Быхаўскі замак. Дубль два

№ 44 (1066) 03.11.2012 - 10.11.2012 г

Новае жыццё старой фартэцыі

Тэма аднаўлення Быхаўскага замка на гэтым тыдні атрымала свой працяг. У прыватнасці, ужо вызначана фінансаванне на рэстаўрацыйныя работы па захаванні гэтага ўнікальнага для краіны аб’екта на наступны год з рэспубліканскага бюджэту, якое складзе 1,5 мільярда рублёў.

Запланавана, што сродкі пойдуць, у першую чаргу, на кансервацыю Быхаўскага замка. Перад гэтым адбудзецца комплекснае даследаванне ўнікальнага помніка культуры і архітэктуры — адзінай у Беларусі крэпасці ўзору XVII стагоддзя, а таксама распрацоўка праектна-каштарыснай дакументацыі па яго будучай рэстаўрацыі.

/i/content/pi/cult/398/8057/1-2.jpeg

У бліжэйшы час плануецца правесці грунтоўнае абследаванне замка, навесці на яго тэрыторыі парадак і прыступіць да археалагічных раскопак, якія ўзначаліць загадчык кафедры археалогіі і спецыяльных гістарычных дысцыплін Магілёўскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Аркадзя Куляшова, доктар гістарычных навук Ігар Марзалюк.

Як плануецца, частка работ ажыццявіцца да канца бягучага года. Знойдзеныя археолагамі экспанаты будуць перададзены ў Быхаўскі краязнаўчы музей для стварэння новай экспазіцыі ў адроджаным замку. З цягам часу ў фартэцыі размесцяцца экспазіцыя мясцовага краязнаўчага музея, раённая бібліятэка і выставачныя залы, а ў двары запрацуе канцэртная пляцоўка пад адкрытым небам.

Першапачаткова Быхаўскі замак уваходзіў у сістэму гарадскіх умацаванняў. У 1590-м замак вытрымаў напад атрада “нізавых казакоў” данскога гетмана Мацюшы Федаровіча. Тады ж гаспадар горада — гетман Вялікага Княства Літоўскага Ян Караль Хадкевіч — атрымаў ад караля грамату на ўзвядзенне новага замка, што і адбылося ў 1619 годзе.

/i/content/pi/cult/398/8057/1-1.jpeg

У 1628-м гаспадарамі Быхава сталі Сапегі, якія перабудавалі замак. У выніку фартэцыя заняла ўчастак на беразе Дняпра ў выглядзе няправільнага прамавугольніка. З трох бакоў подступы да муроў абаранялі глыбокі роў ды валы з бастыёнамі. З усходняга боку да перыметру замка прымыкаў палац. У Быхаве пастаянна знаходзіўся значны вайсковы гарнізон, які быў падпарадкаваны мясцоваму адміністратару. Невыпадкова фартэцыя перажыла шмат аблог i штурмаў.

Так, у 1648 г. атрад украінскіх казакоў на чале з Ф.Гаркушам не здолеў узяць замак. Са жніўня 1654-га на працягу адзінаццаці месяцаў яго беспаспяхова асаджалі казацкія атрады І.Залатарэнкі i адзінаццаці палкоў маскоўскага войска на чале з А.Трубяцкім. Вялікія страты замак зведаў пад час Паўночнай вайны, калі ў ім знаходзіўся гарнізон войск Пятра І. 

У 90-я гады ХХ стагоддзя ў ацалелых будынках размяшчаўся цэх па дрэваапрацоўцы, але пасля пажару ў жніўні 2004-га замак ізноў аказаўся закінутым…

На здымках: макет Быхаўскага замка і яго муры сёння.

Аўтар: Канстанцін АНТАНОВІЧ
рэдактар аддзела газеты "Культура"