Галіна Адамовіч: “Гэта сапраўды рэвалюцыя ў кіно”

№ 47 (1069) 24.11.2012 - 01.12.2012 г

Дакументальны P.S. да “Лістапада-2012”

У кантэксце агучаных прапаноў гасцей Мінскага міжнароднага кінафоруму мы звярнуліся па каментарый да Галіны АДАМОВІЧ — рэжысёра дакументальнага кіно і старшыні журы конкурсу дакументальных фільмаў “Лістапада-2012”. “Ці спраўдзіліся чаканні беларускага кінематаграфіста ад падзеі?” — такім было наша пытанне да яе.

— Так, спраўдзіліся, — адказала рэжысёр. — Лічу, што “Лістапад” сёння — вельмі моцны фестываль, і мы можам ім ганарыцца. На сваім веку я бачыла столькі кінафорумаў, якія гучна стартавалі, але потым знікалі назаўсёды. Дзякаваць богу, з “Лістападам” гэтага не здарылася, больш за тое: яго ўзровень істотна ўзрос. Сёння мы можам павіншаваць сябе, што ён далучыўся да ліку выдатных кінафорумаў.

/i/content/pi/cult/401/8153/1-1.jpeg

— Андрэй Звягінцаў прызнаўся, што ён ехаў у Мінск, каб атрымаць ін’екцыю натхнення. Што ад “Лістапада” атрымалі вы?

— Самай вялікай радасцю для мяне стала сустрэча з калегамі, якія працавалі са мной у камандзе журы. Не часта здараецца, калі пяць чалавек розных нацыянальнасцей, узросту, жыццёвага досведу збіраюцца разам і абменьваюцца думкамі, дыскутуюць. Назіраць за гэтай размовай, калі пэўная рэпліка паварочвае гутарку і нават змяняе лёс стужкі, — вялікае шчасце. Для прафесійнай суполкі важна мець магчымасць кантактаваць са сваімі калегамі, з кінематаграфістамі з усяго свету. І тым больш, мне падаецца, што гэты прафесійны і жыццёвы досвед важны і карысны для студэнтаў, якія толькі пачынаюць свой шлях…

— Якія асаблівасці, тэндэнцыі выявіла конкурсная праграма? Эдгар Барценеў казаў нават пра пачатак новай эры ў дакументальным кіно…

— Сапраўды, новыя камеры, тэхнічныя магчымасці — калі здымаць можна нават мабільным тэлефонам і атрымліваць добрую якасць выявы — скарачаюць дыстанцыю паміж рэжысёрам і героем стужкі. І ў конкурсе былі прадстаўлены такія фільмы, якія немаведама як зроблены. Гэта сапраўды — рэвалюцыя ў кіно, што адбываецца з-за рэвалюцыі тэхнічнай. Напрыклад, у румынскай стужцы “Наасфера”, якую мы адзначылі дыпломам, распавядаецца дзіўная гісторыя ўзаемастасункаў старога дзівака-прафесара са сваімі жонкамі. Здаецца, ад усіх ён сыходзіў сам, але ўсе яго па-ранейшаму кахаюць. Калі ён пакідаў чарговую пасію — дык аддаваў ёй частку сваёй кватэры, ставіў перагародку. І зараз атрымліваецца, што ўсе ягоныя экс-жонкі жывуць з ім у адной кватэры і прыслухоўваюцца адна да адной. Адкрытасць тых жанчын і ўнікальнасць сітуацыі — моцна ўражваюць. Іхнія ўзаемастасункі — надзвычай натуральныя. І паказаць іх са старой тэхнікай, на мой погляд, было б немагчыма ў прынцыпе.

— Ці заўжды гэты прыём апраўданы?

— У “Наасферы” зносіны людзей паказаны вельмі тонка, эмацыйна, дакладна. І такі падыход пашырае тваё веданне жыцця. Дзеля гэтага мы і глядзім кіно.

Ёсць яшчэ і такая тэндэнцыя, калі ігравое кіно злучаецца з дакументальным: зроблены такі мантаж, так музыка кладзецца, так героі сябе паводзяць, што з’яўляецца адчуванне, нібыта гэта — ігравая карціна. Напрыклад, уладальніца Гран-пры конкурсу дакументальнага кіно — сербская стужка “Вёска без жанчын” пра трох братоў, якія жывуць у старой хатцы, выглядае як сапраўдная кінакамедыя. Хоць ты разумееш, што гэта не сыграна, гэта дакументальная гісторыя, сітуацыя цалкам з жыцця, але яна магла б быць разыграна і ў ігравым кіно.

— Атрымліваецца, што сучасная дакументалістыка прапаноўвае публіцы самыя разнастайныя формы. І тут ужо гаворка пра асобную пляцоўку для дакументальнага кіно ад прафесіяналаў не выглядае легкадумным патрабаваннем…

— Дэманстрацыя дакументальных стужак, асабліва беларускіх, — даўняя праблема. І з’яўленне падобнага цэнтра, пра які гаварылі на “круглым стале” ў час “Лістапада”, — найлепшае выйсце з гэтай сітуацыі. Цалкам падтрымліваю і прапанову аб стварэнні асобнага фестывалю дакументальнага кіно. Няхай гэта будзе не вялікі фэст, а камерны кінафорум, але яго з’яўленне цяжка пераацаніць, бо дакументальнае кіно сёння значна пашырае свае гарызонты…

Аўтар: Дар’я АМЯЛЬКОВІЧ
аглядальнік газеты "Культура"