Начная варта

№ 34 (1056) 25.08.2012 - 31.08.2012 г

Чорныя і белыя сядзібы Сяргея Швайко

Насамрэч, Сяргей Швайко займаецца начнымі здымкамі беларускіх архітэктурных помнікаў не больш за год. Аднак ужо сёння яго фатаграфіі ведае амаль увесь Байнэт. Практычна ўсе буйныя парталы выставілі здымкі “простага праграміста” з Пінска.

І, сапраўды, забыцца на тое цяжка: славутыя сядзібы фатаграфуюцца ўначы — з яскравай унутранай падсветкай, — і абрысы старажытных пабудоў, бы тая дама ў вэлюме, пачынаюць вабіць дадатковым арэолам таямнічасці і схаванай прыгажосці.

/i/content/pi/cult/392/7850/8-1.jpeg

Як прызнаўся Сяргей, на тое ён і разлічвае: “Мне не цікавыя адноўленыя будынкі. Мая слабасць — архітэктурныя помнікі, якія пакуль не дачакаліся рэстаўрацыі, у якіх жыве дух даўніны, і для таго, каб яго адчуць, варта падключыць фантазію”. Менавіта дыялог з апошняй і з’яўляецца для фатографа найвялікшай асалодай у ягонай творчасці.

Як высветлілася, Сяргей Швайко прыйшоў да свайго “начнога” метаду выпадкова. Аднойчы разам з сябрам ён затрымаўся ў дарозе да чарговай сядзібы і прыехаў на месца ў прыцемках. Пачаў фатаграфаваць як ёсць, а сябра тым часам зашоў у камянічку і ўключыў ліхтарык. “Гэта было літаральна азарэнне! — прыгадвае Сяргей. — Я падумаў пра тое, як можна далей удасканаліць гэтую карцінку. І так атрымаў сваё бачанне старажытнай архітэктуры”.

Зараз фатограф ездзіць на аб’екты з некалькімі спецыяльнымі ліхтарамі рознай магутнасці і парай-тройкай штатываў. Адмысловым чынам расстаўляе іх у памяшканні і фатаграфуе на найлепшай для агляду адлегласці. Так, вядомая Белая Царква атрымала свой “начны партрэт”, адлюстроўваючыся ў возеры (Сяргею ўдалося сфатаграфаваць яе такім чынам дзякуючы дапамозе тутэйшых), а вятрак ля вёскі Урведзь, у якім даўно свабодна гуляе вецер, з дапамогай асвятлення і, вядома, стаўлення фатографа да драўлянага помніка, на якое імгненне ператварыўся ў касмічны карабель… Варта адзначыць, што “героямі” здымкаў Сяргея Швайко станавілся сядзібы і маёнткі, добра знаёмыя чытачам “К”: у мінулых нумарах былі апублікаваны матэрыялы пра турпадарожжа карэспандэнтаў газеты, дзе была згадана тая ж неагатычная капліца-пахавальня Рэйтанаў у Грушаўцы. Яе незабыўныя абрысы, а таксама сядзіба Тышкевічаў Вялае ў Рудні, сядзіба Свяцкіх Старая Беліца ля вёскі Полымя ды іншыя помнікі, якім пакуль не пашчасціла на ўвагу інвестараў,— у фаварытах пінскага фатографа.

/i/content/pi/cult/392/7850/8-2.jpeg

— Перш чым выправіцца ў экспедыцыю, я ўважліва знаёмлюся з гісторыяй помніка, гляджу здымкі, зробленыя іншымі фатографамі, — і толькі потым еду на месца, — распавядае пра свой “падыход да справы” Сяргей Швайко. — Часам здараецца так, што дабраўшыся да аб’екта, бачу яго зусім разбураным. І гэта — прыкра, крыўдна…

Фатограф прызнаўся, што асабліва яму даспадобы драўляныя архітэктурныя помнікі: цэрквы, касцёлы, але ж...

— Той жа драўляны касцёл Святога Антонія Падуанскага ў вёсцы Бабруйшчына, вежа якога стаяла яшчэ летась, сёлета паваліўся, — адзначае ён. — Мне так і не ўдалося зрабіць яго начныя здымкі... Да некаторых сядзіб бывае цяжка дабрацца: настолькі ўсё навокал зарасло, — узнімае Сяргей вядомую чытачам “К” тэму. — Няўжо цяжка зрабіць хоць які дах у сядзібе, пазабіваць вокны замест таго, каб проста піць у ёй піва?..

Што да сваіх падарожжаў, то Сяргей лічыць іх сапраўднай творчай радасцю. Вядома, яго начныя здымкі прывабліваюць і мясцовых жыхароў, і турыстаў, што апынаюцца побач, і тая цікавасць звычайна заканчваецца новым поглядам людзей на “вядомыя камяні”.

— Мясцовыя жыхары пачынаюць больш паважаць свае славутасці, да якіх даўно прызвычаіліся, — кажа фатограф. — Ды і мінакі спыняюцца, загледзеўшыся на святло ў закінутым храме… Усё гэта — сапраўдныя прыгоды, на якія не шкада ні часу, ні высілкаў...

Фота Сяргея ШВАЙКО

Аўтар: Дар’я АМЯЛЬКОВІЧ
аглядальнік газеты "Культура"