“Перамога” класіка

№ 44 (1066) 03.11.2012 - 10.11.2012 г

160 тысяч на Коласавым рарытэце

Сярод рэчаў, што звязваюць нас з Якубам Коласам, — не толькі рукапісы твораў, лісты Песняра, ягоныя побытавыя рэчы, але і аўтамабілі (на іх класік аб’ездзіў ці не ўсю краіну). На жаль, з шэрагу аўто, што належалі творцу, застаўся толькі адзін — “ГАЗ М20 Победа”. Яго сённяшні ўладальнік — унук Якуба Коласа Андрэй МІЦКЕВІЧ, начальнік аддзела патэнтнага пошуку Нацыянальнага цэнтра інтэлектуальнай уласнасці. Напярэдадні ўгодкаў Песняра Андрэй Данілавіч падзяліўся ўспамінамі.

— У 2013-м — 60 гадоў аўтамабілю Якуба Коласа “Победа”, які ён у свой час купіў недзе за 16 тысяч рублёў — “старых грошай”. Не магу сказаць, колькі давялося паездзіць у гэтай машыне майму дзеду, бо Якубу Коласу як віцэ-прэзідэнту Акадэміі навук была дадзена ў карыстанне службовая машына “ЗІМ”. Што ж да “Победы”, то на ёй даволі шмат ездзілі мае бацькі, спачатку — маці, потым бацька. Прабег аўтамабіля склаў больш за 160 тысяч кіламетраў.

Апошняя адзнака тэхагляду датуецца 1968 годам. Адпаведна, “Победа” актыўна эксплуатавалася да гэтага часу. Я памятаю, як бацька на гэтай машыне ездзіў у Мікалаеўшчыну, калі ствараў там філіялы музея…

/i/content/pi/cult/398/8050/2-6.jpeg

Узгадваю выпадак з дзяцінства, звязаны з “Победой”. Аднойчы разам з бацькам і яго сябрам ехалі па лясной дарозе, недзе каля Альбуці. Раптоўна зламалася каробка перадач. Сябра бацькі Віталь Філіповіч даручыў мне залезці пад машыну і па яго парадах адкруціць неабходныя гайкі ды пераставіць вілку. У выніку мы змаглі паспяхова даехаць дадому. Пасля бацька набыў для патрэб музея ГАЗ-69 і ўжо ездзіў на ім. “Победа” ж стаяла гадоў дзесяць у двары…

— А ці ездзілі за рулём “Победы” вы?

— Малым я залазіў у машыну і ўключаў стартар, які дазваляў на акумулятары праехаць некалькі метраў, не заводзячы матор. Пасля, калі ў мяне з’явіліся правы і можна было на ёй ездзіць, “Победа” прыйшла ў няспраўны стан. Бацька, як быў дырэктарам музея, хацеў яе аднавіць. Даніла Канстанцінавіч планаваў нават завезці “Победу” на Горкаўскі аўтазавод для якаснай рэстаўрацыі. Але тады, на жаль, не ставала сродкаў…

Доўгі час машына стаяла ў двары музея: для яе не было месца. Толькі з цягам часу ў былой майстэрні зрабілі вароты — атрымаўся яшчэ адзін бокс, куды аўтамабіль літаральна запхнулі. І толькі гадоў дзесяць таму дзякуючы энтузіястам-аўтамабілістам на чале з Васілём Цярэшкам Коласаў аўтамабіль “выйшаў на святло”.

/i/content/pi/cult/398/8050/2-4.jpeg

— Ці “на хаду” цяпер аўтамабіль?

— На жаль, не. Колькі гадоў таму пад час Ночы музеяў “Победа” Якуба Коласа дэманстравалася на пляцоўцы каля музея. Перад гэтым трошкі “асвяжылі” нумарныя знакі. Пакуль жа ў мяне няма часу займацца машынай. Разам з тым, адчуваю, што калі за рамонт аўтамабіля возьмецца музей, то зробіць з яе макет, а аўтамабіль, перакананы, павінен быць “жывым”, ездзіць…

У перспектыве, калі “Победу” адрамантуюць, на ёй можна будзе ўдзельнічаць у розных злётах рэтрамабіляў, інтэрактыўных праектах музея. Таму партнёрства з музеем у гэтым плане цалкам магчымае. Ды і ў мяне, вядома ж, ёсць жаданне зноў праехаць на аўтамабілі Якуба Коласа…

— Ці памятаеце іншыя машыны Коласа?

