Віртуальных больш, чым рэальных

№ 35 (1057) 01.09.2012 - 07.09.2012 г

Нацыянальная бібліятэка ў кантэксце факсіміле і web-доступу

Сёння найбольш простым шляхам па пошуку і выяўленні якой-кольвечы інфармацыі з’яўляецца Інтэрнэт. Разам з тым, усё больш віртуальных чытачоў набывае і Нацыянальная бібліятэка Беларусі. Яно і не дзіва: у сценах “кніжнай скарбніцы” прадстаўлена 260 тысяч дакументаў у электроннай форме. Акрамя таго, Нацыянальная бібліятэка імкнецца не толькі захоўваць нашу пісьмовую спадчыну, але і папулярызаваць яе праз мультымедыйныя праекты ды факсімільныя перавыданні. Падрабязна пра апошнія навуковыя і практычныя дасягненні бібліятэкі распавядае намеснік дырэктара ўстановы Алесь СУША.

/i/content/pi/cult/393/7882/6-1.jpeg

— Хочацца пачаць нашу размову з актуальнага. У юбілейны год Янкі Купалы і Якуба Коласа Нацыянальная бібліятэка прысвяціла адзін з апошніх мультымедыйных праектаў нашым Песнярам...

— Найперш хочацца адзначыць, што Нацыянальная бібліятэка нашай краіны перайшла адмысловы рубеж. Сёння віртуальных наведвальнікаў у нас стала больш, чым рэальных, і іх колькасць працягвае павялічвацца. А таму найлепшым падарункам для аматараў кніжнай культуры, хочацца верыць, стане праект, дзе прадстаўлены ў зручнай форме летапіс жыцця і творчасці Янкі Купалы і Якуба Коласа, успаміны іх сучаснікаў і паплечнікаў, галасы класікаў, ілюстрацыі да іх твораў, афарызмы Песняроў, а таксама віктарына, што ўключае найбольш цікавыя факты з іх біяграфіі ды творчай дзейнасці. Праект разлічаны на ўвесь юбілейны год, а таму новыя матэрыялы ўвесь час будуць з’яўляцца. Трэба адзначыць, што пры стварэнні праекта мы арыентаваліся найперш на ўласныя фонды, паколькі трэба было ўлічыць аспекты аўтарскага права і іншых маёмасных правоў.

— Аднак мультымедыя-праект з нагоды юбілею Песняроў — не адзінкавы прыклад выкарыстання новых тэхналогій у дзейнасці бібліятэкі…

— Сапраўды, зварот да электронных выданняў — сусветная тэндэнцыя. Іншая справа, што выданне кніг на кампакт-дысках становіцца ўсё менш актуальным. Людзі ўжо прызвычаіліся да атрымання інфармацыі ў так званым аддаленым доступе. Адпаведна, цяпер чытач купляе не дыск, а доступ да таго або іншага рэсурсу.

Наша бібліятэка адсочвае ўсе гэтыя тэндэнцыі. У свой час мы сталі адной з першых дзяржаўных устаноў культуры, якая распачала выпуск электронных выданняў. Гэта адбылося ў 2004 годзе. Праўда, першыя з іх арыентаваліся на друкаваны экзэмпляр, дубліравалі яго. Ужо пасля з’явіліся мультымедыйныя праекты, што мелі самастойны характар і пачалі больш паўнавартасна выкарыстоўваць магчымасці электроннага выдання. Так, у 2006-м выйшла новая версія зводнага каталогу “Кніга Беларусі”. Электронная копія дазволіла пашырыць выданне шматлікім ілюстрацыйным матэрыялам, некалькімі паўнатэкставымі копіямі кніжных помнікаў.

Прыкладна з гэтага часу пачалі з’яўляцца і цалкам самастойныя, яркія электронныя выданні, такія, як “Гарады Беларусі на паштоўках ХІХ — пачатку ХХ ст.”. Надзвычай запатрабаванымі сталі праекты, прысвечаныя Напалеону Орду, Францішку Багушэвічу, Вінцэнту Дуніну-Марцінкевічу, Максіму Багдановічу. Сёння, да прыкладу, электронную анталогію “Беларуская і руская літаратура. У дапамогу навучэнцам”, якая зведала некалькі перавыданняў, набываюць усе рэгіёны краіны, упраўленні культуры і адукацыі.

— Вернемся да вашых слоў: сённяшні чытач імкнецца атрымаць інфармацыю, не адыходзячы ад камп’ютара. Гэта датычыцца і кнігі. Да прыкладу, не першы год польскія электронныя бібліятэкі прапануюць бясплатна пазнаёміцца са старадрукамі. А што можа даць чытачам у гэтым кірунку Нацыянальная бібліятэка нашай краіны?

