У кадры — край

№ 43 (1065) 27.10.2012 - 03.11.2012 г

Гран-пры — нашчадкам дручан

Сёння ў нашай краіне нікога не здзівіш разнастайнай дакументальнай кінапрадукцыяй. Цікавыя краязнаўчыя відэапраекты, прысвечаныя спасціжэнню нашай мінуўшчыны, ствараюцца і ў рэгіёнах краіны. Нягледзячы на аматарскі “статус” большасці з іх, асобныя прыемна ўражваюць цікавымі тэмамі, лагічна выбудаванымі сюжэтнымі лініямі, годнай аператарскай работай.

Большая частка аматарскіх фільмаў так і не даходзіць да шырокай аўдыторыі. Выправіць такую сітуацыю паспрабавалі ў Вілейцы, дзе днямі ў Гарадскім палацы культуры адбылося ІІ Рэгіянальнае свята-конкурс аматарскага краязнаўчага фільма “Гэта мой край”. Паводле задумы стваральнікаў кінафоруму, рэгіянальны конкурс мусіць даць імпульс развіццю аматарскага гісторыка-краязнаўчага кіно ва ўсёй краіне. Невыпадкова ў праекце акрамя Вілейкі былі прадстаўлены Слонім, Наваполацк і Талачын.

Усяго ўвазе гледачоў прапанавалі шэсць стужак, папярэдне адабраных прадстаўнічым журы конкурсу на чале са сцэнарыстам Уладзімірам Марозам. У склад судзейскай калегіі ўвайшлі прафесіяналы з Нацыянальнай кінастудыі “Беларусьфільм”.

Згодна з рашэннем журы, атрымала Гран-пры і стала пераможцай у намінацыі “За лепшае рэжысёрскае рашэнне” стужка “Мы нашчадкі дручан” Дзмітрыя Іўчанкі — кіраўніка народнай кінастудыі “Летапіс” пры Талачынскім гарадскім доме культуры. Фільм распавядае пра гісторыю Друцкага княства, аднаго з найстаражытных феадальных уладанняў на тэрыторыі нашага краю і ўзнікла пад час драблення Полацкай зямлі — спадчыны славутага Усяслава Чарадзея. Княства размяшчалася на тэрыторыі сучасных Талачынскага, Крупскага і Круглянскага раёнаў.

Як прызнаўся стваральнік фільма, першапачаткова стужка была створана працягласцю ў сорак хвілін, але спецыяльна для фестывалю скарочана да пятнаццаці. Нягледзячы на тое, што карціна з’яўляецца дакументальнай, у ёй прадстаўлена і адмысловая мастацкая частка, у здымках якой былі задзейнічаны мясцовыя акцёры-аматары.

Дыпломам І ступені ў намінацыі “За лепшую калектыўную работу” журы конкурсу адзначыла фільм “Да хвалы алтара” Кацярыны Сібірцавай з Наваполацка. Ганаровае ІІІ месца і перамога ў намінацыі “За паэтычны тэкст да фільма” атрымала стужка “Памяць зямлі” Міхаіла Петуха з Вілейкі — краязнаўцы, аднаго з кіраўнікоў экспедыцыі “Шляхам Тышкевіча”.

У рамках фестывалю адбылася прэзентацыя дакументальнага фільма вытворчасці студыі “Летапіс” — “У пошуках новай зямлі”, прысвечанага некаторым старонкам з біяграфіі Якуба Коласа, і маладзёжнай студыі “КолА-ТБ” Вілейскага дзяржаўнага прафесійна-тэхнічнага каледжа. Акрамя таго, пад час краязнаўчага кінафоруму ў Гарадскім палацы культуры адкрылася выстаўка “Шляхамі Першай сусветнай вайны”, а таксама экспазіцыя твораў дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва Вілейскага цэнтра эстэтычнага выхавання.

Як адзначыў Уладзімір Мароз, міні-кінафестываль у Вілейцы засведчыў, што ў нашай краіне, нягледзячы на цяжкасці, развіваецца аматарскае краязнаўчае кіно. “Самае галоўнае — мы ўбачылі цікавасць да дакументальнага кіно на мясцовым узроўні, падтрымку ўладамі творчай ініцыятывы”, — падкрэсліў старшыня журы. На яго думку, пад час наступных фестываляў важна абавязкова праводзіць майстар-класы.

Пры гэтым відавочна наспела праблема пашырэння геаграфіі ўдзельнікаў праекта, рэкламы фестывалю не толькі ў Вілейцы, але і ў іншых кутках краіны. Тым больш, што сёння як ніколі запатрабавана краязнаўчае кіно, найперш — у турыстычным аспекце. Невялікія па памеры відэазамалёўкі, дакументальныя стужкі, прысвечаныя гісторыі, культуры, прыродзе нашага краю дэманструюць і турыстычную прывабнасць Беларусі.

наш спецкарэспандэнт

Мінск — Вілейка — Мінск

Аўтар: Канстанцін АНТАНОВІЧ
рэдактар аддзела газеты "Культура"