Рукапісныя скарбы чакаюць экспазіцыі

№ 45 (1067) 10.11.2012 - 17.11.2012 г

У сэрцы беларускай сталіцы — Траецкім прадмесці — ужо чвэрць стагоддзя працуе Дзяржаўны музей гісторыі беларускай літаратуры, адзін з самых маладых літаратурных музеяў нашай краіны. Чым ён жыве сёння і якія грандыёзныя праекты плануе рэалізаваць у бліжэйшай будучыні? На гэтыя пытанні адказала дырэктар установы Лідзія МАКАРЭВІЧ, якая працуе тут амаль з часу заснавання.

— Пры стварэнні музея сутыкнуліся з адсутнасцю рэгіянальных матэрыялаў, а таксама рарытэтаў. Фактычна рабіліся спробы паказаць гісторыю развіцця айчыннай літаратуры пры мінімальнай колькасці артэфактаў. Толькі гадоў пяць — шэсць таму мы змаглі зладзіць замежныя камандзіроўкі ў архівы і бібліятэкі Польшчы, Літвы, пад час якіх рабілі электронныя копіі знакавых помнікаў літаратуры для экспазіцыі…

/i/content/pi/cult/399/8075/1-1.jpeg

— А якія самыя каштоўныя прадметы, што захоўваюцца ў музеі?

— Самыя каштоўныя вылучыць немагчыма. Возьмем, да прыкладу, тыя ж рукапісы пісьменнікаў, якімі можа ганарыцца кожны музей. Варта згадаць і выпадкі каштоўных знаходак. Адзін з іх звязаны з Лідзіяй Арабей, якая з Польшчы ў свой час “неафіцыйна” прывезла ўнікальны матэрыял, прысвечаны Цётцы: гэта і габелены, і фотаздымкі, і ўнікальныя альбомы. А чаго вартыя матэрыялы, прадстаўленыя Міхаілам Пратасевічам! Дзякуючы яго намаганням былі сабраны прадметы, звязаныя з літаратарамі 1920 — 30-х гадоў. Узяць хаця б ручнік, якім карыстаўся пісьменнік у час высылкі, кнігі рэпрэсаваных творцаў, што, нягледзячы на забарону, захоўваліся іх роднымі...

— А чым жыве музей сёння? Наколькі ён запатрабаваны шырокай грамадскасцю?

— Штогод мы ладзім каля пятнаццаці выставак, некаторыя з якіх (у іх шэрагу — юбілейныя) дзейнічаюць цягам года. Толькі летась мы налічылі 64 тысячы наведвальнікаў. Але мы не абмяжоўваемся літаратурай! Сумесна з Нацыянальным мастацкім музеем ладзілася выстаўка “Планета творцаў і іх герояў”. Да Дзён культуры Беларусі ў Санкт-Пецярбургу сумесна з Акадэміяй мастацтваў падрыхтавалі выстаўку “Ян Баршчэўскі. Казачнік з азёрнага краю”. Традыцыйнымі сталі “Гарэцкія чытанні”, якія збіраюць лепшых літаратуразнаўцаў. Што да апошніх праектаў, то варта згадаць, што да юбілею з дня нараджэння Максіма Танка была створана перасоўная выстаўка “Максім Танк. “Гартаючы жыцця свайго старонкі…”, якая пабывала ў Глыбокім пад час Дня беларускага пісьменства, а зараз працуе ў Варшаве. Пасля яе чакаюць у Гайнаўцы і Вільнюсе. Да гэтай даты падрыхтавана і відэапрэзентацыя на пяці мовах для нашых дыпмісій…

— Ці пераймаюць музейшчыкі замежны вопыт, ці асвойваюць новыя тэхналогіі?

