяркуюць даследчыкі Нацыянальнага мастацкага музея, ёсць толькі ў адной скульптуры — Укрыжаванне Хрыста, на адваротным баку якой пазначана імя Казіміра Круповіча і канкрэтная дата: 1696 год. На жаль, гэта вялікая рэдкасць для беларускай скульптуры.

Даследчыкам, як адзначыла Алена Карпенка, даводзіцца шмат працаваць у архівах, каб па дакументах вызначыць імя таго або іншага майстра ці нават цэлага калектыву, які працаваў па замове касцёла. Гэта ўсё дакументальна фіксавалася. Так, да нас дайшло імя Георга Цэля, які працаваў у Гродне. Навукоўцы ведаюць імёны і іншых разьбяроў, якія, пры гэтым, пакуль не атрымалася дакладна звязаць з пэўнымі помнікамі.

Самае галоўнае, што пераважная большасць аўтараў — нашы землякі. Работы замежных дойлідаў, як адзначае Алена Карпенка, датуюцца перыядам праўлення Боны Сфорца, якая запрашала італьянскіх майстроў на беларускія землі. Але гэта найперш датычыцца мармуровай скульптуры і надмагілляў магнатаў. У сваю чаргу, драўляныя скульптуры для касцёлаў ствараліся менавіта рукамі мясцовых майстроў, якія вучыліся ў заходнееўрапейскіх калег.

/i/content/pi/cult/405/8289/1-6.jpeg

Гіпс альбо дрэва?

Сёння, на жаль, перарвалася традыцыя стварэння драўляных алтарных скульптур. Зразумела, што і следу няма ад нацыянальнай мастацкай школы майстроў па вырабе гэтых дэкаратыўных храмавых аздабленняў. Па словах Алены Карпенка, у пераважнай большасці новых касцёлаў Беларусі выкарыстоўваюцца гіпсавыя скульптурныя кампазіцыі, масава прывезеныя з Польшчы...

Але маюцца і больш пазітыўныя моманты. Так, некалькі гадоў таму ў Мастацкі музей звярталіся айчынныя майстры па дрэве з просьбай скапіраваць некаторыя скульптуры для касцёла Святога Міхаіла ў вёсцы Гнезна Ваўкавыскага раёна. У выніку сёння вока прыхаджан гэтага храма радуюць адметныя ўзоры драўлянага мастацтва нашай краіны. А колькі месяцаў таму з падобнай просьбай у музей звярнуліся манахі ордэна баніфратаў: яны жадаюць скапіраваць у паменшаным варыянце скульптуру святога Яна Божага, якая ў свой час была знойдзена ў закінутай каплічцы ў Вялікай Бераставіцы. У будучым скульптура знойдзе ганаровае месца ў адным з беларускіх касцёлаў. Варта адзначыць, што вобраз Яна Божага — заснавальніка манаскага ордэна баніфратаў, апекуна бедных і хворых — з’яўляецца рэдкім прыкладам у музейным зборы. Скульптура гэтага святога адметная вельмі вытанчанай разьбой, якая не часта сустракаецца на беларускіх землях.

Але, акрамя традыцыі вырабу драўляных скульптур, было б цудоўна аднавіць і іншыя нематэрыяльныя звычаі. Так, у даўнія часы да святаў, па традыцыі, рабіўся адмысловы памост, на які ўстанаўлівалі скульптуру святога ў дзень яго памяці. З гэтай скульптурай вернікі праходзілі хрэсным ходам вакол храма, а пасля — і праз увесь населены пункт. Адметна, што дадзеная традыцыя была характэрна як для беларусаў, так і для тых жа іспанскіх каталікоў.

/i/content/pi/cult/405/8289/1-5.jpeg

Новае жыццё слуцкага пояса

Разам са скульптурай у рамках выстаўкі экспануюцца таксама і ўзоры мастацкага ткацтва — літургічнае адзенне, у тым ліку з фрагментамі слуцкага пояса. Калекцыя мастацкіх тканін з’яўляецца часткай вялікага збору дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва музея. У ёй прадстаўлены ўзоры вырабаў, выкананых на аснове шоўку, што выкарыстоўваліся для свецкіх касцюмаў і культавага адзення. У прыватнасці, для каталіцкіх арнатаў, якія знаходзяцца ў экспазіцыі, была выкарыстана тканіна заходняй вытворчасці 1-й паловы XVIII ст., а таксама мясцовых мануфактур. Адметна, што складанай часткай аднаго з арнатаў з’яўляецца фрагмент славутага слуцкага пояса.

Аднаўленне тканіны, на думку Алены Карпенка, — работа, больш складаная за рэстаўрацыю вырабаў з дрэва ў некалькі разоў. Па яе словах, у недалёкім будучым плануецца зладзіць вялікую выстаўку з усімі прадстаўленымі мастацкімі тканінамі ў музеі, якія ў свой час выкарыстоўваліся ў каталіцкім святарскім адзенні...

Аўтар: Канстанцін АНТАНОВІЧ
рэдактар аддзела газеты "Культура"