— У гаражы захаваліся яшчэ два старыя нумары — ад папярэдніх аўтамабіляў, якія ў свой час належалі дзеду Якубу. Магчыма, разгадаць таямніцу дапаможа Дзяржаўтаінспекцыя. Мяркую, што адзін з гэтых нумарных знакаў — з аўтамабіля Опель-Адмірал. Менавіта гэтую трафейную машыну я ў дзяцінстве бачыў. Праўда, аўтамабіль ужо тады стаяў на калодках у непрацоўным стане. Бацька перадаў яго свайму прыяцелю — палкоўніку, інжынеру Віталю Філіповічу, які і аднавіў аўтамабіль. Прыгадваю, як у пачатку 60-х я ездзіў на тым “опелі” па Маскве. Па словах Філіповіча, ён неяк разагнаў гэты рарытэт да неверагоднай па тым часе хуткасці: 130 кіламетраў у гадзіну!..

Хочацца запытацца ў чытачоў “Культуры” — прафесійных музейшчыкаў: а чые яшчэ асабістыя аўтамабілі, у прыватнасці — вядомых дзеячаў культуры, навукі, палітыкі, сёння захоўваюцца? Пытанне вельмі цікавае, і было б добра адшукаць гэтыя рарытэтныя экзэмпляры ды зрабіць хаця б віртуальны музей.

/i/content/pi/cult/398/8050/2-5.jpeg

— Ці сочыце за ўшанаваннем памяці славутага продка? Што вы маглі б параіць для папулярызацыі ягонай творчасці?

— Я далёкі ад музейнай справы. Тым не менш, мне вельмі блізкія мясціны Якуба Коласа на Стаўбцоўшчыне, мемарыяльныя аб’екты. Дарэчы, я мяркую, што мой бацька Даніла Канстанцінавіч зрабіў проста неверагодную па аб’ёме ды складанасці працу па стварэнні музейных аб’ектаў і ў Мінску, і на Стаўбцоўшчыне, увогуле па ўшанаванні памяці Якуба Коласа ў краіне. Малым я неаднойчы наведваўся ў сядзібы, дзе памяталі пра Коласа. Памятаю дом у Смольні ў тыя часы, калі там жыў родны брат Коласа — дзядзька Юзік — з сям’ёй. Кожнае лета з 1962 года праводзіў на Мікалаеўшчыне. Хадзіў па грыбы, на Нёман лавіць рыбу. Апошнім разам там адпачываў, як быў студэнтам-першакурснікам...

Зараз такое імклівае жыццё, што самому не часта ўдаецца вырвацца і наведаць Мікалаеўшчыну… Таму, думаецца, трэба, каб на тэлебачанні часцей выходзілі перадачы, прысвечаныя творчасці Якуба Коласа, сацыяльныя рэкламныя ролікі, каб актыўней да яго папулярызацыі далучыўся і Інтэрнэт. Зразумела, што далёка не кожны аматар паэзіі зможа вырвацца з паўсядзённых клопатаў, каб трапіць у музей нашага класіка. Таму трэба зрабіць крок насустрач патэнцыйнаму чытачу. Як мне падаецца, яшчэ бракуе і якаснай сучаснай рэкламы філіялаў музея, якую можна было б размясціць на аўтамабільных трасах…

На здымках: Андрэй Міцкевіч  у дзяцінстве каля легендарнай  "Победы" (1960-я) і ў рэдакцыі "К"; тэхнічны пашпарт на аўтамабіль.

Аўтар: Канстанцін АНТАНОВІЧ
рэдактар аддзела газеты "Культура"