— Сёння Нацыянальная бібліятэка стварае ўласныя інфармацыйныя рэсурсы аддаленага доступу, набывае замежныя, неабходныя для навуковай і адукацыйнай дзейнасці. Наша ўстанова мае інтэрнэт-партал, дзе змешчаны разнастайныя электронныя праекты, у тым ліку “Беларускі каляндар”, які яшчэ некалькі гадоў таму выходзіў на дысках. Апрача таго, у нас створана свая вялікая электронная бібліятэка, дзе прадстаўлена больш за 260 тысяч дакументаў. Сярод іх — калекцыі кніжных помнікаў, старадрукаў, рэдкіх выданняў, аўтарэфератаў і дысертацый, перыядычных і выяўленчых выданняў. Вялікая калекцыя і музычных твораў айчынных і замежных аўтараў. Аднак нормы аўтарскага права і неабходнасць выканання нашых абавязацельстваў перад праваўласнікамі дазваляюць арганізаваць працу з большасцю тых дакументаў толькі на тэрыторыі бібліятэкі.

У рамках Дзяржаўнай праграмы “Культура Беларусі” і ў рамках Нацыянальнай праграмы паскоранага развіцця ў сферы інфармацыйна-камунікацыйных тэхналогій прадугледжаны шэраг мерапрыемстваў, вынікам якіх павінна стаць стварэнне Нацыянальнай электроннай бібліятэкі. Тэрмін на рэалізацыю абедзвюх праграм разлічаны на 2011 — 2015 гады. Праца ўжо ідзе і пэўныя вынікі можна будзе ацаніць у самы бліжэйшы час. Пакуль жа можна скарыстацца службай электроннай дастаўкі дакументаў, “Віртуальнай чытальнай залай”, створанай Нацыянальнай бібліятэкай для публічных ды спецыяльных бібліятэк. Там прадстаўлены найбольш запатрабаваныя айчынныя і замежныя рэсурсы.

— Электронны варыянт ніколі не заменіць друкаваны, хаця б па сваёй адмысловай аўры, спецыфіцы. Факсімільныя выданні — адзін са шляхоў захавання старадаўняй кнігі...

— На маю думку, нельга казаць, што электронны варыянт замяняе ці не замяняе друкаваны. Яны, хутчэй за ўсё, адзін аднаго дапаўняюць. Можна прыгадаць вядомы праект па выданні факсіміле Слуцкага Евангелля. Мы ініцыявалі навуковае даследаванне кнігі сумесна з Нацыянальнай акадэміяй навук Беларусі, у выніку чаго выдалі матэрыялы на дыску, дзе, апрача іншага, была змешчана і паўнатэкставая версія Евангелля. Праз пэўны час было выпушчана друкаванае факсімільнае выданне, якое само па сабе з’яўляецца помнікам і дазваляе зразумець сапраўдную каштоўнасць кнігі. Гэта, хутчэй, іміджавы праект, бо, зразумела, што электроннае выданне значна таннейшае.

Так, сёлета сумесна з выдавецтвам “Мастацкая літаратура” былі падрыхтаваны адразу тры факсімільныя выданні. Гэта кнігі Янкі Купалы “Шляхам Жыцця” і Якуба Коласа “Сымон-музыка”, а таксама факсімільнае ўзнаўленне вядомай працы Вацлава Ластоўскага “Гісторыя беларускай (крыўскай) кнігі”, якое днямі выйшла з друку. Як вядома, сёлета Дзень беларускага пісьменства адзначаецца на радзіме Вацлава Ластоўскага.

— Ці маюцца ва ўстановы прыватныя партнёры, мецэнаты?

— Безумоўна, Нацыянальная бібліятэка супрацоўнічае са шматлікімі партнёрамі. Пры падтрымцы камерцыйных структур мы набываем нямала выданняў і рукапісаў. Таксама робім факсімільныя перавыданні каштоўных кніг пры фінансавым удзеле спонсараў. У свой час за сродкі адной з прыватных фірм быў падрыхтаваны альбом

“Рарытэты Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі”. Тыя ж стараверскія рукапісы з Гомельшчыны трапілі ў фонды бібліятэкі таксама дзякуючы прыватнай падтрымцы. Зараз заключаецца дамова аб набыцці рукапісаў жыцій святых пры падтрымцы кандытарскай кампаніі “Слодыч”. Адзін з банкаў зараз закупляе першыя два выданні знакамітай кнігі Казіміра Семяновіча “Мастацтва артылерыі” 1650 і 1651 гадоў, якіх у дзяржаўных зборах нашай краіне сёння няма.

