Бетон — заліты. Музейнага купалу — няма…

№ 45 (1067) 10.11.2012 - 17.11.2012 г

Сёння аб’екты спадчыны Калінкавіччыны знаходзяцца, так бы мовіць, у ценю суседніх раёнаў. Але, насамрэч, у краі маюцца свае дыяменты, якія не ўзяты пакуль у належную аправу, але ўсё ж выклікаюць інтарэс з боку турыстаў! Два з гэтых дыяментаў — аб’екты “Залатога кольца Гомельшчыны", што з цягам часу маюць стаць папулярнымі турыстычнымі "прынадамі".

Мы наведалі старадаўнія Юравічы — вёску, на тэрыторыі якой размешчаны колішні езуіцкі калегіум, а таксама стаянка першабытнага чалавека, самая старадаўняя на тэрыторыі сучаснай Беларусі. Апошняя, па словах начальніка ўпраўлення культуры Гомельскага аблвыканкама Алега Рыжкова, добраўпарадкоўваецца марудна: праблемы — з фінансаваннем.

Аб’екты — унікальныя, але доўгі час былі занядбанымі. Толькі некалькі гадоў таму яны ўзяты пад пільную ўвагу дзяржавы, пра што сведчыць іх уключэнне ў Дзяржаўную праграму “Культура Беларусі” на 2011 — 2015 гг.

/i/content/pi/cult/399/8089/5-2.jpeg

Па словах галоўнага спецыяліста аддзела культуры Калінкавіцкага райвыканкама Таццяны Міронавай, да 2014 года на месцы стаянкі першабытнага чалавека павінен узнікнуць музейны комплекс. Але пакуль там фрагментарна ўзведзены каркасныя перакрыцці, забетанавана месца пад падмурак будучай установы… Пасля рэалізацыі праекта кожны зможа ўбачыць пад адмысловым купалам жытло, побыт, адметнасці кухні продкаў, іх традыцыі. Пакуль жа там размешчаны стэнд з падрабязнай інфармацыяй пра ўнікальны гістарычны аб’ект.

Навуковы супрацоўнік Калінкавіцкага краязнаўчага музея Уладзімір Лякін кажа, што ў будучай экспазіцыі недахопу ў цікавых экспанатах дакладна не акажацца. Яно і не дзіва: практычна штогод на месцы стаянкі праводзяцца археалагічныя раскопкі. Пры гэтым супрацоўнікі Нацыянальнай акадэміі навук далучаюць да працы мясцовых школьнікаў, а таксама студэнтаў.

Па словах Уладзіміра Лякіна, адкрыццё стаянкі адбылося ў 1928 годзе. З гэтага часу былі знойдзены тысячы розных па каштоўнасці і стане захаванасці артэфактаў сівой даўніны. Сярод іх — астанкі прыкладна 30 мамантаў, а таксама фрагменты шкілета шарсцістага насарога і нават пячорнага льва. Але сітуацыя з будаўніцтвам музея не змяняецца ўжо які год: падмурак так і застаецца падмуркам…

/i/content/pi/cult/399/8089/5-1.jpeg

Больш пазітыўныя зрухі назіраюцца ў справе рэстаўрацыі другога юравіцкага аб’екта — старадаўняга манастыра. За апошнія пяць гадоў, па словах навуковага супрацоўніка Калінкавіцкага краязнаўчага музея, на рэстаўрацыю аб’екта было выдаткавана амаль 11 млрд. беларускіх рублёў. Толькі летась на гэты помнік архітэктуры XVIII — XIX стст., які ўнесены ў Дзяржаўную інвестыцыйную праграму на 2011-ы, укладзена каля 2,5 млрд. рублёў з рэспубліканскага і абласнога бюджэтаў.

Варта нагадаць, што ў 1993 годзе будынак манастыра перадалі пад юрысдыкцыю Беларускай Праваслаўнай Царквы. Відавочна, самастойна аднавіць храм і памяшканні манастыра нешматлікаму прыходу было не пад сілу, таму на дапамогу прыйшла дзяржава. У прыватнасці, падпісана дамова аб долевым удзеле бакоў у аднаўленні аб’екта. І хоць у перспектыве ў манастырскім комплексе не плануецца стварэнне музея, там будзе працаваць паломніцкі цэнтр, які прыцягне ў раён ахвотных убачыць старадаўнія муры і цудатворную ікону Божай Маці.

Але мала прывесці турыстаў на аб’ект — важна затрымаць іх там, заахвоціць пакінуць грошы праз спадарожную прадукцыю і паслугі. Так, цяпер экскурсія ў Юравічы з удзелам супрацоўніка Калінкавіцкага краязнаўчага музея абыдзецца, у залежнасці ад велічыні групы, прыкладна ў 100 тысяч рублёў.

З інфраструктуры ў Юравічах — хіба што невялікая кавярня ды сельская крама. Акрамя таго, побач з гістарычнымі аб’ектамі маецца і аграсядзіба, якая пакуль больш арыентавана не на культурны турызм, а на стаянку рыбакоў ды паляўнічых.

Рэзюмэ “К” у дарозе

Набалелая праблема, да якой неаднаразова звярталася “К”: брэнд — ёсць, а сувеніраў — няма.

Па словах Уладзіміра Лякіна, адсутнічае зацікаўленасць з боку патэнцыйных інвестараў. Калі фірмы па вырабе сувеніраў “прачнуцца”, мясцовыя музейшчыкі гатовы дапамагчы ім зрабіць адметныя макеты. З іншага боку, музей дагэтуль не мае ліцэнзіі на продаж якой-кольвечы прадукцыі, у тым ліку сувенірнай. Думаецца, попытам карысталіся б адмысловыя плюшавыя маманцяняты ці пячорныя львы, вырабленыя ў не такім ужо і далёкім Жлобінскім раёне, які славіцца фабрыкай мяккіх цацак... Мяркуем, яны сталі б не менш папулярнымі за персанажаў мультфільма “Ледніковы перыяд”.

Аўтар: Канстанцін АНТАНОВІЧ
рэдактар аддзела газеты "Культура"