Сакрэты манастырскіх келляў

№ 42 (1064) 20.10.2012 - 27.10.2012 г

Два стагоддзі з мінулага Пустынак

Для манастыра ў Пустынках, узрост якога ўжо перасягнуў 600-гадовы рубеж, надзвычай насычанымі на падзеі аказалася 2-я палова ХІХ і 1-я палова ХХ стагоддзяў. Адна са славутасцей Мсціслаўскай зямлі, манастыр цягам стагоддзя (з 1870-х па 1970-я гады) адчуў на сабе змены эпох, уласнікаў. Адметна, што ў тыя часы ён з’яўляўся цэнтрам асветы: на яго тэрыторыі размяшчаліся вучылішчы, школы, дзіцячы дом.

Нагадаем, Пустынкаўскі праваслаўны манастыр быў заснаваны мсціслаўскім князем Лугвенам (у хрышчэнні — Сямёнам Альгердавічам) у 1380-м. Лічыцца, гэтаму папярэднічала падзея, звязаная з цудоўным ацаленнем сляпога князя, які вылечыўся вадой з гаючай крыніцы. Пасля на месцы, дзе здарыўся гэты цуд, з’явілася ікона Багародзіцы, а з цягам часу паўстаў і сам манастыр.

/i/content/pi/cult/396/7986/1-1.jpeg

Першае выпрабаванне выпала на долю манастыра пад час Лівонскай вайны, калі ён быў разрабаваны, пераходзіў у валоданне ад аднаго да другога варагуючага боку. Пасля заключэння Брэсцкай царкоўнай уніі ў 1617 годзе абіцель перайшла да ордэна базыльян, які арганізаваў у ім школу. У 1839-м манастыр вярнуўся да праваслаўных вернікаў, пасля чаго там пашырылася асветніцкая праца.

Але манастыр з’яўляўся не толькі прытулкам для манахаў, а і пляцоўкай для асветы. Першыя навучальныя ўстановы для дзяцей на яго тэрыторыі адносяцца да 1870 года — часу існавання пры Успенскім манастыры Праваслаўнага царкоўнага брацтва. А праз стагоддзе, у 1978-м, скончыла сваё існаванне ў сценах аднаго з будынкаў Пустынскай абіцелі агульнаадукацыйная школа…

Сёлета ў манастыры выйшла адметнае выданне — кніга “Дзяцінства ў сценах старадаўняй абіцелі”. Яе аўтар Вольга Мамчыц паспрабавала сабраць і прааналізаваць шматлікія дакументы, успаміны, прысвечаныя больш чым стогадовай гісторыі прысутнасці на тэрыторыі старажытнага манастыра дзяцей, чые лёсы былі звязаны з гэтым святым месцам.

/i/content/pi/cult/396/7986/1-2.jpeg

Першая навучальная ўстанова на тэрыторыі манастыра распачала сваю дзейнасць напрыканцы ХІХ ст. і была непасрэдна звязана з Праваслаўным царкоўным брацтвам, заснаваным пры Пустынкаўскім Успенскім манастыры з дазволу Магілёўскай епархіі 16 лютага 1869-га. У наступным годзе з мэтай распаўсюджвання пісьменства сярод сялян Праваслаўным брацтвам сумесна з Пустынкаўскім манастыром у будынку апошняга было заснавана царкоўна-сельскае вучылішча, куды прымалі сірот ці тых, у каго бацькі былі вельмі бедныя.

Акрамя спеваў, што з’яўляліся абавязковым прадметам ва ўсіх тагачасных праваслаўных навучальных установах, вучні Пустынкаўскай школы навучаліся майстэрству ігры на розных інструментах. “Навучэнцы ў школе прывучаюцца ігры на музычных інструментах, некаторыя з іх ужо выконваюць больш простыя п’есы па нотах”, — адзначаў у дарожных нататках епіскап Магілёўскі і Мсціслаўскі Місаіл у 1898 годзе.

Адметна, што ў 1915-м, у сувязі з ваеннымі дзеяннямі на франтах Першай сусветнай вайны, у Мсціслаў з літоўскага Панявежыса была эвакуіравана настаўніцкая семінарыя, у якой знайшоў працу будучы вядомы кампазітар і фалькларыст Мікалай Чуркін. Пасля Кастрычніцкай рэвалюцыі яго накіравалі ў Пустынкаўскую сельскую школу, дзе ён з 1918 па 1920 гг. навучаў дзяцей тэорыі музыкі, спевам і маляванню. Чуркін прывіваў сваім вучням таксама і любоў да беларускага фальклору.