— Як адбываецца пошук каштоўных старадаўніх кніг? Відаць, на аўкцыёнах?

— Так, калі казаць пра гэтыя экзэмпляры, то, сапраўды, яны былі знойдзены на адным з замежных аўкцыёнаў. Мы наладзілі сувязь з уласнікам выданняў. Зараз афармляюцца дакументы на вываз кніг з Германіі. Акрамя таго, многае набываецца ў Беларусі і Расіі. Прыемна адзначыць, што немалая колькасць старадрукаў трапляе ў бібліятэку бясплатна — у якасці падарункаў.

— А ці ёсць у Нацыянальнай бібліятэцы асобная штатная адзінка для такой адказнай справы?

— У нас маецца аддзел камплектавання, які займаецца набыццём выдавецкай прадукцыі ў фонды бібліятэкі. Акрамя таго, ёсць спецыялісты ў навуковых аддзелах, якія адсочваюць цікавыя лоты на аўкцыёнах. Іншая справа, што нам як дзяржаўнай установе даволі складана самім купляць кнігі за мяжой. Таму часцей за ўсё мы працуем праз пасрэдніцтва нашых букіністычных кнігарняў.

— Наколькі мне вядома, Нацыянальная бібліятэка не толькі сама назапашвае каштоўныя кніжныя зборы, але і дапамагае ў гэтай справе раённым бібліятэкам, у тым ліку — дзеліцца сваімі кнігамі…

— Сапраўды, у нас вельмі развіты дакументаабмен з бібліятэкамі не толькі нашай краіны, але і замежжа. Набываць літаратуру ў Новай Зеландыі ці Вялікабрытаніі нам досыць складана ды вельмі дорага. Разам з тым, нашаму чытачу патрэбна не толькі айчынная літаратура, але і найбольш актуальныя кнігі, найперш — навуковыя публікацыі, выдадзеныя за мяжой. Таму мы актыўна працуем з нашымі партнёрамі, у тым ліку на парытэтных умовах абменьваемся кнігамі. І эканамічна, і арганізацыйна гэта больш зручна. На сённяшні дзень супрацоўнічаем больш чым з 200 бібліятэкамі з паўсотні краін свету.

— Але вернемся да факсімільных выданняў. Калі пабачыла свет першае такое выданне ў сценах Нацыянальнай бібліятэкі?

— Першае факсімільнае выданне, якое мы выпусцілі ва ўласным выдавецтве, з'явілася адносна нядаўна — у 2009 годзе. Гэта было перавыданне кнігі-даведніка, створанай спецыяльна для расійскай імператрыцы Кацярыны ІІ, якая ў 1780-м наведала тэрыторыю Беларусі. Пры стварэнні факсімільнага выдання мы імкнуліся, каб папера адпавядала арыгіналу, гэтаксама, як і фармат. Што да зместу кнігі, то яе асноўную частку складае інфармацыя пра беларускія губерні. У выданні — шмат цікавых звестак пра буйныя і невялікія населеныя пункты, змешчаны мясцовыя легенды...

Цяпер рыхтуецца да друку чарговае выданне — “Буквар мовы славянскай” 1767 года. Фактычна гэта самы ранні беларускі буквар, які сёння захоўваецца ў нашай краіне. Парадокс, але нягледзячы на тое, што буквары ў нас выдаваліся ці не самымі вялікімі тыражамі ў параўнанні з іншай літаратурай, яны амаль не захаваліся. Большасць з іх засталіся ў адным-двух асобніках на ўвесь свет.

Што да “Буквара мовы славянскай”, то прадстаўніцтва адной з сусветна вядомых кампаній — вытворцаў камп’ютарнай тэхнікі падтрымала ідэю факсімільнага перавыдання гэтай старадаўняй кнігі. Дзякуючы сродкам спонсара, кніга выйдзе ў скураным пераплёце, у арыгінальным фармаце, з захаваннем усіх адметнасцей першакрыніцы. Плануецца, што выданне бясплатна паступіць у многія бібліятэкі краіны, балазе тыраж у 1000 экзэмпляраў дазваляе гэта ажыццявіць. Ды, па шчырасці, кніга таго вартая. Яна змяшчае цікавыя павучанні і адлюстроўвае спецыфіку асветы свайго часу. Што да далейшай перспектывы выпуску факсімільных выданняў, то ўжо сёння прапрацоўваецца не адзін такі праект…

Фота Юрыя ІВАНОВА

Аўтар: Канстанцін АНТАНОВІЧ
рэдактар аддзела газеты "Культура"