— Упершыню мы перасяклі мяжу нашай краіны з выстаўкай “А для вечнасці — Беларусь”, прысвечанай Алесю Адамовічу, у 2003 годзе. Наш праект дэманстраваўся ў Літаратурным музеі ў Маскве. Пасля адбыліся сумесныя праекты з польскай Гайнаўкай, музеем-запаведнікам А.Пушкіна “Міхайлаўскае”, праект, прысвечаны У.Караткевічу ў Нацыянальным музеі літаратуры Украіны. З задавальненнем прымаем замежныя праекты. Так, у нас пабывалі чатыры экспазіцыі з “Міхайлаўскага”, праект з Музея Л.Талстога, а літаральна днямі ў нас адкрылася выстаўка Дзяржаўнага літаратурна-мемарыяльнага музея-запаведніка А.Чэхава.

Сёлета мы ўпершыню ўдзельнічалі ў міжнародным форуме “Інтэрмузей” у Маскве, дзе наш праект дайшоў да фіналу конкурсу “Прастора культуры — прастора даверу”. Пад час работы форуму ўзялі на ўзбраенне новыя тэхналогіі і падыходы да стварэння экспазіцый, захавання фондаў, працы з гасцямі. Хочацца адзначыць і “Музейны форум”, што нядаўна адбыўся ў Гродне і стаў сапраўдным святам музейшчыкаў, якія змаглі абмяняцца каштоўным вопытам.

— Наколькі вядома, зараз ідзе капітальны рамонт будынка. Відаць, хутка можна чакаць і новыя экспазіцыйныя рашэнні?

— Сапраўды, як толькі скончыцца рамонт, стартуе стварэнне першай экспазіцыі, паколькі дагэтуль у нас працавалі адно часовыя выстаўкі. Мы плануем, што асноўная экспазіцыя, да якой мы ідзём цягам усёй гісторыі музея, будзе створана на базе сучасных тэхналогій. Супрацоўнікамі ўстановы ўжо распрацавана некалькі варыянтаў канцэпцыі асноўнай экспазіцыі музея. Зразумела, калі мы кажам пра ўзоры кніжнай прадукцыі ХІХ — пачатку ХХ стагоддзяў, то варта адзначыць, што без аптымальных умоў экспанавання, вытрымкі тэмпературна-вільготнаснага рэжыму нам не абысціся. Калі казаць больш прадметна, то ў 2013 годзе мусіць завяршыцца капітальны рамонт, у сярэдзіне 2014-га плануецца адкрыццё філіяла музея — Музея-дачы Васіля Быкава. Пасля ўсе намаганні супрацоўнікаў будуць звернуты на стварэнне новай экспазіцыі. Хацелася б змяніць кірунак працы — больш займацца навуковай дзейнасцю, выстаўляць тое, што захоўваецца ў фондах, ствараць тэматычныя каталогі…

— Сапраўды, адным з найчаканых грамадскасцю праектаў музея з’яўляецца стварэнне Музея-дачы Васіля Быкава...

— У сувязі са стварэннем быкаўскага філіяла плануем звярнуцца да шырокай грамадскасці з мэтай збору каштоўных прадметаў, звязаных з пісьменнікам, пад дэвізам “Зробім экспазіцыю разам!”. Пакуль жа спецыялісты займаюцца перадпраектнымі работамі. Сёлета плануецца завяршыць тэхнічнае даследаванне будынка і распачаць праектныя работы. Да прыкладу, тая ж драўляная лесвіца, што вядзе на другі паверх: ці вытрымае яна плыні турыстаў? Пытанняў вельмі шмат, у тым ліку і да арганізацыі будучых экскурсій. Справа ў тым, што будынак дачы — малы, і турыстычную групу давядзецца падзяліць на некалькі частак, выкарыстоўваючы пры гэтым сучасныя сродкі. Так, у экспазіцыі музея будуць прадстаўлены і лічбавыя планшэты, і фотарамкі, і электронныя кнігі…

Аўтар: Канстанцін АНТАНОВІЧ
рэдактар аддзела газеты "Культура"