Свіла-1: бохан хлеба ў пласце ІX-га

№ 35 (1057) 01.09.2012 - 07.09.2012 г

Мінуўшчына глыбоцкай зямлі непарыўна звязана з гісторыяй рассялення крывічоў, а таксама са спадчынай Полацкага Княства. З 60 помнікаў даўніны Глыбоцкага раёна, унесеных у Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей, палова — аб’екты археалогіі: гарадзішчы, курганныя могільнікі, селішчы, знаходкі ў якіх сталіся шмат у чым знакавымі для айчыннай навукі.

Да прыкладу, артэфакты IX — Х стст., якія належалі полацкім крывічам (гэта пераважна ляпная кераміка) былі выяўлены на гарадзішчы Свіла-1 яшчэ ў 1975-м. Уяўленне пра два камплекты скроневых кольцаў крывічоў дае гараўлянскі скарб, знойдзены таксама ў Глыбоцкім раёне.

/i/content/pi/cult/393/7895/14-2.gif

Усе выяўленыя археалагічныя матэрыялы сведчаць: усходнеславянскае насельніцтва Паўночнай Беларусі захоўвала ў Х — XI стст. пэўныя балцкія традыцыі ў матэрыяльнай культуры і было шчыльна звязана з плямёнамі Усходняй Прыбалтыкі. Гэтая тэндэнцыя прасочваецца на прыкладзе так званых зверагаловых бранзалетаў, якія знойдзены на шэрагу помнікаў полацкай зямлі. Даволі часта разам з такімі бранзалетамі сустракаліся іншыя знаходкі прыбалтыйскіх тыпаў: латгальскія галаўныя ўпрыгожанні, складзеныя са спіралек, асобныя тыпы шыйных грыўняў, спіралепадобныя пярсцёнкі, трапецападобныя падвескі.

Вядома ж, каб набываць каштоўныя ўпрыгожанні, патрабаваліся і грошы. Так, на тэрыторыі Глыбоччыны ў скарбах продкаў прысутнічаюць манеты, якія былі ў абарачэнні ў IX — XI стст. Сярод іншага, гэта сасанідскія драхмы, дырхемы Арабскага халіфата, заходнееўрапейскія дынарыі, у малой колькасці візантыйскія міліарысіі і фолісы, усходнеславянскія златнікі ды сярэбранікі. Скарбы і асобныя манеты дазваляюць меркаваць аб дынаміцы змяненняў у складзе грашовага абарачэння, уласцівага дадзенаму рэгіёну. У прыватнасці, у Х ст. манетны паток нарастаў, а ў XI ст., у сувязі з рознага кшталту драматычнымі падзеямі, пайшоў на спад.

/i/content/pi/cult/393/7895/14-3.gif

Калі ж казаць больш дэтальна, то ў скарбе з ужо згаданых Гараўлян налічвалася 15 манет, якія выкарыстоўваліся ў якасці ўпрыгожанняў-падвесак. Гараўлянскія манетна-рэчавыя скарбы былі знойдзены на паселішчы ў 1965 г. У вывернутым трактарам ляпным гаршчку знаходзіліся фрагментаваныя ювелірныя вырабы са срэбра, 220 пераважна фрагментаваных куфіцкіх дырхемаў, 185 дынарыяў, оўруцкая прасліца. За два метры ад першага скарбу наш славуты археолаг Георгій Штыхаў пры раскопках знайшоў другі скарб, схаваны ў сярэдзіне XI ст., у гаршчку, абкладзеным трыма камянямі. Нягледзячы на простую форму і адсутнасць багатых упрыгожанняў (ён меў просты венчык, лінейны арнамент, выразныя плечыкі), у ім знаходзіліся ўнікальныя сярэбраныя рэчы, у тым ліку 12 бранзалетападобных крывіцкіх скроневых кольцаў (два камплекты), вітая шыйная грыўня з вузкімі канцамі, тыповая для XI ст., бранзалет са завязанымі канцамі, пярсцёнак з шырокай сярэдняй часткай, 15 манет —
перайманняў куфіцкіх дырхемаў з вушкамі для падвешвання, 134 куфіцкія дырхемы, фрагмент чэшскага дынарыя і шкляныя залачоныя пацеркі.

Параўноўваючы гаршчкі, у якіх знаходзіліся гараўлянскія скарбы, даследчыкі прыйшлі да высновы, што ў глыбінных сельскіх абшчынах глыбоцкай зямлі ляпныя пасудзіны выкарыстоўваліся яшчэ ў 1-й палове XI ст., калі ўжо пачала распаўсюджвацца кераміка, зробленая на ганчарным крузе.

І ўсё ж не золата ці срэбра, а менавіта хлеб усяму галава. Думаецца, у многіх неаднаразова з’яўлялася пытанне: калі і дзе выпеклі першы жытні бохан хлеба на нашай зямлі? Як аказалася — на Глыбоччыне. Як вядома, асноўнай хлебнай культурай у 2 тыс. н. э. з’яўлялася азімае жыта. Доўгі час нельга было адказаць, калі яно з’явілася на тэрыторыі Беларусі. Толькі ў 1974 годзе А.Мітрафанавым на гарадзішчы каля вёскі Свіла-1 у пласце IX ст. у гаспадарчай яме ў гаршчку знойдзена зерне жыта. Сярод яго было выяўлена зерне пустазелля, якое таксама характэрна для азімых культур. Пры гэтым засмечанасць жыта пустазеллем — даволі вялікая, а яго склад дае магчымасць аднесці знойдзенае тут жыта да азімай формы, а значная колькасць пустазелля сведчыць: вырошчвалі яго на стараворным полі. Адметна, што знаходка азімага жыта на гарадзішчы Свіла-1 — адно з самых ранніх сведчанняў з’яўлення гэтай культуры на тэрыторыі ўсёй Усходняй Еўропы! А літаральна праз стагоддзе азімае жыта выйшла на першае месца па аб’ёмах вырошчвання сярод іншых культур на нашых землях не здае свае пазіцыі.

Аўтар: Канстанцін АНТАНОВІЧ
рэдактар аддзела газеты "Культура"