Традыцыі — чатыры стагоддзі

№ 42 (1064) 20.10.2012 - 27.10.2012 г

Даволі шмат гарадоў нашай краіны могуць пахваліцца даўняй і багатай на падзеі гісторыяй, ужо не кажучы пра вёскі ды мястэчкі. Не з’яўляецца выключэннем і вёска Семежава, што на Капыльшчыне.

Гэтая вёска згадвалася ў летапісах яшчэ ў ХVІ стагоддзі, калі знаходзілася на тэрыторыі Вялікага Княства Літоўскага як уласнасць Радзівілаў. А літаральна днямі Семежава адзначыла 430 гадоў з дня заснавання.

/i/content/pi/cult/396/7989/1-5.jpeg

Сведчаннем слаўнай гісторыі вёскі з’яўляецца валун вышынёй у тры метры, дзе фарбай была пазначана лічба “400”. “Ці не штогод мы падфарбоўвалі лічбу, а сёлета замацавалі на камені бронзавую дошку з надпісам: “Вёска Семежава заснавана ў 1582 годзе”, — адзначыў дырэктар ААТ “Семежава” Іван Лянько. Адказная місія адкрыць дошку была даручана ганаровым грамадзянам, землякам: акадэміку, Герою Беларусі Міхаілу Высоцкаму, акадэміку, доктару медыцынскіх навук Мікалаю Манаку і доктару медыцынскіх навук Міхаілу Рымжу. Самі ж урачыстасці прайшлі ў сельскім Доме культуры. У іх прыняў удзел старшыня Капыльскага райвыканкама Анатоль Жданеня.

Семежава славіцца не толькі сучаснымі дасягненнямі, але і традыцыямі, якія цягнуцца з гадоў сівой даўніны. Да прыкладу, лічыцца, што ўсім вядомы абрад “Цары”, унесены ў Спіс сусветнай нематэрыяльнай спадчыны UNESCO, які праславіў Семежава ва ўсім свеце, бярэ свае вытокі з ХVIII ст.

Яшчэ адна адметнасць Семежава выявілася зусім нядаўна і — зусім нечакана. Аказваецца, вёску ўпадабалі... іншаземныя істоты. У прыватнасці, як сцвярджаюць некаторыя крыніцы, увечары 3 ліпеня мінулага года над Семежавам можна было назіраць неапазнаны лятаючы аб’ект. Цягам некалькіх месяцаў такая дзіўная з’ява паўтаралася неаднаразова, што выклікала інтарэс уфолагаў з розных краін свету. Хто ведае, можа, культурнымі адметнасцямі Семежава зацікавіліся і пазаземныя цывілізацыі?..

На здымку: ганаровыя жыхары Семежава Міхаіл Рымжа, Міхаіл Высоцкі і Мікалай Манак.

Фота аўтара

Аўтар: Юрый ІВАНОЎ
фатограф