Вось як прыгадваў пра той час адзін з вучняў Чуркіна — М.Вайцянкоў: “…Ішоў 1918 год. Школа наша размяшчалася у двухпавярховым будынку, які захаваўся да нашых дзён. Зімою настаўнікі і вучні замярзалі ў халодных класах. <…> Напэўна, з-за холаду нас, вучняў 2 — 4 класаў, Мікалай Мікалаевіч увесь час запрашаў на кватэру, і там працягваліся заняткі. Яна размяшчалася ў келлях колішняга манастыра. Сельскія хлопчыкі і дзяўчынкі рассаджваліся вакол піяніна, і настаўнік, седзячы за інструментам, развучваў з намі песні, выкладаў тэорыю музыкі…”

Час пасля Кастрычніцкай рэвалюцыі 1917 года прынёс карэнныя змены ў жыццё Пустынкаўскага манастыра. 23 студзеня 1918-га быў прыняты Дэкрэт, згодна з якім Царква аддзялялася ад дзяржавы і ад дзяржаўнай школы, а таксама пазбаўлялася правоў уласнасці. Таму ў наступным годзе манахі Пустынкаўскага манастыра былі вымушаны зарэгістраваць на яго тэрыторыі земляробчую камуну, якую неўзабаве закрылі ўлады. Пасля ліквідацыі камуны манахі яшчэ некаторы час працягвалі жыць у манастыры, паколькі да 1924 года ў ім існавала сельскагаспадарчая арцель, быў створаны пункт ачысткі збожжа. Як вынікае з архіўных дакументаў, манастыр дзейнічаў да 1925-га — таго часу, як там размясціўся дзіцячы дом для беспрытульнікаў.

Гэтая выхаваўчая ўстанова на тэрыторыі колішняга манастыра здолела вытрымаць усе цяжкасці акупацыі пад час Вялікай Айчыннай, і ўжо на 1943 — 1944 навучальны год была гатова прыняць 250 дзяцей. А вось будынкі Мсціслаўскага, Хоцімскага і Клімавіцкага дзіцячых дамоў цалкам згарэлі... Вайна быццам абмінула Пустынкаўскі дзіцячы дом, не прынёсшы цяжкіх разбурэнняў. І тым не менш, у адрозненне ад бліжэйшага Мсціслаўскага дзіцячага дома, дзеці з якога былі эвакуіраваны, на выхаванцаў Пустынскага дзіцячага дома нібыта забыліся.

Пасля вайны дзіцячы дом неўзабаве быў зачынены, а дзеці — пераселены ў суседнія выхаваўчыя ўстановы. У 1960-м, пасля закрыцця дзіцячага дома, на тэрыторыі манастыра пэўны час працягвала працаваць Пустынкаўская сярэдняя школа. А сцены Успенскага храма ў 60-я гады ХХ ст. яшчэ захоўвалі памяць пра колішні манастыр. Як прыгадвала Валянціна Шчамялёва, былая вучаніца мясцовай школы, “…на той час у царкве яшчэ заставаўся роспіс. Памятаю, на сценах храма была выява Ісуса Хрыста. Гэта была вельмі прыгожая карціна…”

Пазней будынак спальнага корпуса дзіцячага дома — былы Пакроўскі сабор — выкарыстоўвалі для захоўвання збожжа, а ў напаўразбураны Успенскі храм зносілі смецце…

…У 2003-м на адной з неатынкаваных сцен былой Пустынкаўскай школы праявіўся нерукачынны вобраз Ісуса Хрыста, што сталася знакам адраджэння колішняга манастыра. У тым жа годзе ў Пустынках ізноў з’явіліся манахі, распачалася праца па аднаўленні разбураных будынкаў комплексу Свята-Успенскага манастыра…

На здымках: Пустынкаўскі дзіцячы дом 1 мая 1941 г. ; Пустынкаўскі манастыр у пачатку ХХ ст.

Аўтар: Канстанцін АНТАНОВІЧ
рэдактар аддзела газеты "Культура"