Пераемнік або захавальнік?

№ 48 (1070) 01.12.2012 - 08.12.2012 г

Паспець да 2015-га

Не першы год вядуцца размовы пра стварэнне ў Вільнюсе ўстановы, што стала б пераемніцай славутага Беларускага музея імя Івана Луцкевіча, які плённа функцыянаваў у першай палове мінулага стагоддзя.

Днямі ў Інстытуце культуры Беларусі з удзелам доктара філалогіі, прафесара Адама Мальдзіса і дырэктара Цэнтра беларускай мовы, літаратуры і этнакультуры ў Літоўскім універсітэце эдукалогіі Ліліі Плыгаўка адбылося абмеркаванне канцэпцыі Беларускага музея ў Літоўскай Рэспубліцы. Нагадаем, літаральна пару месяцаў таму тэма абмяркоўвалася на ўзроўні кіраўнікоў міністэрстваў культуры дзвюх краін і атрымала падтрымку.

Што ж будзе ўяўляць з сябе музей і якія задачы ён ставіць? Па словах Адама Осіпавіча, стварэнне музея тлумачыцца, найперш, імкненнем захаваць беларускую гістарычную ды культурную спадчыну ў Літве, а таксама магчымасцю збірання, апісання і аналізу вялікай колькасці факталагічных матэрыялаў па нашай гісторыі, што захоўваюцца ў краіне-суседцы. Як адзначыў Адам Мальдзіс, было б добра ў будучым музеі асобнымі мемарыяльнымі пакоямі ўшанаваць памяць братоў Тышкевічаў і Луцкевічаў, а таксама распавесці пра іншых збіральнікаў беларускай даўніны.

Таксама на пытанні карэспандэнта “К” адносна будучага музея адказала Лілія ПЛЫГАЎКА, адзін з дзеячаў беларускай супольнасці ў Літве.

/i/content/pi/cult/402/8203/1-1.jpeg

— На якой стадыі сёння знаходзіцца праца па стварэнні Беларускага музея?

— Першы этап работы — стварэнне віртуальнага музея. Цяпер распрацавана яго канцэпцыя. Мы прыйшлі да разумення, што віртуальная экспазіцыя дапаможа пераканаць чыноўнікаў, спонсараў у стварэнні стацыянарнага музея. Зараз пралічваецца бюджэт музея, які, спадзяюся, будзе напаўняцца не толькі з рахункаў беларускага і літоўскага бакоў, але і з укладанняў прыватных структур.

Па вяртанні ў Вільнюс у мяне запланавана сустрэча ў Міністэрстве культуры Літвы, дзе адбудзецца размова пра выдзяленне чатырох штатных адзінак для будучага музея, таму што пакуль усе высілкі актыўных прадстаўнікоў беларускай дыяспары па стварэнні музея — гэта хобі. Калі ж казаць пра адкрыццё стацыянарнага музея, то гэтая знамянальная падзея запланавана на 2015-ы, да 500-годдзя пачатку кнігадрукавання ў Беларусі і Літве. Гэта тым больш сімвалічна, што літоўскія ўлады гатовы хоць сёння аддаць пад музей у арэнду старадаўні будынак друкарні Скарыны, што ў цэнтры Вільнюса.

— Чым будзе прывабліваць музей патэнцыйных наведвальнікаў?

— Сабралася шмат матэрыялаў другой паловы ХХ стагоддзя. Усе яны знаходзяцца ў розных дзяржаўных установах, грамадскіх арганізацыях ды прыватных калекцыях і лягуць у аснову музея. Важна, каб музей акумуляваў, збіраў, даследаваў, сістэматызаваў усё, датычнае беларускай культуры ў гэтым рэгіёне.

Зараз для нас важная задача — складанне картатэкі артэфактаў беларускай культуры ў фондах музеяў і архіваў Літвы. Сёння дзякуючы працы студэнтаў універсітэта створана картатэка кніг на беларускай мове, якія маюць у сваіх фондах бібліятэкі Вільнюса. Калі казаць пра персаналіі, то вельмі шмат матэрыялаў пра выдатнага опернага спевака, нашага суайчынніка Лявона Мурашку, які, да таго ж, узначальваў Згуртаванне беларускіх грамадскіх суполак Літвы, быў членам Вялікай Рады Згуртавання беларусаў свету “Бацькаўшчына”. Дакументы аб ім захоўваюцца яго ўдавой, і яна гатова перадаць іх у наш музей.

У перспектыве на базе музея мае паўстаць Інстытут беларусістыкі. Па шчырасці, наш Цэнтр беларускай мовы, літаратуры і этнакультуры апошнія дваццаць гадоў у пэўным сэнсе выконвае яго функцыі. Але на жаль, не сістэмна.

— Якое стаўленне да беларускай культуры сёння назіраецца ў Літве?

— Як бы дзіўна гэта ні гучала, але цікавасць да беларускай культуры з боку літоўскай грамадскасці — каласальная. Яшчэ дзесяць-дваццаць гадоў таму яе быццам бы не заўважалі. Грамадскасць станоўча рэагуе на тое, што ў краіне шырока прадстаўлена беларуская супольнасць, захоўваецца наш аўтэнтычны фальклор. Больш за тое: літоўцы паступова прыходзяць да разумення, што Вялікае Княства Літоўскае — наша супольная спадчына. На маю думку, сёння Вільнюсчына захоўвае сваю беларускую ментальнасць. Найперш — па паводзінах, манеры карэнных жыхароў выказваць думкі, побытавай культуры…

На здымку: Адам Мальдзіс і Лілія Плыгаўка.

Фота аўтара

Аўтар: Канстанцін АНТАНОВІЧ
рэдактар аддзела газеты "Культура"